Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Аліневіч. Еду ў Магадан


19 красавіка ў Менску ў офісе БНФ адбудзецца прэзэнтацыя кнігі палітвязьня Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан». Ігар адбывае 8 гадоў пазбаўленьня волі за атаку на расейскую амбасаду ў Менску і іншыя акцыі анархістаў.

Весьці прэзэнтацыю будзе маці вязьня, дзякуючы якой кніга змагла пабачыць сьвет. Валянціна Аліневіч сёньня госьця жывога эфіру Свабоды.

Радкевіч: Як кніга з-за кратаў дайшла да чытача?

Валянціна Аліневіч
Валянціна Аліневіч
Аліневіч: На жаль, дагэтуль я яшчэ не магу падрабязна расказаць, як яна апынулася ў мяне. Адзінае – магу сказаць, што Ігару гэта ўдалося, калі яна пабачыла сьвет. Але беларускія турмы – гэта такія закрытыя ўстановы, што нешта вынесьці самім родным зьняволеных немагчыма. На тых рэдкіх спатканьнях, якія ў нас былі, нас разьдзявалі да бялізны і бялізну здымалі, дарэчы, таксама. Таму, як вы самі разумееце, вынесьці нам самім было проста немагчыма. Тым больш, што там вісіць сьпіс з аднаго чалавека, Ігара – раней іх было чатыры (Саньнікаў, Ліхавід, Кіркевіч і Аліневіч) – пра якога напісана, што ў выпадку спатканьня званіць па ўсіх тэлефонах.

Радкевіч: Вы расказваеце, як было немагчыма, каб кніжка пабачыла сьвет, а яна ўсё ж выйшла...

Аліневіч: Гэта ўдалося ня нам. Ігару ўдалося перадаць на волю, а адтуль ужо перадалі мне. Але падрабязнасьці я, вядома ж, расказаць не магу.

Радкевіч: Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца толькі заўтра, але я чула, што некаторыя ўжо трымалі яе ў руках. Дзе яе можна знайсьці і прачытаць?

Аліневіч: Гэтая кніга ёсьць у інтэрнэце. Наагул яна была выдадзена ў Расеі, таму яшчэ вельмі цяжка яе пераправіць. А заўтра можна будзе яе атрымаць на прэзэнтацыі.

Радкевіч: Традыцыя турэмнай літаратуры ў Беларусі даўняя. Апошнім часам пісалі кнігі за кратамі Алесь Бяляцкі, Зьміцер Дашкевіч, Юры Бандажэўскі. Існуе і ранейшы пласт турэмнай літаратуры. А кім натхняўся Ігар? Якой літаратурай? Якія кнігі яму бліжэйшыя?

Аліневіч: Першая кніга, якую ён прачытаў у СІЗА КДБ – «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» Салжаніцына, і ў тых рэдкіх лістах, якія даходзілі да мяне адтуль, ён пісаў, што настолькі гэта ўсё блізка – кожнае слова, кожны сказ Салжаніцына, нават у тыя далёкія часы, цалкам адпавядаюць сёньняшняму дню чалавека, які сядзіць у беларускай турме.

Шчыра кажучы, я сама падштурхнула яго да думкі напісаць кнігу. Ён прачытаў «Дзеці Арбата» Рыбакова, пра перажываньні героя, Сашы Панкратава, – калі за табой зачыняюцца з бразгатам дзьверы, калі ты трапляеш у камэру і разумееш, што свабода і ўсе твае мары засталіся там і невядома, што чакае цябе наперадзе, калі ты апынаесься ў каменным мяху – да таго гэта ўсё ясна і выразна апісана ў кнізе, што яго гэта вельмі ўразіла. І я сказала яму, калі яго ўжо перавялі на Валадарку: «Ігар, чаму б табе не апісаць тое, што адбываецца цяпер? Бо людзі думаюць, што ўсё гэта ў мінуўшчыне, што цяпер нічога гэтага не адбываецца...»

Я, як кожная маці, хацела, каб у яго адбылася сублімацыя ўсёй гэтай нэгатыўнай энэргіі ў нешта творчае, каб адцягнуць увагу. І мне гэта ўдалося, але я вельмі за яго непакоюся. Калі я даведалася пра яго жаданьне, каб праўду прачыталі ўсе, я, шчыра кажучы, вельмі спалохалася, бо разумею, у якой краіне мы жывем.

Радкевіч: А ў Наваполацкай калёніі ведаюць пра тое, што выйшла кніжка?

Аліневіч: Думаю, што цудоўна ведаюць, бо менавіта ад таго дня, калі зьявілася публікацыя ў прэсе аб выхадзе кнігі – я на той час нават сама яе яшчэ ня бачыла – ад таго часу ад яго наагул няма ніякіх вестак, ні лістоў, ні званкоў.

Радкевіч: Пісьменьнік Уладзімер Някляеў чытаў кнігу Ігара ў інтэрнэце. Вось яго меркаваньне.

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў
Някляеў: Кніга «Еду ў Магадан» напісаная мужным чалавекам, бо напісаць такое, седзячы ў турме, мог толькі мужны, напісана таленавітым, бо так, як усё выкладзена, мог выкласьці толькі таленавіты чалавек. І самае галоўнае – кніга гэтая напісана чалавекам з адчуваньнем уласнай годнасьці. Гэта асноўнае, гэта тое, чаго нашаму грамадзтву на сёньняшні дзень не хапае. Праз гэта мы зьміраемся шмат з чым у нашым жыцьці. Гэта вельмі моцнае чалавечае ўзьдзеяньне, і, думаю, яно паўплывае шмат на каго. Ва ўсякім выпадку, пасьля таго, як чалавек прачытае гэтую кнігу, ён ужо ня зможа быць такім, якім быў да гэтага моманту. Я віншую Ігара з гэтай кнігай і жадаю яму як мага хутчэй выйсьці на волю. Такія людзі патрэбныя тут – каб на іх маглі глядзець і, выбачайце за зацёртае слова, браць зь іх прыклад.


Прэзэнтацыя адбудзецца ў Менску, у офісе БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3). Пачатак а 18 гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG