Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек як чалавек


Гэты чорна-белы здымак быў зроблены ўвесну 1945-га і ня так даўно выстаўлены на аўкцыён: на падлозе ляжыць, склаўшы рукі на грудзях, быццам бы сьпіць, бяскрыўдны мужчына гадоў пяцідзесяці ў акулярах, у кашулі брытанскага вайскоўца, напаўпрыкрыты салдацкай коўдрай. «Вузкагруды чалавечак зь бязвольным падбародзьдзем, лісьлівай усьмешкай і мяккімі рукамі, пэдант, містык і кніжны чарвяк» — так апісвалі яго тыя, каму не пашчасьціла і яны пазнаёміліся зь ім асабіста. Партрэт ісьціннага арыйца, нічога ня скажаш. Трыюмф волі! Праўда, яшчэ за два дні да таго, як было зробленае гэтае фота, яго герой шмат бы аддаў за тое, каб выменяць сваё паходжаньне на нейкае іншае. Напрыклад, яўрэйскае. Памяняцца крывёй. Але гэта ня так проста, як памяняць аўсвайс.

...Ці то 21, ці то 22 траўня 1945 году, розныя крыніцы кажуць рознае, у Майнштэце, за паўсотню кілямэтраў ад Люнэбургу брытанскі патруль спыніў на дарозе невялікую групу змораных, галодных і абарваных супрацоўнікаў Geheime Feldpolizei, нямецкай тайнай ваеннай паліцыі. Паводле немцаў, што выглядалі жывым сымбалем сваёй жудаснай паразы, яны не задумвалі нічога такога і проста прабіраліся дамоў у Баварыю. Адзін зь іх, Гайнрых Гітцынгер, меў на левым воку чорную павязку — правым ён уважліва ўзіраўся ў твары пераможцаў з быццам бы нейкім амаль што навуковым інтарэсам. Непрыемны позірк. «Ну што, наваяваўся, аднавокі?» — спытаў адзін з патрульных, нядаўна вызвалены савецкі ваеннапалонны, адвёўшы вочы, і сплюнуў. — «Красаўчык! Ладна, паўзіце далей...»

Але перадумаў: навюткія, як толькі што надрукаваныя дакумэнты немцаў усё ж падаліся патрулю падазронымі. Затрыманых даставілі ў фільтрацыйны лягер 031 пад Люнэбургам. Такія лягеры для таго і былі створаныя, каб пасьля праверкі вырашыць, каго адпусьціць, а каго пакінуць для далейшага высьвятленьня асобы — па дарогах Нямеччыны цалкам маглі разгульваць загрыміраваныя борманы і ўваскрэслыя гёбэльсы. Ужо на другі дзень на Ульцэнштрасэ, 31а тыя немцы з Майнштэту сядзелі ў бясконцай чарзе да капітана Сэлвэстра, які асабіста дапытваў кожнага затрыманага. Чарга ёсьць чарга, чаканьне ў ёй часта бывае невыносным, асабліва калі даўно ў ёй не стаяў, асабліва калі дагэтуль стаялі пераважна ў чарзе да цябе... Заўжды знойдзецца нехта, хто захоча «бяз очарадзі». Такіх у чарзе да Сэлвэстра аказалася трое. У тым ліку і Гайнрых Гітцынгер.

Апынуўшыся перад брытанскім капітанам, Гітцынгер зьняў павязку, надзеў акуляры і ціха, зь нейкай палёгкай прамовіў:

«Я — Гайнрых Гімлер».

Да Гімлера прыставілі ахову і адразу ж паслалі ў штаб па афіцэра выведкі. Былога райхсфюрэра абшукалі і знайшлі ў яго латунную скрыначку, дзе быў флякончык зь нейкай вадкасьцю. «Гэта мае лекі ад страўніка», — патлумачыў Гімлер. Другая латунная скрыначка была пустая. У рот яму не зазіралі, хаця ведалі, што нацысты любяць захоўваць там атруту, на скрайні выпадак. Баяліся, што спалохаюць, такое ўжо бывала — а Гімлер быў патрэбны брытанцам жывы. Яму далі бутэрбродаў з сырам.

Нарэшце зьявіліся палкоўнік выведкі Мэрфі і доктар. Гімлера даглядзелі ўжо больш грунтоўна: залезьлі ва «ўсе адтуліны цела», як назваў гэтыя месцы далікатны пратакол. Заставалася толькі чортава гімлерава пашча з цудоўнымі белымі зубамі.

«Адкрыйце рот, — ласкава сказаў доктар, быццам перад ім было дзіця. — Скажыце „а-а-а“...»

Гімлер нехаця адкрыў рот, і палкоўнік Мэрфі адразу ж заўважыў маленькі чорны шарык паміж ягоных зубоў з правага боку ніжняй сківіцы. Доктар маланкава сунуў два пальцы ў пашчу райхсфюрэра і закрычаў — Гімлер моцна прыкусіў яму пальцы. Тут жа пачуўся нейкі нягучны хруст. Палкоўнік і яшчэ адзін афіцэр кінуліся на Гімлера і павалілі яго на падлогу, намагаючыся перавярнуць на жывот, каб яму было цяжэй глытаць, а доктар сьціскаў горла, каб нацыст выплюнуў атруту.

Яшчэ пятнаццаць хвілін яны ўлівалі яму ванітны сродак, рабілі прамываньне страўніка і штучнае дыханьне, але марна. Райхсфюрэру ўдалося сысьці ад адказнасьці, ён быў мёртвы, мёртвы канчаткова, незваротна і несумненна — зусім як усе тыя мільёны людзей, забітыя на ягоныя загады і пад яго кіраўніцтвам. Зусім як сапраўдны Гайнрых Гітцынгер — немец, забіты падчас вайны паводле прысуду нацысцкага суду за свой пацыфізм. Зусім як Гітлер, за ўплыў на якога Гімлер змагаўся ледзьве не палову жыцьця і якому перад сьмерцю здрадзіў. Перад брытанскімі афіцэрамі ляжаў чалавек, які самым непасрэдным чынам прычыніўся да ўсіх галоўных злачынстваў нацызму: ад арганізацыі канцлягераў і кіраваньня СС да экспэрымэнтаў над жывымі людзьмі і распрацоўкі і рэалізацыі «канчатковага рашэньня». І самых бязглуздых яго ідэяў: кшталту праграмы «Lebensborn», пошукаў каранёў у Тыбэце і шлюбных законаў для эсэсаўцаў. Ён любіў сваю дачку, лічыў сябе рамантыкам, цікавіўся ісламам, быў прыхільнікам палігаміі і запомніўся «калегам» як спэцыяліст, які можа даступна патлумачыць усё на сьвеце. Патлумачыць і апраўдаць. То бок чалавек як чалавек...

Хаця і ў яго, пэўне ж, бывалі сумневы. Гэта пра яго расказвалі: неяк ён пабачыў у натоўпе асуджаных на сьмерць яўрэяў высокага, дужага блакітнавокага бляндына з правільнымі рысамі твару і жалезным падбародзьдзем. Да такіх у яго была слабасьць, і ён падышоў пагаварыць. «Вы яўрэй?» — «Так». «А вашыя бацькі...» — «Абое былі яўрэямі». «Магчыма, хаця б нехта з вашых сваякоў быў неяўрэем?» — «Усе, каго я знаю і пра каго чуў, чыстакроўныя, рэлігійныя і сьвядомыя яўрэі». Гімлер быў агаломшаны. Але ж ён сам прыдумаў усе гэтыя правілы... «Тады я нічога не магу для вас зрабіць», — суха сказаў ён і адвярнуўся. Думаючы, відаць, пра капрызы прыроды. Аграном-мічурынец і генэтык-лысенкавец у адной асобе. Толькі замест расьлінаў — людзі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG