Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна Нікога


«Аднойчы, 22 чэрвеня 1867 году... трое людзей, якія нічога ня ведалі пра мінулае капітана Нэма, здолелі ўцячы ад яго, завалодаўшы адной са шлюпак „Наўтылюса“. „Наўтылюс“ у гэты час цячэньнем несла да берагоў Нарвэгіі. Капітан Нэма вырашыў, што ўцекачы трапілі ў страшны вір і загінулі ў марской бездані...»

Так сам аўтар у рамане «Таямнічая выспа» паставіў кропку ў спрэчках, калі ж урэшце адбыліся знакамітыя ўцёкі з загадкавай субмарыны, апісаныя ў «Дваццаці тысячах льё пад вадой». Трое ўцекачоў — гэта, вядома ж, парыскі прафэсар з фармацэўтычным прозьвішчам Аранакс, які, паводле ягонага ж прызнаньня, любіць «у пошуках ісьціны кідацца з адной крайнасьці ў другую», але ні на што не прамяняе чалавечае грамадзтва, а таксама ягоны флегматычны і верны слуга Кансэль — і канадзец Нэд Лэнд, прафэсійны зьнішчальнік акіянскай фаўны, па якім плакаў бы Грынпіс, калі б ён існаваў у часы Жуля Вэрна.

Карацей, Розум, Вернасьць і Адвага — рамантычная кампанія, якая ўцячэ адкуль заўгодна. Але вось жа бяда: каб заваёўваць сэрцы, гэтай тройцы заўжды будзе не хапаць трохі мізантропіі. Таму — бягуць, як пацукі з карабля... А сымпатыя чытачоў, як ні дзіўна, усё адно застаецца на баку капітана Нэма — які зьнішчае фрэгаты і людзей з апантанасьцю і майстэрствам нямецкага падводніка часоў другой сусьветнай. Аўтар называе яго «анёлам помсты»: страціўшы сям’ю, Нэма абвясьціў чалавецтву вайну і вядзе яе з глыбіні — там лягчэй быць жорсткім. Мора-акіян — як акуляры, празь якія наземны сьвет падаецца не такім ужо і вартым павагі і шкадаваньня.

«Дваццаць тысяч льё пад вадой» — страшная кніга, дзе ўсе прагнуць забіваць: кітоў, людзей або нават пакуль што яшчэ неідэнтыфікаваных марскіх пачвараў. Магчыма, таму яна мела такую прыцягальнасьць для сярэдняга школьнага ўзросту — падлеткавыя гульні са сьмерцю знаходзілі ў гэтай цёмнай і сумнай гісторыі нейкі дзіўны водгук...

...Цікава, што капітан Нэма мог бы аказацца і беларусам — дарма што сам ён адпрэчваў усе нацыянальнасці. Першапачаткова Вэрн, натхнёны паўстаньнем 1863 году, думаў зрабіць героя кімсьці, хто нядаўна «рубаў маскалюшкі» паводле Касьцюшкавых запаветаў. Але аўтар чамусь перадумаў, і Нэма зрабіўся індыйскім прынцам. Што ж, адным забойцам меней у не такой ужо й багатай на іх беларускай літаратурнай гісторыі. Але і адным мізантропам — што, можа, ня так і добра, як падаецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG