Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магадан праз «амэрыканку»


У офісе БНФ адбылася прэзэнтацыя кнігі турэмных нататак і разважаньняў палітвязьня Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан».

Вязень наваполацкай калёніі Ігар Аліневіч напісаў кнігу. Калі напісаў, як перадаў на волю, хто дапамагаў у выданьні кнігі, акрамя маці Валянціны, якая «ўсё бярэ на сябе», — пакуль не вядома. Зразумела, што гэтае пакуль — не назаўсёды. Ігар Аліневіч, як выйдзе на волю праз 6 гадоў ці раней, раскрые гэтыя сакрэты. Але зараз нават лістоў ад Ігара ўжо каля месяца няма — як кніга «Еду ў Магадан» выйшла ў Расеі, у выдавецтве з назвай «Радыкальная тэорыя і практыка», адразу сувязь зь ім спынілася. Валянціна Аліневіч на прэзэнтацыі сказала, што яе сын добра прадбачыў наступствы, але не саступіў.

Чаму такая назва? Былы палітвязень Сяргей Марцалеў, які сядзеў у «амэрыканцы» зь Ігарам Аліневічам у адной камэры, згадвае: турэмны дворык у «амэрыканцы» падзелены на боксы, і каб вязьні ў розных боксах падчас прагулак не перагаворваліся, ахова «ўрубае» песьні. Часьцей за ўсё ў «амэрыканцы» ім круцілі турэмны шансон. Адна зь песьняў Васі Абломава «Еду ў Магадан» надзвычай усім запомнілася. А яшчэ «Магадан» таму, што для Ігара Аліневіча зьняволеньне пачалося ў Маскве, дзе яго затрымалі спачатку расейскія спэцслужбы, а потым перадалі беларускаму КДБ з словамі «ў апошні раз».

Анатоль Лябедзька, які сядзеў з аўтарам кнігі ў адной камэры, згадаў выпадак: «чорныя маскі» ўрываюцца ў камэру і ўсім загадваюць: «Мордай у падлогу!» Толькі Ігар Аліневіч адгукаецца: «У мяне ня морда, а твар».
«Чорныя маскі» ўрываюцца ў камэру і ўсім загадваюць: «Мордай у падлогу!» Толькі Ігар Аліневіч адгукаецца: «У мяне ня морда, а твар»

«Самае галоўнае, што ў кнізе паўсюль адчуваньне чалавечай годнасьці, чаго ў нас сёньня гэтак бракуе», — заўважыў вядомы паэт і палітык Уладзімер Някляеў.

Ірына Халіп ведае пра Ігара Аліневіча са словаў свайго мужа, былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. «Дзякуючы свайму лягічнаму мысьленьню Ігар беспамылкова вылічаў „падсадных“ агентаў сярод тых навічкоў, хто зьяўляўся ў камэры Андрэя», — казала Ірына Халіп.

Сяргей Марцалеў паведаміў, што радыёінжынэр паводле адукацыі Ігар Аліневіч — адзін з стваральнікаў беларускага касьмічнага спадарожніка.

У прэзэнтацыі ўзялі ўдзел шмат палітыкаў, праваабаронцаў, былых палітвязьняў і сваякоў тых, хто знаходзіцца ў зьняволеньні. Таксама адзначыць выхад кнігі «Еду ў Магадан» сабраліся шмат адзінадумцаў Ігара Аліневіча. Валянціна Аліневіч паведаміла, што можа даслаць кнігу сына таму, хто перадасьць ёй свой адрас.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG