Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Грамада» намагаецца давесьці ў судзе, што яна ня банда


Мікалай Залозны
Мікалай Залозны

Ленінскі суд Магілёва 21 траўня пачаў разглядаць пазоў Сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» аб абароне дзелавой рэпутацыі юрыдычнай асобы. Адказчыкам выступае начальнік жыльлёва-эксплюатацыйнага прадпрыемства «Магілёўаблсельбуд» Павал Шышоў.

21 траўня судовае паседжаньне скончылася тым, што ад пазоўнікаў-партыйцаў судзьдзя запатрабаваў прадставіць дакумэнты пра іхныя паўнамоцтвы і сяброўства ў партыі. Суд працягнецца 29 траўня.

Нагодай для суду, як пазначана ў пазове, сталася публікацыя на сайце агенцтва БелаПан пра высяленьне з інтэрнату сябра партыі Мікалая Залознага. Спадар Шышоў, выказваючы сваё меркаваньне, заявіў пра Залознага, што «он состоит в этой банде „Грамада“». Гэтае выказваньне, лічаць пазоўнікі, было зроблена наўмысна, каб зьняважыць дзелавую рэпутацыю Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада».

«Мы ня банда, а пасьлядоўнікі тых людзей, якія ў 1918 годзе абвясьцілі пра стварэньне БНР, яе чальцы ўваходзілі ва ўрад БССР. Таксама дзякуючы ініцыятыве нашых папярэднікаў мы маем незалежную краіну пад назвай Беларусь. У нашы шэрагах былі Якуб Колас, Алесь Гарун, Максім Багдановіч, Алаіза Пашкевіч, Зьміцер Жылуновіч, браты Луцкевічы і іншыя выбітныя асобы. Назваць і іх бандай не паварочваецца язык, і такое нават не прыходзіць на розум. Шышоў, верагодна, праз свае хібы ў адукацыі такога ня ведае. Таму мы просім афіцыйнага выбачэньня, бо гэта ганьбіць ня толькі нас, а і тых людзей, дзякуючы якім паўстала Беларусь», — сказаў сябра прэзыдыюму партыі Ігар Барысаў.

Партыйцы дамагаюцца, каб адказчык выступіў з аўдыёабвяржэньнем выказваньня на сайце БелаПан і публічна выбачыўся перад партыяй.

З аналягічным пазовам супраць Шышова ў суд зьвярнуўся і сябра партыі Мікалай Залозны. Ён таксама жадае абараніць свой гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG