Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія апазыцыянэры сустрэліся з Палецкісам


Аўтар праекту рэзалюцыі па сытуацыі ў Беларусі Юстас Палецкіс
Аўтар праекту рэзалюцыі па сытуацыі ў Беларусі Юстас Палецкіс

Апазыцыйныя палітыкі зь Менску абмеркавалі з сацыял-дэмакратамі з Эўрапарлямэнту ўзаемаадносіны Беларусі і Эўразьвязу.

20 чэрвеня ў Вільні група прадстаўнікоў беларускай апазыцыі сустрэлася з дэпутатамі фракцыі сацыял-дэмакратаў Эўрапарлямэнту на чале зь яе кіраўніком Ханэсам Свобадай.

Як расказаў БелаПАН намесьнік старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, размова, у прыватнасьці, ішла пра тое, якім чынам ЭЗ весьці дыялёг зь Беларусьсю, якія існуюць рычагі ўплыву на беларускія ўлады, як эфэктыўна ў гэтым кантэксьце выкарыстоўваць віленскі саміт Усходняга партнэрства, заплянаваны на лістапад.

Паводле спадара Губарэвіча, прадстаўнікі беларускай апазыцыі апавялі эўрадэпутатам пра сытуацыю ў Беларусі, сваё бачаньне пераменаў, пра ўнутрыбеларускія ініцыятывы дэмакратычных сілаў, накіраваныя на збліжэньне краіны з Захадам.

Бакі сышліся ў меркаваньні, што Эўразьвязу неабходна ісьці на паляпшэньне адносін зь Беларусьсю, але пры ўмове безумоўнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

У сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, БСДП, Руху «За свабоду» і партыі «Справядлівы сьвет».

У складзе дэлегацыі Эўрапарлямэнту быў аўтар праекту рэзалюцыі па сытуацыі ў Беларусі Юстас Палецкіс.

Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, ініцыятыва гэтай сустрэчы зыходзіла ад Палецкіса, і ў парадак дня ўваходзіла абмеркаваньне ягонага дакладу.

Перад сустрэчай Юстас Палецкіс выказаў спадзяваньне карэспандэнту Свабоды, што гэтая размова дазволіць лепш зразумець становішча ў Беларусі.

«Канечне, мы будзем у першую чаргу гаварыць пра мой даклад, пра рэкамэндацыі. Учора было добрае абмеркаваньне ў падкамісіі па правах чалавека Эўрапарлямэнту. Таксама пра гэта гаварылася, і гэта карысна. Ведаеце, ужо ёсьць 292 дапаўненьні і прапановы па зьмене тэксту рэзалюцыі. Таму замест чатырох старонак будзе 10-15. Гэта вельмі моцна зьменіцца. Але ўсе гэтыя дыскусіі дапамогуць знайсьці кампраміс пры гэтых зьменах, бо кожная зьмена будзе галасавацца ў камітэце па замежных справах. Яна будзе падтрыманая ці не. А частка зьменаў будзе скампанаваная ў кампрамісныя. Калі некалькі прапаноў ідуць у адзін бок, то зь іх робіцца кампрамісная і абагульняльная. Таму ня ўсе 292 зьмены будуць прадстаўлены на галасаваньне, а, магчыма, застанецца 150-180. Іншыя будуць аб’яднаныя. Але кожнае дапаўненьне і зьмяненьне будзе ацэнена».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG