Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кожны Дзень Волі станавіўся гісторыяй»


Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Ганна Соўсь пагутарыла зь Віталём Цыганковым пра Дні Волі ў розныя гады і пра тое, як можа прайсьці сёлетняя акцыя, заплянаваная на 24 сакавіка.

— Традыцыйна Дзень волі 25 сакавіка зьяўляецца галоўным сьвятам для нацыянальна-арыентаваных беларусаў і адной з самых галоўных вулічных акцый для беларускай апазыцыі. Ці можна сказаць, што маштабы і актыўнасьць удзельнікаў штогадовай акцыі на Дзень Волі сьведчаць пра настроі грамадзтва на дадзены момант?

— Так, безумоўна, калі ўзгадаць нядаўнюю гісторыю, то ў розныя гады Дзень Волі часта станавіўся пачаткам гэтай званай гарачай вясны, сэрыі пратэстных акцый апазыцыі. Часта тое, як праходзіла акцыя 25 сакавіка, давала падставы казаць пра настрой грамадзтва і ўлады на той момант. Можна ўзгадаць Дзень Волі 96-га году, у якім удзельнічала каля 50 тысяч чалавек, пасьля якога настолькі ж масавыя акцыі апазыцыі супраць уладаў і супраць інтэграцыі з Расеяй працягваліся ўсю вясну. Ці зь іншага боку, можна ўспомніць дзень волі ў 2000-м годзе, калі былі затрыманыя каля 500 чалавек, бо ўлады тады хацелі паказаць грамадзтву, што ня спыняцца перад самымі жорсткімі мэтадамі. Альбо 2006 год, калі праз 6 дзён пасьля прэзыдэнцкіх выбараў калёна на чале з былым кандыдатам Аляксандрам Казуліным пайшла да турмы на Акрэсьціна, дзе адбыліся крывавыя сутычкі з прымяненьнем шумавых гранатаў. Безь перабольшваньня можна сказаць, што кожны Дзень Волі ў той ці іншай ступені станавіўся гісторыяй.

— Наколькі арганізатарам удалося на гэты раз прыцягнуць увагу да акцыі Дня Волі? У якіх грамадзка-палітычных умовах сёньня будзе адзначацца 25 сакавіка?

— Можна сказаць, што прадпрымаліся нейкія спробы прыдумаць нешта арыгінальнае, але ў цэлым усё было дастаткова традыцыйна: прэсавыя канфэрэнцыі, абвесткі ў сацыяльных сетках. Урэшце, нейкага асаблівага грамадзкага ўздыму цяпер не назіраецца, і арганізатары акцыі гэта цудоўна разумеюць, і, здаецца, не спрабуюць скокнуць вышэй за галаву.

Зь іншага боку, Дзень Волі — гэта для многіх беларусаў галоўнае нацыянальнае сьвята, таму, напрыклад, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі ходзяць на масавыя акцыі ў гэты дзень незалежна ад вастрыні палітычнай сытуацыі. Проста каб падкрэсьліць сваё стаўленьне да гэтай вялікай гістарычнай даты.

— Ці можна прагназаваць, як пройдзе гэты Дзень Волі, якімі будуць паводзіны ўдзельнікаў акцыі і ўладаў?

— Мінулы год у шэсьце на Дзень Волі ад Акадэміі Навук да плошчы Бангалор узяло ўдзел каля трох тысяч чалавек. Нельга сказаць, што за гэты год адбыліся нейкія кардынальныя зрухі ў грамадзкай сьвядомасьці і палітычнай актыўнасьці людзей. Да таго ж зараз няма ніякіх вялікіх палітычных кампаніяў, выбараў і гэтак далей. Так што можна прагназаваць, што на шэсьце наўрад ці выйдзе вельмі шмат людзей. Выйдуць якраз тыя самыя традыцыйныя ўдзельнікі Дня Волі, для якіх, паўтаруся, гэты дзень зьяўляецца сьвятам.

Лягічна разважаючы, ва ўлады зараз няма ніякіх падставаў выяўляць нейкую празьмерную жорсткасьць да ўдзельнікаў акцыі. Зноў уладамі вядуцца нейкія гульні з Захадам, на гэтым фоне разгон апазыцыйнай акцыі можа разбурыць гэтыя працэсы. Вядома, заўсёды можа адбыцца нешта непрадказальнае, незаплянаванае, але, калі ня браць нейкія надзвычайныя здарэньні, то можна асьцярожна выказаць прагноз, што нейкіх брутальных паводзінаў да ўдзельнікаў акцыі ня варта чакаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG