Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч піша ў Фэйсбук з-за кратаў


Марына Адамовіч і Мікола Статкевіч
Марына Адамовіч і Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч вядзе сваю старонку ў Фэйсбуку. Такое ўражаньне можа скласьціся, калі пачытаеш допісы на ёй.

Вось некалькі пастоў за апошнія дні.

Яшчэ ідуць віншаваньні да Дня Волі. Дзякую! Набралася іх, што здолелі прарвацца, пад паўсотні. Ёсьць і пустыя канвэрты. Напрыклад, ад Aleś Łahviniec . Ф.Г. з Віцебску даслала ліст і кнігу ў ім. Кнігу вярнулі, а ліст аддалі... Каротка адказваю ўсім, хто напісаў імя і адрас, каб проста людзі ведалі, што іх ліст дайшоў. Чытаў у газэтах пра нейкую кампанію па арганізацыі лістоў палітвязьням у пэўных гарадах. Але я такой кампаніі не адчуў – геаграфія лістоў вельмі шырокая, але каб з нейкага рэгіёна прыйшло некалькі лістоў запар, такога не было. Толькі з Гомеля прыйшлі 4 ананімныя тэлеграмы, адпраўленыя на працягу гадзіны.

Эсэ, якое я пляную – пра нацыянальную ідэю... Мяркуемая назва адпавядае рэальным нацыянальным ідэям (самаўспрыманьне і жаданы ідэал) расейцаў (мужыкі) і ўкраінцаў (казакі), а таксама прапанове для беларусаў... )))

Атрымаў ліст ад жанчыны з Мінска, якая піша рэгулярна, як я зразумеў. Гэта ўжо трэці ліст ад яе, а на канвэрце яна ставіць парадкавыя нумары. І нумар трэцяга атрыманага яе ліста – дзявяты. Думаю, што гэта дае ўяўленьне аб прапорцыях...


Гэтыя допісы актыўна камэнтуюцца наведнікамі гэтай старонкі. Адметна, што палітвязень часам нават адказвае на камэнтары і ўступае ў дыскусіі. Няўжо такое магчыма рабіць з камэры магілёўскай крытай турмы? Пытаюцца наведнікі старонкі.

Як патлумачыла «Свабодзе» жонка палітвязьня Марына Адамовіч, такую форму пашырэньня кантакту Міколы са сьветам прыдумалі сябры і паплечнікі Міколы, якія выстаўляюць ад імя Міколы ягоныя лісты з магілёўскай крытай турмы.

«Адтуль і лісты ня вельмі рэгулярна ідуць. Выстаўляем тое, што ён піша мне і сябрам».

У зьняволенага Міколы Статкевіч у Фэйсбуку 371 сябар. Там выстаўленыя ягоныя датурэмныя здымкі і фота з акцый салідарнасьці з палітвязьнем.

Мікола Статкевіч – экс-кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году. Затрыманы 19 сьнежня 2010 г. пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках. 26 траўня 2011 г. судзьдзя Ленінскага суду Менску Людміла Грачова асудзіла Статкевіча на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала яго вязьнем сумленьня. 12 студзеня 2012 году рэжым пакараньня ўзмацнілі ― Статкевіча з калёніі на тры гады перавялі ў «крытую» турму. На дадзены момант Мікола Статкевіч адбывае пакараньне ў Магілёўскай турме №4.

Адрас палітвязьня: 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, турма №4.

Цяпер яму можна напісаць і ў Фэйсбук.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG