Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польская грамадзянка трапіла ў мытную пастку Беларусі


Амбасада Польшчы зьвярнулася да ўладаў Беларусі з просьбай высьветліць лёс польскай грамадзянкі, якая два тыдні ня можа вярнуцца на радзіму.

Польскае радыё 20 сакавіка паведаміла пра дзіўную сытуацыю, у якую патрапіла грамадзянка Польшчы Тэрэза Стшэлец.

Год таму Тэрэза Стшэлец паехала на экскурсію ў Менск. Калі ў яе сапсавалася машына, то яна пакінула яе ў майстэрні. На аўтамабілі без дазволу гаспадыні езьдзіў сын мэханіка, якога затрымала міліцыя. Машыну канфіскавалі і перадалі на склад мытні. У студзені суд пастанавіў, што аўтамабіль павінен быць вернуты ўладальнікам.

Але яшчэ да пачатку судовага працэсу мытнікі прадалі машыну Тэрэзы Стшэлец. Грамадзянцы Польшчы прапанавалі вярнуць грошы, вылічыўшы зь іх мытныя плацяжы і пені. Яна адмовілася, і беларускі бок ануляваў яе візу, затрымаўшы спадарыню Стшэлец на тэрыторыі Беларусі.

Тэрэза Стшэлец знаходзіцца ў Беларусі ўжо два тыдні. Справай займаюцца польскія дыпляматы.

«Як амбасада мы зьвярнуліся афіцыйна дыпляматычнай нотай з просьбай аб высьвятленьні сутнасьці справы Тэрэзы Стшэлец. Але на гэты момант мы ня маем адказу», — паведаміў карэспандэнту Свабоды прадстаўнік польскай амбасады ў Менску Сэбаст’ян Ожэл.

Ён зазначыў, што справай спадарыні Стшэлец цяпер займаецца генэральнае консульства Польшчы ў Берасьці.

Прэсавая сакратарка Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Натальля Бароўская заявіла, што не валодае ніякай інфармацыяй аб праблемах грамадзянкі Польшчы Тэрэзы Стшэлец.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG