Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзякуючы Статкевічу ў магілёўскай турме пачалі выдаваць сродкі гігіены


Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч
Як паведаміла «Свабодзе» жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч, днямі вязьням магілёўскай турмы выдалі для гігіенічных мэтаў туалетную паперу. «На чарзе выдача іншых сродкаў гігіены — мыла, зубной пасты і шчотак. Спадзяюся, што на паперы адміністрацыя не спыніцца».

Паводле жонкі Статкевіча, ён ужо больш за два гады дамагаецца, каб адносна яго і ўсіх вязьняў выконвалася пастанова Савета міністраў № 1564. Гэта тая пастанова, паводле якой у месцах зьняволеньня мусяць забясьпечваць вязьняў адпаведна нарматываў ня толькі харчаваньнем, але і рэчамі і сродкамі гігіены. Але ў зьняволеньні былы кандыдат на прэзыдэнта хутка высьветліў, што гэтыя нормы не выконваюцца. Мікалай Статкевіч пачаў скардзіцца ў адпаведныя інстанцыі, шмат папераў на гэты конт напісала Марына Адамовіч.

«Людзі там цалкам ня маюць мажлівасьці падтрымліваць элемэнтарнае здароўе. Бо не атрымліваюць мыла, зубную пасту, шчоткі, туалетную паперу. Гэта рэальнай праблема. Мікола і я разам зь ім дамагаліся, каб гэтыя нормы выконваліся. Ня толькі ў дачыненьні да яго — яму ж я магу дапамагчы. А як быць таму, у каго дапамогі няма? Там жа шмат людзей, якія ня маюць ніякай падтрымкі з волі. Дык вось — не прайшло два з паловай гады, як у адмысловай магілёўскай турме пачалі хоць нешта з гэтага выконваць — выдалі туалетную паперу вязьням. Паведаміў, што суседнія камэры літаральна раўлі ад неспадзяванай радасьці».

Марына Адамовіч таксама паведаміла, што яе муж зараз перачытвае кнігі Ўладзімера Караткевіча — у бібліятэцы магілёўскай турмы аказаўся збор твораў славутага беларускага пісьменьніка.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня за арганізацыю беспарадкаў 19 сьнежня 2010 года. Палітык сваёй віны не прызнаў. Болей за год таму Статкевіча зьмясьцілі ў крытую турму як злоснага парушальніка турэмнага рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG