Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь абышла ЗША і стала сусьветным лідэрам спаму


Беларусь абагнала ЗША і заняла першае месца па аб'ёме непажаданых электронных паведамленьняў, гаворыцца ў блогу кампаніі Appriver, якая спэцыялізуецца на барацьбе са спамам.

Пра гэта піша навінавы партал «Lenta.ru».

Істотны рост аб'ёмаў спаму, які адпраўляецца зь Беларусі, быў зафіксаваны 13 красавіка 2013 году, калі штодня з тэрыторыі Беларусі пачало прыходзіць болей за 12 мільёнаў непажаданых рэклямных паведамленьняў. У пачатку году гэты паказьнік складаў 2 мільёны паведамленьняў за дзень. На працягу паўтара месяца назіраньняў спэцыялісты не заўважылі істотнага зьніжэньня патоку спаму зь Беларусі. Пры гэтым доля спаму ў агульным аб'ёме электроннай карэспандэнцыі Беларусі дасягнула 99 адсоткаў.

У асноўным рэклямныя паведамленьні, якія паступаюць зь беларускіх сэрвэраў, утрымліваюць кароткі тэкст і спасылку на той ці іншы сайт. Спасылкі часьцяком вядуць на нерабочыя сайты або старонкі фармацэўтычных кампаній, якія прадаюць лекі. У рэдкіх выпадках па спасылках распаўсюджваецца шкоданоснае праграмнае забесьпячэньне.

З 13 красавіка зь Беларусі паступіла больш за 550 мільёнаў спам-паведамленьняў, тады як з ЗША, ранейшага лідэра ў аб'ёме непажаданых допісаў, толькі 447 мільёнаў. Усяго на долю Беларусі пасьля істотнага павелічэньня колькасьці спаму прыходзіцца 16,3 працэнта ад сусьветнага аб'ёму непажаданых электронных лістоў, на долю ЗША – 15,1 працэнта, каля васьмі працэнтаў спаму адпраўляецца з Украіны і 5,8 адсотка з Кітая, адзначае The Register. Раней Беларусь не фігуравала ў ліку краін, вядомых падвышанай актыўнасьцю спамэраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG