Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казка пра рыбакоў і мойраў


Сык транзыт... Але бывае, што сык зусім і не транзыт, бывае, што глёрыя мундзі мінае, як сьлед і не пачаўшыся: бо проста нехта забыўся начапіць транзытныя нумары.

Гэтая гісторыя пачалася 6 чэрвеня 1896 году. У гэты цудоўны дзень упершыню ў гісторыі двое адважных амэрыканцаў, якія, тым ня менш, былі нарвэскага паходжаньня (нешта такое ёсьць у гэтых хэерведаенаколькідальнабачных нарвэжцаў) выправіліся зь Нью-Ёрку на звычайнай лодцы, каб перасячы на ёй Атлянтычны акіян. Фрэнку Самуэльсэну было дваццаць сем, а Георгу (Джорджу) Гарба — трыццаць гадоў, і яны плянавалі дабрацца на сваім лядашчым чоўне да Эўропы і заваяваць гэтым подзьвігам сусьветную славу.

Праўда, злыя языкі казалі, што натхнілі сьмельчакоў на іхны вычын зусім не адвага і нават не жаданьне праславіцца, а банальная ўзнагарода — дзесяць тысяч даляраў — абвешчаная адной газэтай таму, хто здолее даплыць такім чынам да Старога Сьвету. Да таго ж Самуэльсэн і Гарба мелі свой рыбацкі бізнэс і не без падставаў спадзяваліся, што падарожжа назаўжды зробіць рыбу ад Самуэльсэна і Гарба самай смачнай у ЗША. Але гэта ўсё, вядома, домыслы і інтрыгі. Яны былі сьмелыя людзі — і нішто не магло іх спыніць.

У Эўропе іх нецярпліва чакалі, а зь Нью-Ёрку герояў праводзілі з аркестрам. «Вас чакае слава ў вяках! — мэр гораду змахнуў сьлязу. — Або... Або гібель... Але гэта будзе геройская гібель!» І ён зарумзаў уголас. Дамы кідалі ўгару каптурыкі, кветачкі і капялюшыкі, журналісты фатаграфавалі дамаў — карацей, усё як мае быць. Самуэльсэн і Гарба правялі ў адкрытым акіяне пяцьдзясят пяць дзён. Васямнаццаць гадзін на дзень яны грэблі і змагаліся з кітамі, акуламі, рыбамі-мячамі, скатамі, мінаносцамі і іншымі братамі нашымі меншымі, гадзіну елі, пяць — спалі, а некалькі разоў, перакуленыя штормам, ледзь не аддалі Богу душы. У пачатку жніўня, дашчэнту зьнясіленыя, яны ўсё ж дабраліся да Гаўра і адразу ж рушылі ў мясцовую мэрыю. Там да іх паставіліся з падазрэньнем і выклікалі паліцыю. Амэрыканцы ледзь адбіліся і неяк здолелі перадаць тэлеграму ў Нью-Ёрк: «дабраліся без прыгодаў прымаем віншаваньні самуэльсэн гарба».

«Такіх ня ведаем», — прыкладна гэткі адказ атрымалі яны зь Нью-Ёрку празь некалькі дзён.

«Ну як жа: Самуэльсэн! Гарба! Слава ў вяках! Каптурыкі! Кветачкі! Капялюшыкі!»

«Якія яшчэ капялюшыкі?»

Празь некалькі дзён высьветлілася, што ў амэрыканскай сталіцы пра храбрых падарожнікаў забыліся ўжо на трэці дзень пасьля іхнага старту, а ў Эўропе на пяты. Іх ніхто не чакаў ні там, ні тут. Інфармацыйных нагодаў па абодва бакі акіяну хапала і бязь нейкіх там рыбакоў: Форд нядаўна выпрабаваў свой першы аўтамабіль, Маршан прабіраўся скрозь афрыканскія джунглі, брытанцы разьбілі суданскае войска, выбух у Пэнсыльваніі забіў больш за паўсотні чалавек, распачаўся кангрэс трэйд-юніяністаў, французы канчаткова прыбралі да рук Мадагаскар, а тут неўзбаве яшчэ і залатая ліхаманка на Клондайку... Якія каптурыкі, якія кветачкі? І якія $10000? Імёны Самуэльсэна і Гарба ўжо даўно нікому нічога не гаварылі, а іхнаму аповеду пра падарожжа праз акіян ніхто ня верыў. Адзін з герояў скончыў сваё жыцьцё ў вар’ятні — да самага скону ён кожны дзень прачынаўся на досьвітку, махаў нябачнымі вёсламі і крычаў нешта па-нарвэску, а што менавіта, усім было напляваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG