Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інвалід Чарнобыля: Каб ведаў — за сотні кілямэтраў абмінаў бы тую АЭС

абноўлена

Іван Віткоўскі
Іван Віткоўскі
Інвалід Чарнобыля з Нароўлі Іван Віткоўскі кажа: калі б ведаў, як адаб’ецца на здароўі радыяцыя, то атамную станцыю абмінаў бы за сотні кілямэтраў. Будаўніцтва ў Беларусі Астравецкай АЭС ліквідатар лічыць вялікай памылкай і пагрозай зьнікненьня беларускай нацыі.

Івану Віткоўскаму, былому электрыку Чарнобыльскай атамнай станцыі, 54 гады. Ягонае пасьлячарнобыльскае жыцьцё — гэта, можна сказаць, суцэльная барацьба за выжываньне. У яго выпадалі на галаве ды так і ня вырасьлі цалкам валасы. Мучаць галаўныя болі, суставы, сьпіна. Парушыўся сардэчны рытм, страваваньне. Пры невялікім хваляваньні пачынаюць трэсьціся рукі.

Апошнім часам Іван наагул пачаў траціць прытомнасьць — такое здаралася ўжо двойчы:

«Пры такой дозе атрыманай радыяцыі ў мяне, відаць, парушыліся нейкія абменныя працэсы ў арганізьме. Поўнасьцю збой — арганізм ня ведае, што да чаго. Ён і так, і гэтак спрабуе абараняцца. Бач, я высах. Сьпіна баліць, суставы баляць. Але найбольш небясьпечна тое, што я пачаў траціць прытомнасьць. Калі ў зручным месцы страчу, то яно нічога. А калі ў такім месцы, што пакалечуся? Мне каб адразу, калі я рыбу лаўлю, утапіцца, то ня страшна. Бо пры такім жыцьці лепей ужо ўтапіцца. А калі палячуся, то як яно будзе? Ня ведаю, як я трачу прытомнасьць — мне моцна баліць галава. Бывае, так баліць, што звар’яцець можна — галава расколваецца!»

А яшчэ Івана адольвае стома:

«Я такі чалавек жвавы — мне хацелася б і тое, і гэта зрабіць. Зранку ўстаю — плянаў багата. А пахаджу — такая невыносная стома, якая не праходзіць. Я не магу, мне надакучае жыць, бо ня можа чалавек усё жыцьцё быць такі стомлены».

Каб суцішыць боль у сьпіне, Віткоўскі зрабіў сабе прыстасаваньне пры ложку — прымацаваў паўдугу з арматуры з прываранымі мэталічнымі кручкамі. На іх чапляе ланцужок і прасоўвае ногі, каб былі ў падвешаным стане. Свая выцяжка. Так паляжыць хвілін 15–20, і боль у сьпіне аціхае.

Здаралася, што чапляў на дугу кропельніцу. Сам ратаваўся ад болю. Вядома, не ад добрага жыцьця:

«Рэцэпт дадуць, але ніводнай таблеткі бясплатна. Не! Ляжаў я апошні раз у нашым шпіталі, дык сыстэма для кропельніцы была бясплатная — я нават зьдзівіўся. А перадапошні раз ляжаў — лекавы раствор яны свой даюць, а сыстэму для кропельніцы — купляй. Пытаюцца: „Ты без сыстэмы прыйшоў? А як мы табе капаць будзем?“ Адказваю: „Адкуль жа я ведаў, што трэба з кропельніцамі прыходзіць?“ Наркаманам — бясплатна, і шпрыцы бясплатна, а інваліду дык платна атрымліваецца».
«Рэспубліка Беларусь — хітрая „сацыяльная“ дзяржава»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:39 0:00
Наўпроставы лінк

Падтрымліваць здароўе Іван спрабуе па-рознаму — завёў пчолы, каб мець мёд і матачнае малачко, купляе санаторныя пуцёўкі ў суседняй Украіне, дзе жыве яго сын, таксама пацярпелы ад Чарнобыля. Іншым разам выпадае трапіць у Гомелі ў Рэспубліканскі цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны й экалёгіі чалавека:

«Раней я хоць раз на год мог трапіць у цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны — цяпер я пяць гадоў там ня быў. Здавалася б, навукова-практычны цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны — аддзяленьне ёсьць у ім для ўдзельнікаў ліквідацыі аварыі й пацярпелых. Гэта ж, здавалася б, для мяне. Тут накіраваньне даюць — пачынаеш узгадняць, калі туды ехаць, каб месца свабоднае было. Лета мінула — так і не ўзгаднілі. Потым неяк датэлефанаваліся, знайшлі каго трэба. А там у разгубленасьці: „Што яму лячыць? У нас такога профілю няма“. Нэўралёгіі там у іх няма».

Іван Альбінавіч набраўся духу, падрыхтаваў заяву й сам паехаў у Гомель — і адразу да кіраўніцтва цэнтру. Урэшце яго запісалі на шпіталізацыю на 3 траўня:

«Бо я ім ужо казаў: калі наступны раз прыеду, то прыеду не з заявай, а зь лесьвіцай. Кажу, што прывязу лесьвіцу, пастаўлю на другім паверсе і пазрываю да ядрэні-фені літары, дзе напісана „аддзяленьне для ўдзельнікаў ліквідацыі“. І прымацуеце туды: для прывілеяваных».

Родам Іван Віткоўскі зь вёскі Грушаўка Нараўлянскага раёну. Скончыў Буда-Кашалёўскі сельгастэхнікум па спэцыяльнасьці электратэхніка. Вярнуўся ў родную вёску, стаў працаваць калгасным энэргетыкам. Завёў сям’ю.

Пазьней удалося ўладкавацца электрыкам на Чарнобыльскую атамную станцыю. Пераехаў зь сям’ёй ва Ўкраіну, у горад атамшчыкаў Прыпяць.

За дзень да чарнобыльскай катастрофы прывёз у Прыпяць ад бацькоў паўтарагадавалага сына на прышчэпку. І трапіў з малым пад радыяцыю.

Адразу пасьля катастрофы з гораду нікога не выпускалі. І толькі праз пару дзён сваяк вывез Івана з сынам на матацыкле з каляскаю ў Нараўлянскі раён, дзе жылі бацькі.

На час аварыі Віткоўскі быў у адпачынку. Па заканчэньні — вярнуўся на атамную станцыю, каб змагацца з наступствамі катастрофы. Працаваў там ажно да лістапада, пакуль ня стаў пачуваць сябе блага.

Жыў некаторы час у Кіеве. Потым шукаў паратунку далей ад атамнай станцыі — у Віцебскай вобласьці. І, нарэшце, вярнуўся ў Нароўлю.

Тут пахаваў бацьку, які быў лесьніком і таксама «хапануў» радыяцыі пры барацьбе зь ляснымі пажарамі. Давялося скасаваць і шлюб. Дарослы сын — у Кіеве, дачка — у Нароўлі. У райцэнтар перавёз і аўдавелую маці.

У Нароўлі Іван заняўся пчалярствам, стаў будаваць дом. Але Чарнобыль яго не адпускае. Возьме ліквідатар іншым разам гармонік, а пальцы ня слухаюцца. Бывае, нават лыжку ўзяць няма як — трымціць рука.
Гармонік у рукі — пальцы ня слухаюцца
Гармонік у рукі — пальцы ня слухаюцца

У лютым Віткоўскі падаўся нават у Маскву, да тамтэйшага мільярдэра Міхаіла Прохарава — хацеў, каб той дапамог уладкавацца ў добры маскоўскі шпіталь. Але не пашчасьціла: алігарх нібыта быў у ад’езьдзе, а ў ягоны офіс чарнобыльца не пусьціла ахова.

Да будоўлі беларускай атамнай станцыі блізу Астраўца ліквідатар-інвалід ставіцца вельмі адмоўна:

«Асабіста зь мяне ўжо хапіла Чарнобыля. Я ня ведаю, як там робяць атамныя станцыі ў сьвеце ў іншых людзей. Калі ж пабудуюць у Беларусі, ды яшчэ так, як будуюць па нашых мерках, то гэта будзе атамная бомба, а ня атамная станцыя. Асабіста я так думаю».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG