Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сноўдэн знайшоў сяброў у WikiLeaks


Былы пазаштатны супрацоўнік ЦРУ і Агенцтва нацыянальнай бясьпекі Эдвард Сноўдэн сёньня днём зьбіраецца вылецець з маскоўскага аэрапорту Шарамецьева. Паведамляецца, што хутчэй за ўсё ён накіруецца на Кубу, потым — у Вэнэсуэлу, а канчатковым пунктам яго падарожжа стане Эквадор, дзе ён папрасіў палітычнага прытулку.

Сноўдэн, зьбегшы ў Ганконг, паведаміў друку пра таемныя праграмы сачэньня амэрыканскіх уладаў, у прыватнасьці, паводле дадзеных аб тэлефонных размовах празь сеткі прынамсі адной з найбуйнейшых тэлефонных кампаній у ЗША, а таксама за дзеяньнямі ў інтэрнэце, якія ажыцьцяўляюць празь сеткі дзевяці буйных інтэрнэт-кампаніяў ЗША замежныя грамадзяне за межамі краіны.

Амэрыканская юстыцыя дамагаецца выдачы ЗША Сноўдэна, ён абвінавачваецца выкраданьні маёмасьці дзяржавы, наўмысным разгалошваньні сакрэтнай інфармацыі і незаконнай перадачы абароннай інфармацыі. Па кожным з гэтых абвінавачваньняў яму пагражае да 10 гадоў зьняволеньня ў выпадку прызнаньня вінаватым. І Куба, і Вэнэсуэла, і Эквадор маюць са Злучанымі Штатамі дамовы аб прававой дапамозе, але стасункі гэтых краінаў з Вашынгтонам вельмі кепскія, заканадаўства Эквадору прадугледжвае магчымасьць адмовы ў выдачы падазраванага ў злачынстве, калі ён атрымаў у Эквадоры палітычны прытулак.
У амбасадзе Эквадору ў Лёндане хаваецца заснавальнік парталу WikiLeaks Джуліан Асандж.

Дарэчы, Сноўдэн пачаў шчыльна супрацоўнічаць з WikiLeaks, супрацоўнікі парталу кансультуюць яго.

Журналісты, якім Сноўдэн перадаваў інфармацыю, кажуць, што публікавалі ня ўсе, што ён ім распавёў, зыходзячы з меркаваньняў бясьпекі. WikiLeaks можа і не браць пад увагу падобныя меркаваньні. Таму не выключана, што Сноўдэн будзе працягваць свае выкрываньні. У старшыні камітэту па бясьпецы і выведцы Сэнату ЗША ёсьць зьвесткі, што Сноўдэн мае 200 сакрэтных дакумэнтаў, яшчэ адзін кангрэсмэн заявіў, што Сноўдэн атрымаў прытулак у Эквадоры ў абмен на перадачу канфідэнцыйнай інфармацыі.

Пашпарт экс-агента ануляваны, а Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў, што ўжо зьвязаўся з урадамі краін Лацінскай Амэрыкі, куды можа накіравацца Сноўдэн.
«ЗША паведамляюць урадам гэтых краін, што Сноўдэн адшукваецца па абвінавачваньні ў цяжкіх злачынствах, а значыць, яму павінна быць адмоўлена ў міжнародных падарожжах, акрамя тых, што неабходныя для вяртаньня ў Злучаныя Штаты», — гаворыцца ў распаўсюджанай заяве Дзяржаўнага дэпартамэнту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG