Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сабе і іншым


Жыве Беларусь. Толькі вось дзе? Адрасы, паролі, яўкі? Месцы, дзе яна жыве, можна назваць розныя, і ўсё, напэўна, будзе праўдай, за выключэньнем хіба дзяржаўных установаў. Але з адным месцам дакладна не памылішся. Беларусь жыве ў вольным сеціве і пачуваецца там усё больш упэўнена. Часам здаецца, што, ня маючы свайго віртуальнага аблічча, краіна даўно страціла б і так званае рэальнае. А ў вачах сьвету ня мела б і зусім ніякага. У нейкім сэнсе інтэрнэт уратаваў Беларусь у яе самыя цёмныя часы. І ў гэтым немалая, а можа, і асноўная заслуга Ўладзімера Каткоўскага, аднаго са стваральнікаў беларускай інтэрнэт-прасторы, самага папулярнага беларускага блогера пачатку новага стагодзьдзя, вэб-майстра, пра якога кажуць, што роўных яму не было, карыстальніка rydel23, жыцьцё якога трагічна абарвалася, калі яму ішоў трыццаць першы год. Чалавека, якога сёньня, у дзень ягонага нараджэньня, нельга ня ўспомніць добрым і удзячным словам.

«...Зьяўленьне інтэрнэту дало нам, беларусам, магчымасьць лепш рэпрэзэнтаваць сваю краіну. Мы вельмі доўга жылі „чужым жыцьцём“, у чужым інфармацыйным абшары, і ўся інфармацыя пра нас у замежжы зьяўлялася праз расейскія крыніцы, якія цяжка назваць аб’ектыўнымі. Пашырэньне інтэрнэту дазволіла нам хутка зьліквідаваць гэтую „белую пляму“ (ці хутчэй перафарбаваць яе ў той колер, які нам больш адпавядае). Цяпер мы можам самі расказаць пра сябе...»

Чытаеш сёньня гэтае ягонае інтэрвію пачатку стагодзьдзя, выкладзенае пазьней на створаным Уладзімерам Каткоўскім сайце pravapis.org — і бачыш, наколькі чалавек разумеў час, наколькі тонка адчуў, адным зь першых, што ў сьвеце Нешта Зьмянілася. Такіх звычайна — хто з зайздрасьцю, хто з захапленьнем — называюць геніямі і першапраходцамі. Сеціва дало Беларусі шанец заявіць пра сябе, нагадаць, што і мы маем месца пад сонцам — магчыма, гэта быў апошні шанец. Бачыш і тое, што беларускі інтэрнэт можна без агаворак аднесьці да нашых перамогаў — якіх, на жаль, было за апошнія дваццаць гадоў значна менш, чым паразаў. Чытаючы ўспаміны пра Ўладзімера Каткоўскага ягоных калег і сяброў, бачыш, наколькі моцны ў ім быў гэты сьветлы, стваральны пачатак. Тое, чаго не хапае нам, сучасным. З нашымі трыма соснамі, у якіх хаваецца вечна няўлоўны вораг.

«Мы, беларусы, часта самі сабе нецікавыя, — казаў ён, адказваючы на пытаньне, як зрабіць беларускі інтэрнэт цікавым для замежнікаў. — Калі мы будзем ім цікавыя, яны створаць сайты пра нас...» І прыводзіў прыклад ужо створаных старонак і парталаў, прысьвечаных Беларусі. Сьпіс, які сёньня зрабіўся нашмат даўжэйшы. Бо — атрымалася.

Я ніколі ня быў знаёмы з Уладзімерам Каткоўскім — але гэта не зусім праўда. Я чытаў яго допісы і камэнтары паўсюль, дзе толькі можна — і дакладна ведаю, што ён чытаў мае першыя бездапаможныя кніжкі. Ды і ўсе мы карыстаемся зь ягоных набыткаў — і сайт, на якім пішацца цяпер гэты каляндар, доўгі час рабіў менавіта ён. Наогул, ягоная асоба — прыклад таго беларускага нацыяналізму, які ніхто не наважыцца назваць ні пячорным, ні ўчорашнім, архаічным, ні «апошнім прытулкам нягоднікаў», як любілі гэта рабіць пры жыцьці Каткоўскага розныя расейскамоўныя белорусскіе інтэлектуалы. Ягоная Беларусь была беларуская, сучасная, эўрапейская — іншая Беларусь, цікавая сабе, цікавая іншым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG