Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Без аўтамабіля і права выезду


 Тэрэза Стшэлец, фота Gazeta Lublin
Тэрэза Стшэлец, фота Gazeta Lublin

У Берасьці працягвае знаходзіцца бяз права выезду зь Беларусі грамадзянка Польшчы Тэрэза Стшэлец, якая дамагаецца вяртаньня ёй аўтамабіля, ужо прададзенага беларускай мытняй насуперак рашэньню суду. З Тэрэзай Стшэлец і яе беларускім сябрам Вячаславам пагутарыў наш карэспандэнт


Больш за два тыдні Тэрэза Стшэлец у Берасьці. Прыехала яна сюды, каб паводле рашэньня суду забраць свой канфіскаваны мытняй аўтамабіль «Джып-Чэрокі». Як выявілася, аўтамабіль мытня ўжо прадала. Беларускія мытнікі пагадзіліся вярнуць польцы кошт аўтамабіля, які ацанілі ў 53 мільёны рублёў, але запатрабавалі сплаціць мыта за аўтамабіль у памеры 136 мільёнаў і пеню за час судовых працэсаў, якая склала 40 мільёнаў рублёў. Тэрэза Стшэлец адмовілася плаціць і 5 сакавіка паехала дамоў, але беларускія памежнікі анулявалі ёй беларускую візу і ў Польшчу не пусьцілі. Тэрэзе Стшэлец было заяўлена, што спачатку яна мусіць кампэнсаваць страты, нібыта нанесеныя беларускаму бюджэту. У Берасьці жанчына знайшла прытулак у знаёмых, атрымала рэгістрацыю на тры месяцы, але што будзе зь ёй далей — ня ведае. Днямі амбасада Польшчы ў Беларусі накіравала ноту ў беларускі МЗС адносна лёсу Тэрэзы Стшэлец. Ці дапамагаюць захады польскіх дыпляматаў, запытаў я ў польскай грамадзянкі падчас тэлефоннай размовы.

«Не, нічога не зьмянілася. Увесь час чакаю, але не магу вярнуцца дадому. І ў інтэрнэце пішуць недакладна пра маю сытуацыю, што нібыта я нешта парушыла. Усё няпраўда. У судзе змагалася, і суд вырашыў, што мытнікі мусяць вярнуць мне аўтамабіль, але яны зрабілі па-свойму».

Як беларускія ўлады адрэагавалі на ноту польскай амбасады?

суд вырашыў, што мытнікі мусяць вярнуць мне аўтамабіль, але яны зрабілі па-свойму

«Мы разьлічваем на хуткае і справядлівае рашэньне гэтага пытаньня», — паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных. Паводле Андрэя Савіных, нота польскай амбасады перададзеная ў кампэтэнтны орган — Мытны камітэт.

У Мытным камітэце тэлефоны прэсавай службы 22 сакавіка не адказвалі. Дзяжурны Мытнага камітэту адмовіўся і камэнтаваць гісторыю польскай грамадзянкі Тэрэзы Стшэлец, і злучыць з кіраўніцтвам камітэту:

«Акрамя прэс-цэнтру, у нас ніхто такімі рэчамі не займаецца».

Год таму Тэрэза Стшэлец прыехала ў Берасьце на аўтамабілі «Джып-Чэрокі». Аўтамабіль у дарозе зламаўся, і жанчына пакінула яго ў рамонце, а сама зьехала дамоў. Пакуль яна была ў Польшчы, сын уладальніка рамонтнай майстэрні сеў за руль джыпа і быў спынены ДАІ за парушэньне правілаў руху. У выніку аўтамабіль паставілі на штрафстаянку, а потым перадалі яго мытнікам, бо ўзьніклі падазрэньні, што аўтамабіль быў у Беларусі прададзены, але мыта ня сплачана. Мне ўдалося датэлефанавацца да супрацоўніцы Берасьцейскай мытні Алёны Апанасевіч, якая вяла расьсьледаваньне справы аб аўтамабілі Тэрэзы Стшэлец. Паводле Тэрэзы Стшэлец, гэта Алёна Апанасевіч прызнала ў судзе, што кіраўніцтва мытні вырашыла адкласьці вяртаньне аўтамабіля. Алёна Апанасевіч адмовілася камэнтаваць справу для Радыё Свабода:

«Зрабіце афіцыйны запыт у Берасьцейскую мытню, і мы дадзім вам афіцыйны адказ».

Што магчыма, каб чалавеку анулявалі візу, што прадалі без рашэньня суду машыну, што выгналі безь нічога на мяжы

Тэрэза Стшэлец прайшла ў Берасьці празь некалькі судоў, пакуль даказала, што свой джып яна нікому не прадавала і мае на яго ўсе правы. Аднак, яшчэ не дачакаўшыся судовага рашэньня, берасьцейскія мытнікі аўтамабіль прадалі. Жыхар Берасьця Вячаслаў, які дапамагае Тэрэзе Стшэлец у яе цяжбах зь берасьцейскімі ўстановамі, называе прыкладны час продажу.

«Знаёмы, які працуе на паркінгу, дзе трымалі яе аўтамабіль, калі я апісаў яго, сказаў, што ўжо прыяжджалі зь Менску і цікавіліся гэтым джыпам. І што яго купяць. Гэтак і адбылося, яшчэ ў верасьні мінулага году».

Між тым канчатковы суд, які пастанавіў вярнуць грамадзянцы Польшчы яе аўтамабіль, адбыўся толькі ў студзені 2013 году. Пакуль падобна, што разьбірацца зь верагоднымі злоўжываньнямі службовых асобаў у гісторыі з аўтамабілем Тэрэзы Стшэлец ніхто не зьбіраецца:

Вячаслаў: «І канцоў ніякіх ня знойдзеш! Да каго ні зьвяртаесься, усе за галаву хапаюцца і ня вераць, што такое магчыма. Што магчыма, каб чалавеку анулявалі візу, што прадалі без рашэньня суду машыну, што выгналі безь нічога на мяжы. Чалавек хворы, а яе нават не спыталі, здаровая ці хворая? Ёсьць лекі ці няма? Ёсьць дзе начаваць ці няма дзе? А 12 гадзіне ночы — ідзі куды хочаш. А такія маразы былі! Усё роўна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG