Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З хворай галавы на здаровую


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Рэха візыту амэрыканскіх палітолягаў да Лукашэнкі ў студзені аказалася даволі гучным. Ідэалягічная палеміка вакол гэтай падзеі працягваецца. Вось да згаданай тэмы зьвярнулася «Советская Белоруссия». Артыкул, аўтарам якога пазначаны нейкі Фёдар Высоцкі, называецца: «Амэрыканскі аналітык: «Падтрымліваць апазыцыю ў Беларусі – контрапрадуктыўна» (27.03.2013 г.).

Нагодай стала размова супрацоўніка фонду Маршала ў Нямеччыне Паўла Дэмэша з адным з удзельнікаў той сустрэчы, аналітыкам амэрыканскага Джэймстаўнскага фонду Ўладам Сокарам. Нагадаю, што Ўлад Сокар лічыць палітыку ЗША і Захаду ўвогуле адносна Беларусі няправільнай, бо яна імкнецца найперш да дэмакратызацыі краіны. А трэба, на яго погляд, спрыяць умацаваньню незалежнасьці Беларусі – незалежнасьці, якой пагражае Расея.

Прэзыдэнцкая газэта абураецца, што гэтыя тэзісы амэрыканскага палітоляга былі адмоўна ўспрынятыя беларускай публікай. Аўтар піша:

«Сам факт сустрэчы і камэнтары яе ўдзельнікаў выклікалі шквал камэнтароў, прычым асабліва лютавала ананімнае «інтэрнэт-грамадзтва», якое пасьпяшалася абвясьціць амэрыканскіх вучоных здраднікамі і ворагамі народа... Палітычныя інстынкты гэтага самага «інтэрнэт-грамадзтва» сфармаваныя, на жаль, тымі менскімі палітолягамі, якія з году ў год будзяць «народную ярасьць», вырошчваючы тым самым агрэсіўную і ня схільную да думкі аўдыторыю, для якой адзіным правільным аргумэнтам уяўляецца нож за халявай ці хоць бы зубатычына. Гэта, між іншым, вялізная маральная праблема, таму што выхаваныя ў такіх сьветапоглядных каардынатах людзі здольныя пры ацэнцы складаных зьяваў на самыя прымітыўныя рэакцыі. Усіх, хто гэтага не разумее, хочацца адаслаць да «Акаянных дзён» Буніна, які спачатку зьдзіўляўся зьверствам «мірных і набожных» мужыкоў, якія рэзалі і рабавалі спачатку сваіх памешчыкаў, а потым забівалі і тых, хто напаўняў іх злосьцю – лібэральных журналістаў, адвакатаў і палітыкаў, якія лічылі, што чаша гэтая іх чамусьці абміне».

З гэтай доўгай і зьмястоўнай тырады вынікаюць цікавыя высновы. Па-першае, «Советская Белоруссия» прызнае, што «інтэрнэт-грамадзтва» знаходзіцца ў апазыцыі да ўлады. Што гэта ўжо ня купка «отморозков», як любіць казаць Лукашэнка, а шырокія колы насельніцтва. Што палітычную барацьбу ў інтэрнэце ўлада прайграла ўшчэнт. Што грамадзкую думку ў краіне фармуюць не дзяржаўныя мэдыі і ідэалягічная вэртыкаль, а нейкія, трэба разумець, незалежныя «менскія палітолягі».

Па-другое, што тычыцца фармаваньня «народнай ярасьці», агрэсіі супраць палітычных апанэнтаў. Якраз у гэтай справе рэй вядуць уладныя інстытуты, мэдыі. Дзяржаўная палітыка ў адносінах да ўсіх іншадумцаў грунтуецца на гвалце і страху, здушэньні, палітычным зьнішчэньні процілеглых інтарэсаў і іх носьбітаў. У краіне пануе бальшавіцкі прынцып: калі вораг не здаецца, яго зьнішчаюць. На беларускім інфармацыйным экране адбываецца штучная дэманізацыя апазыцыі, ёй абвешчана псыхалягічная вайна. Усе, хто не падтрымлівае гэты рэжым, асацыююцца з д'ябальскімі сіламі зла, падазронасьць і нянавісьць даводзяцца да ўзроўню сьветапогляднага крэда. І на гэтым тле недарэчным выглядае ўскладаньне на апанэнтаў маральнай адказнасьці за вастрыню грамадзка-палітычнай канфрантацыі.

Яшчэ адзін цікавы тэзіс аўтара: у нэгатыўным стаўленьні Захаду да афіцыйнага Менску вінаватая беларуская апазыцыя. Маўляў, яна робіць «зласьлівыя даносы».

«Ох, вялікая іх віна ў тым, што наіўныя заходнеэўрапейскія і амэрыканскія палітыкі, якія дзейнічаюць паводле прасьцецкіх схемаў, працягваюць рухацца ў зададзеным кірунку. Яны сфармавалі сваю нэгатыўную думку выключна паводле дакладаў безадказных і крывадушных дам кшталту Гразновай, Літвіной і іншых пэрсон падобнага роду».

Па-першае, калі б было сапраўды так, калі б апазыцыя вызначала палітыку Захаду адносна Беларусі, то гэта – прызнаньне поўнай бездапаможнасьці ўсёй беларускай дзяржавы. Калі некалькі апазыцыйных дам вызначаюць эўрапейскую палітыку, то грош цана ўсяму МЗС, амбасадарам, усёй дыпляматычнай службе Беларусі. Дык, можа, адправіць міністра замежных спраў Макея і ягоных намесьнікаў на пэнсію, а на чале МЗС паставіць Людмілу Гразнову і Жанну Літвіну – толку будзе больш?

Па-другое, недарэчнай выглядае сама сытуацыя, калі наіўныя эўрапейскія палітыкі быццам бы нічога ня ведаюць пра Беларусь і будуюць сваю палітыку на падставе «даносаў» апазыцыянэраў, праваабаронцаў ды журналістаў. Хачу нагадаць аўтару гэтага артыкула, што большасьць краін ЭЗ маюць у Менску свае дыпляматычныя місіі. Ёсьць тут і прадстаўніцтва Эўракамісіі. І яны адсочваюць сытуацыю і рэгулярна даводзяць інфармацыю да сваіх сталіц.

А сапраўдныя прычыны канфлікту паміж афіцыйным Менскам і Захадам усім вядомыя, яны ляжаць на паверхні. Каб канфлікт пачаў зьмякчацца, трэба ўсяго толькі вызваліць палітзьняволеных.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG