Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казлоўскі: «Ня бачу нічога кепскага ў расейскай авіябазе»


Экс-міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі
Экс-міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі
Расейская авіябаза будзе разьмешчана ў Лідзе і пачне функцыянаваць ужо ў 2013 годзе. Як можна ацаніць гэты факт з ваеннага і геапалітычнага гледзішча, ці звужае гэта сувэрэнітэт Беларусі? Чаму беларускае кіраўніцтва ў выніку мусіла пагадзіцца на існаваньне ў краіне расейскай ваеннай базы? На гэтыя пытаньні адказвае былы міністар абароны Павал Казлоўскі.

— Як можна расцаніць інфармацыю пра авіябазу з пункту гледжаньня і ваеннага, і палітычнага? Нагадаем, што калі першы раз пра гэта заявіў міністар абароны Сяргей Шайгу, то Аляксандар Лукашэнка фактычна абверг гэта, заявіўшы, што гаворкі пра базу не ідзе. Але сёньня пра гэта заяўлена расейскім генэралам максымальна адназначна. Ці мяняе гэта ступень сувэрэнітэту Беларусі?

— Калі казаць з пазыцыі нашай Канстытуцыі, у якой запісана імкненьне да нэўтралітэту, то, здавалася б, гэтая база не патрэбная. А калі зыходзіць з прагматычнасьці, то я ня бачу ў гэтым нічога кепскага.

Глядзіце, уся Эўропа ўжо страціла сувэрэнітэт, бо краіны ўступілі ў Эўразьвяз. Амэрыканскія самалёты ў Літве, базы СПА ў Румыніі і Польшчы.Таму я вялікіх праблемаў ня бачу — у пляне страты сувэрэнітэту.

— Праблема, магчыма, у тым, што з гэтай авіябазай Беларусь усё больш уцягваецца ў ваенны блёк з Расеяй, робіцца закладніцай яе замежнай і ваеннай палітыкі, авангардам пэўнага ваеннага блёку.

— Ну, так. Гэта тое, пра што я казаў напачатку. Калі глядзець у Канстытуцыю і думаць пра будучыню Беларусі так, як там напісана (імкненьне да бязьядзернасьці і нэўтралітэту), то тады — мы ідзем супраць гэтага. Так, уцягваньне ў блёкі нясе для Беларусі пэўныя праблемы. Бо калі паміж тымі блёкамі ўзьнікне нейкае супрацьстаяньне, то Беларусь апынаецца ў радыюсе першых удараў.
Калі паміж тымі блёкамі ўзьнікне нейкае супрацьстаяньне, то Беларусь апынаецца ў радыюсе першых удараў

Але з прагматычнасьці сёньняшняга дня зноў хачу падкрэсьліць — рэсурс беларускіх самалётаў даўно выкарыстаны, не вытрымлівае ніякай крытыкі, працягваўся ўжо колькі разоў. І таму, калі глядзець з пункту гледжаньня ваеннага адмыслоўца, каб заходнія межы неяк прыкрываліся — то гэта, можа, і някепска.

— То бок вы лічыце, што гэтае рашэньне было прынята найперш з матэрыяльных прычын, бо сёньня Беларусь сама фактычна ня ў стане забясьпечыць сваё войска?

— Можна сказаць так. Але мы ня ведаем і ня можам ведаць, якія могуць быць дамоўленасьці паміж кіраўнікамі дзяржаваў закрытага фармату. Наколькі і што Расея тут будзе аплачваць — мы ня ведаем.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG