Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Сноўдэна — выпрабаваньне для адміністрацыі Абамы. Агляд прэсы


Справа былога пазаштатнага супрацоўніка амэрыканскіх спэцслужбаў Эдварда Сноўдэна працягвае заставацца ў цэнтры ўвагі міжнародных СМІ.

Пакуль няма зьвестак пра тое, што ён пакінуў расейскі аэрапорт Шарамецьева. Спробы амэрыканскай дыпляматыі дамагчыся экстрадыцыі Сноўдэна ў ЗША пакуль не даюць плёну. Між тым былы шпіён працягвае свае выкрываньні — цяпер ён паведамляе пра маштабную праграму сачэньня брытанскіх спэцслужбаў

Прапануем вашай увазе агляд некаторых публікацый заходняга друку.

The Wall Street Journal (ЗША)


«На пасадзе прэзыдэнта я зьбіраюся аднавіць статус Амэрыкі ў сьвеце» — казаў Барак Абама падчас першых дэбатаў падчас прэзыдэнцкіх выбараў у 2008 годзе. Сёньня адміністрацыя Абамы абвяшчае сьвету, што ёй вельмі важна вярнуць у ЗША Эдварда Сноудэна. Ах, калі б толькі сьвету было гэтак жа важнае меркаваньне Злучаных Штатаў!

ЗША папрасілі Ганконг арыштаваць і экстрадаваць Сноудэна. Аднак у нядзелю ўлады Ганконга дапусьцілі вылет Сноудэна ў Маскву. Паводле тлумачэньня ўладаў Ганконгу, дакумэнты на экстрадыцыю, дасланыя ЗША, «ня цалкам адпавядалі» мясцовым законам.

Па вэрсіі некаторых СМІ, Пэкін націснуў на кіраўніцтва Ганконгу, каб Сноўдэну не перашкаджалі з’ехаць. Між тым зусім нядаўна Абама сустрэўся з кітайскім прэзыдэнтам, каб выбудаваць асабістыя дабразычлівыя адносіны.

У панядзелак дзяржсакратар Керы заклікаў Расею выслаць Сноўдэна ў ЗША. Расейскія СМІ паведамляюць, што, паводле расейскіх уладаў, для яго арышту няма юрыдычных падстаў. Крэмль нічога ня кажа публічна. Магчыма, ФСБ (новы КДБ) дапытвае яго ці запампоўвае сакрэтныя дадзеныя АНБ, якія ён з сабой прывёз.

La Repubblica (Італія)


Мяркуючы па апошніх заявах Эдварда Сноўдэна, брытанскія спэцслужбы дзеляцца атрыманай інфармацыяй з амэрыканскім Агенцтвам нацыянальнай бясьпекі (АНБ). Скандал Datagate яшчэ не завяршыўся. Ён яшчэ больш разгараецца. І брытанскія спэцслужбы адыгрываюць у ім ролю першага пляну, паколькі шпіёняць за тэлекамунікацыйнымі лініямі па ўсім сьвеце, а потым дзеляцца інфармацыяй з амерыканскім АНБ. Сноўдэн перадаў учора чарговую порцыю цалкам сакрэтнай інфармацыі газэце The Guardian.

Гаворка ідзе пра дакумэнты, у якіх утрымліваюцца прамыя абвінавачваньні на адрас магутнага Брытанскага агенцтва электроннай бясьпекі GCHQ. Крыніцы ва ўрадзе Злучанага Каралеўства заяўляюць, што гаворка ідзе аб цалкам законнай дзейнасьці, але маштабы праграмы выклікаюць пытаньні: да якой мяжы абарона нацыянальнай бясьпекі і неабходнасьць барацьбы з тэрарызмам апраўдваюць неабмежаванае ўмяшальніцтва ў асабістае жыцьцё сотняў мільёнаў чалавек?

Сноўдэн кажа пра 600 млн. тэлефонных размоў, нібыта 200 оптавалакновых кабеляў ўвесь час знаходзяцца пад кантролем 300 аналітыкаў GCHQ, якім аказваюць дапамогу 250 іх амэрыканскіх калегаў. Па словах Сноўдэна, гэта не толькі праблема Злучаных Штатаў. Вялікабрытанія адыгрывае важную ролю ў гэтай справе. Ангельцы нават горш, чым амэрыканцы. Былы агент удакладняе, што праграма дзейнічае каля паўтара гадоў.

Іншымі словамі, дылема застаецца ранейшай: бясьпека супраць права на асабістае жыцьцё, барацьба з тэрарызмам супраць асабістых свабодаў.


The Wall Street Journal (ЗША)


Сага пра Сноўдэна наглядна дэманструе, што замежны ўплыў адміністрацыі Абамы вычэрпваецца. Прэс-сакратар Пуціна запэўнівае: расейскія ўлады ня ў стане затрымаць Сноўдэна. Цікава, што Пуцін, так выглядае, заўсёды адкрывае ў сабе змагара за грамадзянскія свабоды, калі гэта дае шанец зьняважыць ЗША. Калі расейскі ўрад хоча, каб хтосьці не хадзіў па расейскай зямлі, ён альбо гоніць яго з гэтай зямлі альбо хавае пад зямлю.

Раней улады Ганконгу адмовіліся экстрадаваць Сноўдэна. Гэта таксама камічна, паколькі Сноўдэн знаходзіўся на кітайскай дзяржаўнай «явачнай кватэры», пакуль Пэкін не распарадзіўся праігнараваць запыт ЗША і дазволіць Сноўдэну зьехаць.

Галоўны ўрок справы Сноўдэна — у тым, што наступіла эпоха амэрыканскага бясьсільля. Адміністрацыя Абамы вырашыла больш ня ўвязвацца ў прыкрыя сытуацыі за мяжой, а цяпер зьдзіўляецца, што яе замежны ўплыў вычэрпваецца.

У Аўганістане адміністрацыя ЗША дазволіла тэрарыстычнай арганізацыі «Хакані» ўдзельнічаць у мірных перамовах і дала «Талібану» ўсё, што ён хацеў, нічога не атрымаўшы наўзамен. Неверагодна: ні прымірэньня, ні працэсу прымірэньня, ні саюзьніка, ні рычагоў ўплыву і ніякага маральнага аблічча. І ўсё гэта адным росчыркам пяра. Джон Кэры пачаў грандыёзна.
Прэм’ер-міністар Іраку не перашкаджае Ірану забясьпечваць Асада праз ірацкую паветраную прастору. У Сырыі з-за бязьдзейнасьці Абамы створаны вакум улады, дзе Іран, «Хізбалла» і Расея, магчыма, неўзабаве дасягнуць сваіх стратэгічных мэтаў.

Foreign Policy (ЗША)


У ходзе перадвыбарчай кампаніі восеньню 2012 года Міт Ромні стаў аб’ектам незаслужанай крытыкі за тое, што назваў Расею «галоўным геапалітычным праціўнікам» ЗША. Кандыдат-рэспубліканец зьвярнуў увагу на тое, што расейскае кіраўніцтва ясна дае зразумець: яго інтарэсы часта не супадаюць з інтарэсамі Злучаных Штатаў.

У вочы кідаецца сёньняшняя шуміха з нагоды гатоўнасьці Масквы прыняць Эдварда Сноўдэна, аднак ў Сірыі супрацьстаяньне адраджаецца больш прыкметна і важна. Расія зрывае любыя спробы атрымаць блаславеньне ААН на ваенную апэрацыю і ў той жа час забясьпечвае рэжым Асада шырокім асартымэнтам узбраеньняў.

Разуменьне стратэгічнага мысьленьня расейцаў у дачыненьні да Сырыі дапаможа ацаніць іх сапраўдную геапалітычную моц на сусьветнай арэне.

Перш за ўсё, Крэмль ня хоча даваць нават маўклівай згоды (як у выпадку зь Лібіяй) на правядзеньне ваеннай апэрацыі. У той жа час расейцы хочуць захаваць сваю «зачэпку» ў Міжземным моры — сырыйскі порт Тартус.

Спакуса спытаць, як зрабіў бы Міт Ромні, — і я заклікаю яго выказацца на гэты конт — з улікам таго, што выказаныя ім падчас кампаніі перасьцярогі аб расейскім супрацьстаяньні інтарэсам ЗША шмат у чым спраўдзіліся.


Die Welt (Нямеччына)


Барак Абама не выказваецца з нагоды сытуацыі з былым супрацоўнікам ЦРУ Эдвардам Сноўдэном, таму што кожная пустая пагроза толькі канчаткова пацьвердзіць бясьсільле ЗША. Гульня ў хованкі былога праграміста ЦРУ і АНБ, ды яшчэ і па ўсім сьвеце, стала сапраўды зьневажальнай для ЗША. Вашынгтон абураецца і пагражае дыпляматычнымі наступствамі для Ганконга, Пэкіна, Масквы, ня кажучы ўжо пра Кубу з Эквадорам, аднак нікога пагрозы ЗША, здаецца, не турбуюць сур’ёзна.

Да расейскай пазыцыі, якая палягае ў тым, што Сноўдэн, які знаходзіцца на тэрыторыі аднаго з маскоўскіх аэрапортаў, «ніякіх супрацьзаконных дзеяньняў на тэрыторыі РФ не рабіў», наўрад ці можна прычапіцца з юрыдычнага пункту гледжаньня. Транзытная зона ў аэрапорце дэ-юрэ не зьяўляецца расейскай тэрыторыяй.

Наўрад ці самі амэрыканцы выкарыстоўвалі іншую аргумэнтацыю, калі б у амэрыканскім аэрапорце знаходзіўся які-небудзь былы супрацоўнік расейскіх спэцслужбаў, які выкрыў бы нейкую гіганцкую праграму сачэньня расейскіх спэцслужбаў. Кангрэс адразу б пачаў ціснуць на Белы дом, каб той не ўставаў на калені перад Масквой, і адразу б зьявіліся сэнатары або кангрэсмэны, якія ўбачылі б у гэтым расейскім агенце героя і змагара за свабоду.

Пакуль жа Эдвард Сноўдэн водзіць за нос ЗША і выклікае аплядысмэнты такіх геастратэгічных канкурэнтаў ЗША, як Масква і Пэкін, гэтыя ж самыя палітыкі папракаюць Абаму ў слабасьці. А гэта, як прызнаў амэрыканскі палітык Джон Кінг, відавочная дыпляматычная параза для Абамы і ЗША.

Пра падрыхтоўцы агляду скарыстаныя пераклады парталу Inosmi
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG