Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыва «За справядлівыя выбары» запрашае ўладоўцаў далучацца


Архіўнае фота
Архіўнае фота

У Менску прайшла ўстаноўчая канфэрэнцыя новага праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня. Адзін зь яго лідэраў Сяргей Калякін запрашае ў арганізацыю прадстаўнікоў улады.

У канфэрэнцыі аб’яднаньня «За справядлівыя выбары» ўдзельнічалі 102 прадстаўнікі з усіх рэгіёнаў Беларусі, якія раней бралі ўдзел у назіраньні за выбарамі 2010–2011 гадоў у рамках аднайменнай ініцыятывы.

«Гэтая ініцыятыва аб’яднала грамадзян розных палітычных поглядаў, ад Грамады Мікалая Статкевіча, АГП да партыі «Справядлівы сьвет», кампаніі „Гавары праўду“ — усяго прадстаўнікі 12 партый і аб’яднаньняў а таксама беспартыйныя. Гэта самастойная арганізацыя, якая не залежыць ад партыйных рашэньняў і аб’ядноўвае сумленных людзей. Дарэчы, мы ня супраць, каб да нас далучыліся і прадстаўнікі ўлады» — заявіў Свабодзе адзін з арганізатараў зьезду Сяргей Калякін.

Дэлегаты канфэрэнцыі ўхвалілі статут арганізацыі, абралі кіроўныя органы, сустаршынямі новай праваабарончай арганізацыі сталі Сяргей Калякін і Віктар Карняенка. Канфэрэнцыя прайшла ў залі гатэлю «Менск», улады ёй ніяк не заміналі.

Удзельнікі канфэрэнцыі ў часе выступаў падкрэсьлівалі патрэбу мяняць выбарчую сыстэму Беларусі, якая не забясьпечвае ані справядлівасьць, ані адкрытасьць выбараў.

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін
«Ня маюць рацыі тыя, хто лічыць, што задача кампаніі „За справядлівыя выбары“ заключаецца ў барацьбе супраць улады. Мы выступалі за тое, каб выбары ў краіне праводзіліся строга ў рамках закону. Выбары ў Беларусі не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю празрыстымі, а, значыць, яны не былі справядлівымі. Пра гэта кажуць і справаздачы актывістаў кампаніі, многія зь якіх знаходзяцца ў гэтай залі», — заявіў на зьезьдзе Сяргей Калякін.

Дэлегат канфэрэнцыі Валянціна Сьвяцкая выказвае скептыцызм наконт таго, што ўлады Беларусі зарэгіструюць новае аб’яданьне. Па-першае, Мін’юст даўно не рэгіструе новых аб’яднаньняў, асабліва праваабарончых, а па-другое, ужо была спроба рэгістрацыі гэтага аб’яднаньня ў 2011 годзе, якая скончылася няўдала — па надуманых прычынах Мін’юст адмовіў.

Валянціна Сьвяцкая
Валянціна Сьвяцкая
«У нашай краіне ўсё вырашае адзін чалавек, як ён скажа, так і будзе. Мін’юст будзе чакаць загаду зьверху. Але раптам зарэгіструюць? У любым выпадку мы будзем рыхтавацца да наступным выбарчых кампаній з тым, каб актывітызаваць грамадзтва, выбарцаў, дапамагаць сябрам выбарчых камісій, кандыдатам-дэмакратам», — зазначыла Валянціна Сьвяцкая.

Сяргей Калякін мяркуе, што паводле існуючага заканадаўства іх арганізацыю павінны зарэгістраваць:

«Юрыдычна мы зрабілі ўсё так, як патрабуе закон, але рашэньне наконт рэгістрацыі будзе палітычным. Калі ўлады хочуць аднавіць адносіны з Захадам, то чаму б не зарэгістраваць грамадзкую арганізацыю, якая дамагаецца сумленных выбараў. Мяркую, што, калі не зарэгіструюць, то ўлады яшчэ раз падкрэсьляць, што ня хочуць сумленных выбараў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG