Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтавалі кнігу «Хто ўзарваў менскае мэтро?»

У Менску адбылася прэзэнтацыя кнігі карэспандэнта Радыё Свабода Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?»

17:53 3.6.2013
Жывую відэатрансьляцыю пачынаем неўзабаве.
17:55 3.6.2013

Быццам

Уступнае слова Аляксандра Лукашука


У тэракце ў менскім мэтро загінулі пятнаццаць чалавек.

Незваротная страта, непапраўнае гора, нязбыўны боль. Двух абвінавачаных расстралялі. Лягчэй нікому ня стала — грамадзтва раскалолася, як рака ў крыгаход.

Аляксандар Лукашук
Аляксандар Лукашук
Гэта быў самы адкрыты і самы падрабязны суд такога маштабу за ўсю гісторыю Беларусі, зь беспрэцэдэнтным удзелам пацярпелых, замежных і айчынных экспэртаў, апэратыўнымі рэпартажамі і такой колькасьцю камэнтароў у інтэрнэце, якая засьведчыла, што свабода грамадзкай думкі існуе, нягледзячы на ўсе забароны.

​Суду не паверылі, і гэта расплата за гады няспынных арыштаў грамадзянаў быццам за лаянку, быццам за супраціў, быццам за малую патрэбу, быццам за мітынг, быццам за падаткі, быццам за што заўгодна.

Калі няма даверу, нічога нельга выключыць. Калі нічога нельга выключыць, усё можна паставіць пад сумнеў. Калі ўсё можна паставіць пад сумнеў, няма мяжы паміж чорным і белым. Калі няма мяжы паміж чорным і белым, дабра не адрозьніць ад зла. Калі дабра не адрозьніць ад зла, зьнікае розьніца паміж законам і загадам. Калі зьнікае розьніца паміж законам і загадам, справядлівасьці не шукаюць у судзе. Калі справядлівасьці не шукаюць у судзе, узрываюць мэтро.

Не абавязкова ўзрываюць, не абавязкова мэтро — але вінаватых шукаюць заўсёды пад знакам «быццам».

Гэтая кніга — пра розьніцу паміж «быццам» і «насамрэч».

Бо розьніца ёсьць.
17:58 3.6.2013

Пра аўтара


​Алег Грузьдзіловіч нарадзіўся ў 1958 годзе ў Маладэчне, вучыўся ў Берасьці, скончыў Белдзяржунівэрсытэт, жыве ў Менску.

У журналістыцы з 1980 году. З 1995-га — на Радыё Свабода.



У 1988 годзе, працуючы адказным сакратаром газэты «Знамя юности», ініцыяваў сход рэдакцыйнай калегіі, якая вырашыла не выконваць загаду ЦК КПБ аб перадрукоўцы з расейскай прэсы антыперабудовачнага артыкула «Не могу поступаться принципами».

У 1995 годзе звольніўся зь дзяржаўнай «Народнай газеты», пасьля таго як быў зьняты ягоны рэпартаж аб зьбіцьці ў парлямэнце дэпутатаў — сяброў апазыцыі БНФ, якія пратэставалі супраць рэфэрэндуму пра мову і дзяржаўную сымболіку.

На Радыё Свабода адказвае за асьвятленьне тэмы палітвязьняў, зьніклых дзеячаў апазыцыі. Вёў рэпартажы з судовых працэсаў над удзельнікамі акцыяў пратэсту, палітычнымі дзеячамі, вядомымі гаспадарнікамі, чыноўнікамі і інш.

Ня раз затрымліваўся супрацоўнікамі спэцслужбаў і міліцыі пры выкананьні журналісцкіх абавязкаў.

Пераможца конкурсу «Праваабарончага альянсу Беларусі» за 2009 год у намінацыі «Журналіст году».

Жанаты, мае трох сыноў і двух ўнучак.
18:04 3.6.2013
У залі каля трох дзясяткаў чалавек, сярод іх шмат журналістаў, праваабаронцы Алег Воўчак, Валер Шчукін, Андрэй Бандарэнка. Перад пачаткам прэзэнтацыі да аўтара ўжо стаяла чарга па аўтографы на новым выданьні сэрыі «Бібліятэка свабоды»
18:06 3.6.2013
У залі зьявіўся Ўладзімер Някляеў.

Вядуць прэзэнтацыю Валер Каліноўскі і Алег Грузьдзіловіч
18:08 3.6.2013
Прэзэнтацыя пачынаецца з невялікага інтэрв’ю з Алегам Грузьдзіловічам.

«У загалоўку назвы кнігі стаіць пытальнік: „Хто ўзарваў менскае мэтро?“ Ці дае кніга адназначны адказ, ці сее больш сумневаў?» — пытаецца Валер Каліноўскі.

«Так, я даю гэты адказ, — адказвае Грузьдзіловіч. — Мой адказ: Канавалаў — вінаваты, Кавалёў — не вінаваты ў тэракце, але ён мог ведаць, але не данёс».

«Але таямніц засталося вельмі шмат», — дадае Алег Грузьдзіловіч.

Прэзэнтацыя пачынаецца з невялікага інтэрв’ю з Алегам Грузьдзіловічам.

Пракуратура вынесла папярэджаньне табе за гэтую кнігу, нібыта за тое, што ставіш у ёй пад сумнеў справядлівасьць судовай сыстэмы Беларусі? Ты сапраўды замахнуўся на ўсю судовую сыстэму Беларусі?», — такое другое пытаньне Валера Каліноўскага.

«Ня ведаюць гэтыя людзі (работнікі пракуратуры) кнігі маёй, не чыталі яны яе. Проста выканалі загад. У кнізе маёй ёсьць фактаў, дзе я згодны з вынікамі сьледзтва», — адказвае Алег.

Алег Грузьдзіловіч: «Пэўныя высновы ўсё ж зрабілі. Мы бачым ахоўнікаў у мэтро, пільны кантроль. Але мой экспэрымэнт паказаў, што гэты кантрль не такі і пільны. Але галоўныя выснова — яны разумеюць, што ўжо нельга трымаць свае дзеяньні далёка ад грамадзтва. Я ж ня першы атрымаў папярэджаньне за рэпартаж. Год таму тое было з журналістам Эўрарадыё. Значыць, мэтро цяпер ужо забароненая зона».
18:14 3.6.2013
Валер Каліноўскі распавядае пра Алега Грузьдзіловіча: «Выйшла з друку кніга з сэрыі Бібліятэка Свабоды ХХІ стагодзьдзе пад назвай „Хто ўзарваў менскае мэтро?“, яе аўтар — карэспандэнт радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч.

Алег ужо 18 гадоў працуе карэспандэнтам Радыё Свабода, яго добра ведаюць усе былыя і цяперашнія беларускія сілавікі, міліцыянты, КДБ, судзьдзі, ён шмат папсаваў ім крыві, за што яго неаднаразова затрымлівалі. У тым ліку ў КДБ. Нядаўна Алег атрымаў папярэджваньне пракуратуры за адзін са сваіх рэпартажаў і за гэтую кнігу, якую мы сёньня прадстаўляем — пракуратура вінаваціць Алега за тое, што той ставіць пад сумнеў справядлівасьць судовай сыстэмы Беларусі хоць гэта і ёсьць праца журналіста — ставіць пад сумнеў.

Алег Грузьдзіловіч — журналіст, які спэцыялізуецца на праваабарончай тэматыцы, якога можна сустрэць у судах, на плошчах, пад час разгону мітынгаў. У 2011 годзе ён зрабіў унікальны відэарэпартаж з аўтазака, калі пад час разгону маўклівых акцыяў пратэсту затрымалі самога Алега. У 2011 годзе пасьля выбуху ў менскім мэтро Алег шмат і нястомна працаваў над асьвятленьнем тэракту і ягоных наступстваў, даваў слова пацярпелым, увосень 2011 года некалькі месяцаў Алег Грузьдзіловіч як на працу хадзіў у Дом правасудзьдзя дзе Вярхоўны суд Беларусі вёў беларускі „працэс стагодзьдзя“ — паводле абвінавачваньня Дзьмітрыя Канавала і Ўладзіслава Кавалёва ва ўчыненьні тэракту 11 красавіка 2011 года. Ягоныя он-лайн паведамленьні зьяўляліся на сайце Свабоды, рэпартажы гучалі ў эфіры.»

18:19 3.6.2013
Слова бярэ Алег Грузьдзіловіч: «Я літаральна ўчора на сваім лецішчы размаўляў з чалавекам, які пацярпеў у тэракце. Уявіце, што прайшло ўжо два гады, а ён дагэтуль ня можа нармальна хадзіць. Ён ужо два гады вырваны з жыцьця і ці вернецца ён у нармальнае жыцьцё, не вядома. Я да таго, што раны, боль, якія нанёс тэракт, яны не загойваюцца. Прапаную ўшанаваць памяць тых, хто загінуў у гэтым тэракце»

Заля ўстае. Алег Грузьдзілові зачытвае імёны загінулых у тэракце.

18:20 3.6.2013
Перад пачаткам прэзэнтацыі
Перад пачаткам прэзэнтацыі
18:23 3.6.2013
Грузьдзіловіч дзякуе ўсім, хто меў дачыненьне да стварэньня кнігію.

«Ідэя кнігі, — распавядае Алег, — належала дырэктару Радыё Свабода Аляксандру Лукашуку. Вялікая падзяка тым, хто сёньня прыйшоў да нас на прэзэнтацыю».
18:25 3.6.2013
Валер Каліноўскі прапануе прысутным згадаць дзень 11 красавіка 2011 году. Гучыць эфір Радыё Свабода за той дзень, на экране — фотаздымкі зь месца падзеяў
18:27 3.6.2013
Гучыць голас журналісткі Валянціны Аксак, апынулася на месцы тэракту: «У мяне было адчуваньне, што гэта пастка, у якой мы ўсе загінем».
18:30 3.6.2013
18:33 3.6.2013
Валер Каліноўскі: Алег Грузьдзіловіч кнігу распачынае сваім уласным досьведам. У рамках прэзэнтацыі, на якую прыйшло шмат журналістаў, прадстаўнікі БАЖ, палітыкі, мы хацелі б абмеркаваць праблему «Змоўчваньня і маніпуляцыяй грамадзкай думкі пад час так званых „гучных працэсаў“.

Грузьдзівловіч: Я папрасіў бы выказацца Рэдактара інтэрнэт-выданьня „Салідарнасьць“, Аляксандра Старыкевіча: Як вы думаеце, Ці наагул давяраюць людзі афіцыйнай інфармацыі пра гучныя справы? Якая роля ў становішчы, што склалася вакол такіх працэсаў, належыць уладам, а што на сумленьні журналістаў?

Аляксандр Старыкевіч: Думаю, што людзі ставяцца па-рознаму: хтосьці давярае, хтосьці сумняецца. Задача незалежных журналістаў відавочная — выцягнуць на сьвет тое, што ўлады хаваюць. Не таму, каб паставіць пад сумнеў вэрсыю ўлады, але для таго, каб даць людзям пераканацца ў тым, што сапраўды адбылося.

Валер Каліноўскі: «Вось Алег за сваю тытанічную працу атрымаў папярэджаньне пракуратуры...

Аляксандар Старыкевіч, архіўнае фота
Аляксандар Старыкевіч, архіўнае фота


Старыкевіч: Калісьці гэта будзе ўспрымацца як мэдаль.
18:34 3.6.2013
Слова даюць журналісту Генадзю Барбарычу.

Каліноўскі: Вось ты нядаўна сядзеў у турме за тое, што ня так быў асьветлены Чарнобыльскі шлях. Як ты думаеш, ці не выкарыстоўваюцца такія працэсы, як працэс Канавалава-Кавалёва, для маніпуляцыі грамадзкай думкай?

Барбарыч: Думаю, такая задума была. Працэс быў падрыхтаваны вельмі кепска. У мяне засталося ўражаньне, што віна ані Канавалава, ані Кавалёва не была даказаная.

Барбарыч пра кнігу Алега Грузьдзіловіча: Гэта тытанічная праца. Я трохі зайздрошчу. Я сам хадзіў на працэс, але магу сказаць, што нават рэпартаж было зрабіць вельмі цяжка, ня тое што асэнсаваць і напісаць кнігу.

Суд над Генадзем Барбарычам, архіўнае фота
Суд над Генадзем Барбарычам, архіўнае фота
18:37 3.6.2013
Валер Каліноўскі дае слова старшыні БАЖ Жане Літвіной.

Літвіна: Я вельмі вельмі шчыра хачу павіншаваць нашага калегу ад імя БАЖ з такой паедзяй у жыцьці, як кніга. Журналістыка такая справа, якая жыве гадзіну хіба. А кніга — гэта ўжо вынік. Жадаю, каб было яшчэ не адна кніга.

Жана Літвіна, архіўнае фота
Жана Літвіна, архіўнае фота
18:39 3.6.2013
Валер Каліноўскі: Я хацеў бы зьвярнуцца па параду да праваабаронцы Алега Воўчака. Што б ты параіў з прававога пункту гледжаньня журналістам, якія пішуць пра такія справы?

«Я не пабачыў аб’ектыўнага расьсьледаваньня»


Алег Воўчак: "У такім справах цяжках разабрацца. У нас моцныя журналісты. Вельмі пісьменна даюць інфармацыю. Але іншая праблема — няма адкуль атрымліваць інфармацыю.

Алег Воўчак, архіўнае фота
Алег Воўчак, архіўнае фота

Воўчак: «У нас з Алегам меркаваньне разыйдзецца. У гэтым няма нічога страшнага. У ФСБ хлопцы якія прыяжджалі і рабілі экспэрты, яны больш прафэсыйныя за нашых. І калі яны кажуць, што магчымыя сумненьні па Канавалаве, то Швэд сказаў, што мы даверымся нашым экспэртам. Я не пабачыў аб’ектыўнага расьследаваньня. Калі коратка — сьледзтва не даказала віну ані Канавалава, ані Кавалёва. Але трэба думаць пра жывых. Яны ўсе атрымалі сындром, як і мы, удзельнікі вайны ў Аўганістане. Ім патрэбная праўда».
18:45 3.6.2013
Слова бярэ Алег Грузьдзіловіч: «Важна, што журналістаў, якія працуюць на такіх працэсах, рыхтаваць. Пра гэта сказаў Алег Воўчак. Найперш, канечне, журналіст сам мусіць гэта рабіць. А галоўнае — улада, канечне, сьвядома робіць усё, каб праўда пра гэтыя працэсы былі мінімальная. Каб нічога не было вядома. І таму мы ўсё асьцей бачым закрытыя працэсы. Я вам нагадаю працэс над Васільевым, намесьнікам кіраўніка Менску. Яго абвінавачвалі ў хабары. Я асьвятляў гэты працэс. Але як толькі пачаліся сьведкі, якія сталі сьведчыць супраць, судьдзя абвесьціла, што на наступны дзень будуць зачытваць сакрэтныя дакуманты. І болей адкрытых паседжаньняў не было. Усе працэсы мусяць быць адкрытыя. Гэтага мусяць дабівацца журналісты».
18:47 3.6.2013
Алег Грузьдзіловіч кажа, што хацеў бы зьвярнуцца да чалавека, меркаваньнем якога ён вельмі даражыць. Гэта Сяргей Ханжанкоў, які таксама прысутнічаў на працэсе Кавалёва-Канавалава.

Сяргей Ханжанкоў, архіўнае фота
Сяргей Ханжанкоў, архіўнае фота

Ханжанкоў: «Мяне зьдзівіла абыякавасьць грамадзтва да гэтага працэсу. Толькі ў першы дзень была поўная заля. у наступныя дні было толькі па 10-20 чалавек. Я хадзіў амаль на ўсе працэсы. Мне здавалася, што мне ўсё зразумела. А цяпер я прачытаў кнігу і пабачыў, што яшчэ ёсьць, пра што думаць. Пра вэрсыі я казаць ня буду. Але асабіста я поўнасьцю згодны з пазыцыяй Алега. Але заслуга кнігі ў тым, што Алег дае ўсе вэрсыі пра тэракт».

Алег Грузьдзіловіч кажа, што адзін з самых спрэчных момантаў — гэта момант затрыманьня Кавалёва і Канавалава.

Ханжонкаў кажа, што ня ведае, як гэта было: «Я думаў, што іх затрымалі паводле адсочваньня тэлефаванаваньняў. Але калі я прачытаў кнігу, то разумею, што гэты момент не высьветлены».

Грузьдзіловіч кажа, што такіх момантаў на судзе было вельмі шмат: «Была відавочна падкавёрная барацьба паміж КДБ, міліцыяй... Адны казалі — гэта мы затрымалі, другія — мы затрымалі... Не зразумела таксама пра 2008 год: як Канавалаў, калі ў яго адна бомба не ўзарвалася нібыта пайшоў дахаты, узяў іншую бомбу, вярнуўся і ўзарваў яе?»

«Сыстэму трэба мяняць», — такія заключныя словы прамовы Сяргея Ханжонкава.
18:52 3.6.2013
Валер Каліноўскі распавядае, што не ўсе згодныя з вэрсыяй Алега Грузьдзіловіча. У прыватнасьці праваабаронца Людзьміла Гразнова. Яна сама не магла быць на прэзэнтацыі, але дэманструецца яе відэаінтэрв’ю.

«Нехта нешта не сказаў, нехта не прыйшоў на суд, нехта сказаў не неверегоднае... У выніку — у нас двое хлопцаў, якіх прысудзілі да сьмерці. Гэта самае страшнае. Тэндэнцыя з 19 сьнежня 2010 году ня толькі не зьнікае, але і ўзмацняецца», — кажа Гразнова. — «Сёньня не пачулі праўды, хто ўзарваў мэтро. Суд не сказаў, як было створанае гэтая выбуховая прылада, у якой няма аналагаў у сьвеце. не было даказана, што гэта Канавалаў нёс торбу. Усё гэта была поўная прафанацыя».

«Толькі краіна, толькі грамадзяне могуць выратаваць хлопцаў ад сьмерці, — Калі мы зьбярэм ня проста 100 тысяч, а нашмат болей подпісаў, то можам выратваць ня толькі гэтых хлопцаў, але і ўсю краіну» — кажа Людзьміла Гразнова на відэазапісу, які адбываўся адразу пасьля прысуду Канавалаву-Кавалёву.

Людзьміла Гразнова, архіўнае фота
Людзьміла Гразнова, архіўнае фота

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG