Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Волі-2013: 24 сакавіка, ля «Кастрычніка»


Дзень Волі - 2012
Дзень Волі - 2012

Арганізатары шэсьця і мітынгу, прысьвечаных 95-м угодкам абвяшчэньня БНР, спадзяюцца, што сёлета сьвяточныя імпрэзы будуць больш масавымі, чым летась.

Улады зьмянілі месца збору ўдзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі-2013. Тым ня менш, арганізатары шэсьця і мітынгу, прысьвечаных 95-м угодкам абвяшчэньня БНР, спадзяюцца, што сёлета сьвяточныя імпрэзы будуць больш масавымі, чым летась.

Паколькі сёлета 25 сакавіка прыпадае на панядзелак, аргкамітэт вырашыў правесьці асноўнае сьвяткаваньне ў нядзелю, 24 сакавіка. Сябра аргкамітэту, намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч нагадаў: дазвол на шэсьце і мітынг ад сталічных уладаў атрыманыя:

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч
«Тым ня менш гарадзкія ўлады пастараліся зрабіць усё магчымае, каб абцяжарыць нам правядзеньне гэтага мерапрыемства. Нам зьмянілі месца збору. Мы ў заяўцы ўказвалі пляцоўку каля ўваходу ў Батанічны сад. Гэта было зроблена з пункту гледжаньня бясьпекі людзей, якія плянавалі сабрацца. Нам яе памянялі на пляцоўку каля кінатэатру „Кастрычнік“. Але ж цяпер яна фактычна ператварылася ў будаўнічую пляцоўку. Палова яе перарыта, там ляжаць нейкія трубы. Я думаю, што гэта значна пагоршыць умовы збору людзей. Але тым ня менш мы скарыстаемся гэтым месцам. І мы заклікаем прыйсьці да кінатэатру „Кастрычнік“ а 12-й гадзіне дня».

Віктар Івашкевіч
Віктар Івашкевіч
Сябра аргкамітэту, прадстаўнік «Эўрапейскай Беларусі» Віктар Івашкевіч выказаў спадзяваньне, што сёлета сьвяткаваць Дзень Волі зьбярэцца болей людзей, чым летась:

«На сёньняшні дзень менчукоў, якія чытаюць незалежныя СМІ і незалежныя палітычныя сайты, — каля 100 тысяч. Так што інфармацыя для 100 тысяч чалавек ёсьць. Застаецца толькі перабароць уласную ляноту, нейкія свае ўяўныя страхі і зрабіць гэты крок. Спадзяемся, што такіх людзей будзе болей».

Гэтыя словы прагучалі ў зьвязку з пытаньнем «Свабоды»: як арганізатары інфармуюць людзей пра шэсьце і мітынг? Сябра аргкамітэту, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў:

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
«Апроч, безумоўна, шырокай кампаніі ў інтэрнэце, у сацыяльных сетках, а на гэта ў сёньняшніх умовах мы вымушаныя рабіць акцэнт, ёсьць пэўная частка друкаванай прадукцыі. Выпушчаныя налепкі, ёсьць друкаваныя матэрыялы, якія падрыхтавалі сваімі сіламі арганізацыі, што ўваходзяць у аргкамітэт. Нельга, вядома, казаць, што агітацыйныя матэрыялы трапяць у кожную паштовую скрыню нават у Менску. Але я скажу так: той чалавек, які разумее важнасьць, разумее каштоўнасьць гэтай даты і яе адзначэньня, але зь нейкай прычыны не актыўны ў інтэрнэце, будзе мець магчымасьць атрымаць гэтую інфармацыю, заўважыць яе».

На прэсавай канфэрэнцыі таксама паведамілі: сёлета мерапрыемствы, прысьвечаныя гадавіне абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, пройдуць у шырэйшым фармаце, чым гэта было раней. Дадаткова да шэсьця і мітынгу гэта яшчэ і круглыя сталы, навуковыя канфэрэнцыі, ускладаньне кветак, канцэрты і выставы.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG