Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На ваду гледзячы


Назіраеш часам некаторых беларускіх акадэмікаў, якія, дарма што два слова зьвязаць ня могуць, ні па-беларуску, ні па-расейску, але ступені маюць і ў тэлевізар лезуць — і міжволі зь нейкім спачуваньнем прыгадваеш словы судзьдзі рэвалюцыйнага трыбуналу Францыі Кафіналя-Дзюбая, які жыў дзьвесьце гадоў таму:

«Вучоныя Рэспубліцы не патрэбныя».

А хто патрэбны? Рабочыя, калгасьнікі, салдаты. Прыкарытныя паэты. Судзьдзі. Журналісты. Спартоўцы. Паліцыянты. Ну, можа, яшчэ надзвычайныя і паўнамоцныя паслы. Уласна кажучы, усё. Калі не знаходзіш сябе ў гэтым сьпісе — хутчэй за ўсё, ты нахлебнік або сабатажнік. Той юрыст Кафіналь вынес амаль дзьве тысячы сьмяротных прысудаў, а асабліва запомніўся тым, што адправіў на гільятыну хіміка Антуана Лярана Лявуазье.

З пункту погляду судзьдзі гэты Лявуазье, напэўна, быў кімсьці кшталту пражэкцёра з Сўіфтавай краіны Бальнібарбі — бо кім яшчэ можна назваць чалавека, які начамі ня сьпіць, а толькі і думае, што такое вада. Кожнаму нармальнаму французу зразумела, што вада — гэта... Ну, па-першае, яна мокрая. Па-другое, яна можа быць празрыстая, калі ў яе ня плюнуць усім народам. Па-трэцяе, яна цячэ. А яшчэ ў яе можна выліваць гаўно і выкідваць трупы. Ці мыць ёй эшафоты. Каб жыць у гэтым сьвеце, пра ваду неабавязкова ведаць нешта яшчэ. А гэтыя айсбэргі, вайсбэргі, рабіновічы і лявуазье яе толькі муцяць. Ну якая, прабачце, карысьць рэвалюцыйнай Францыі і судзьдзю Кафіналю ад таго, што вада — гэта, бач ты,

«ня простае рэчыва, а такое, якое поўнай сваёй вагой складаецца з двух відаў паветра: паветра гаручага і паветра жывучага».

Так 25 чэрвеня 1783 году на паседжаньні францускай Акадэміі навук Лявуазье абвясьціў пра сваё адкрыцьцё, што вада складаецца з вадароду і кіслароду.

На гільятыну празь дзесяць гадоў ён пайшоў, вядома, не за гэта, а за антыдзяржаўную змову — аднак ваду яму прыгадалі. Думаць пра ваду, калі дзяржава заціснутая ў шчыльнае кальцо ворагаў — само па сабе падазрона. Вось пра вадародную бомбу — калі ласка. З пункту погляду дзяржавы кожны навуковец мусіць адчуваць сваю віну за тое, што не прыдумаў дзяржаве харошай супэрзброі. Як пісьменьнік — за тое, што не напісаў «Вайну і мір». Бо нашто ж мы вас кормім, дармаеды?..

Сапраўдная навука — рэч для дзяржавы шкодная. Яна думае там, дзе трэба пляскаць, яна спакойная тады, калі трэба рваць на грудзях кашулі і падкідваць угару шапкі, яна ведае нешта, што дзяржаве ніколі не спасьцігнуць. Яна застаецца там, дзе канчаюцца эмоцыі і надыходзіць працьверазеньне. І выбар у яе невялікі: або тэлевізар, або гільятына. І, мяркуючы па «бэ» і «мя», якія чуюцца з тэлевізара, акадэмікі Бальнібарбі свой выбар зрабілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG