Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Статкевіч турэмшчыкам: Хацелі мяне атруціць?

абноўлена

Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

Турэмшчыкі прапанавалі ежу Мікалаю Статкевічу ў талерках, якія стаялі асобна ад іншых.

На мінулым тыдні Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, распавяла, што супраць яе мужа ў магілёўскай турме адбываліся правакацыі. Жонка палітвязьня, аднак, ня ведала падрабязнасьцяў. Цяпер зьявіліся зьвесткі, якія крыху праліваюць сьвятло на здарэньні ў камэры Мікалая Статкевіча. Марына Адамовіч паведаміла карэспандэнту Свабоды:

«Ён сам папрасіў агучыць сутнасьць тых правакацый, якія былі ўчыненыя. Яму неаднаразова спрабавалі падаць ежу ў асобных талерках. Упарта яму падсоўвалі гэтыя талеркі. Ён з іроніяй пытаўся ў турэмшчыкаў: „Што, хацелі мяне атруціць?“ Зразумела, што тут вэрсіяў можа быць шмат, але ён настойваў, каб пра гэта стала вядома».

Паводле Марыны Адамовіч, Мікалай Статкевіч адмаўляўся ад ежы, калі яе прапаноўвалі такім чынам.

Мікалаю Статкевічу з газэт вядома пра акцыю салідарнасьці зь ім, якую наладзіў у Менску Павал Вінаградаў. Актывіст Павал Вінаградаў пакараны за гэта 12 суткамі арышту і адбывае пакараньне ў турме на Акрэсьціна. Мікалай Статкевіч прасіў перадаць Паўлу Вінаградаву словы ўдзячнасьці за падтрымку.

Таксама вядома Мікалаю Статкевічу і пра заўчасную сьмерць актывіста Міхала Шарамета.

«І пра Міхала Шарамета ён таксама даведаўся з газэт і вельмі смуткуе, таму што добра ведаў Міхала. Той быў сябрам нашай партыі і быў адным з тых трох людзей, якія ратавалі Міколу, выводзілі яго з ачапленьня з Плошчы 19 сьнежня. І, па сутнасьці, быў адным з апошніх, каго Мікола бачыў на волі».

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня за падзеі 19 сьнежня 2010 году. Палітык адбывае пакараньне ў магілёўскай турме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG