Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сумныя прыгоды полькі ў Берасьці


Польская прэса абураецца парушэньнем правоў сваёй суграмадзянкі Тэрэзы Стшэлец, якую беларускія ўлады не выпускаюць дадому, пакуль не заплаціць 200 мільёнаў.

Інтэрнэт выданьне gazeta.pl/lublin высьветліла падрабязнасьці справы затрыманай у Беларусі польскай грамадзянкі.

«Мая жонка пасьля апэрацыі на падстраўнікавай залозе і павінна ўвесь час прымаць лекі. Я баюся, што будзе, калі яны скончацца, — зазначыў у інтэрвію парталу муж жанчыны Яраслаў Стшэлец. — Ужо два тыдні яна ў чужой краіне. Ніколі так доўга яна не была безь сям’і, займалася ў асноўным домам, яна ў вялікім стрэсе».

Тэрэса разам з мужам і 16-гадовым сынам жыве ў вёсцы Ортэль Крулеўскі за 30 кілямэтраў ад Тэрэспаля.

Летась у красавіку сям’я Стшальцоў выбралася на экскурсію ў Менск. Але ўжо ў памежным Берасьці сапсаваўся рухавік машыны, 15-гадовага джыпа «Гранд Чырокі».

Яраслаў купіў гэтую машыну два гады таму за 7200 злотых — гэта 2400 даляраў ЗША, каб езьдзіць ім у лес ці на рыбалку.

Сям’я ведае шмат беларусаў з польскімі каранямі, піша выданьне, адзін зь іх параіў аўтамэханіка, які жыве ў Берасьці.

«Пакінулі мы джып у гаражы, пакінулі й ключы. Жонка паехала далей у Менск разам са знаёмымі ў арандаваным аўтамабілі, а я вярнуўся ў Польшчу, — апавядае Яраслаў. — Па вяртаньні са сталіцы ў Берасьце Тэрэса хацела забраць машыну, але выявілася, што сын мэханіка скраў ключ. Падчас паездкі яго затрымала міліцыя, дакумэнтаў ён ня меў, таму міліцыянты забралі машыну й перадалі памежнікам».

Пачалася бюракратычная валакіта, суд вельмі хутка перадаў машыну ва ўласнасьць дзяржавы, бо Тэрэса нібыта незаконна яе перадала гэтаму хлопцу.

Тэрэса наняла адваката, пачаўся новы працэс, які ў студзені 2013 году вырашыў аддаць машыну палякам.

Але пасьля рашэньня суду саму машыну знайсьці не ўдалося, чыноўнікі мытні паведамілі, што прадалі яе яшчэ ў верасьні.

«За 53 мільёны рублёў, гэта цана са столі, у два разы больш, чым мы заплацілі за машыну ў Польшчы. Не разумеем, хто ў беднай Беларусі даў такія грошы за старую машыну», — зьдзіўляецца Яраслаў.

Новы суд у лютым вырашыў, што мытня павінна аддаць палякам грошы за прададзеную машыну.

«Калі мы падумалі, што ўжо канец гэтага піг-понга са службамі рэжыму, выявілася, што мы павінны адкрыць рахунак у беларускім банку, іначай не атрымаем выплаты. Прыехалі ў Берасьце ў канцы лютага, і калі з нумарам таго рахунка пайшлі да мытнікаў, тыя заявілі, што мы зьяўляемся беларускімі даўжнікамі», — расказвае далей Яраслаў.

Мытнікі вырашылі, што польская сям’я прыехала ў Беларусь на машыне, якую потым прадала, і Тэрэса як кіроўца павінна заплаціць мыта і падатак з продажу.
Што за нахабства, зарабілі на нашай машыне і яшчэ патрабуюць каб мы за гэта плацілі!

«Што за нахабства, зарабілі на нашай машыне і яшчэ патрабуюць каб мы за гэта плацілі!» — абураецца Яраслаў.

Тады палякі вырашылі далей змагацца за справядлівасьць, знайшлі адваката і паехалі ў Берасьце 5 сакавіка. Беларускія памежнікі заявілі, што Тэрэса праходзіць як даўжнік — разам зь пеняй яна мусіць заплаціць беларускай дзяржаве 200 мільёнаў рублёў, што складае каля 80 тысяч злотых, у 10 разоў болей, чым каштавала сама машына.

Паколькі польская сям’я заплаціць ня здолела, то памежнікі анулявалі візу Тэрэсе, вярнуцца дамоў яна не змагла, Яраслаў знайшоў ёй начлег у знаёмых у Берасьці.

6 сакавіка яна пайшла па дапамогу ў польскі кансулят у Берасьці, консул накіраваў лісты да беларускіх уладаў, каб жанчыну адпусьцілі. Але безвынікова, валакіта цягнецца ўжо два тыдні. Яраслаў перапісваецца з жонкай праз скайп і вельмі хвалюецца.

Справай займаюцца польскія дыпляматы, паведамілі ў амбасадзе Польшчы ў Менску:

«Як амбасада мы зьвярнуліся афіцыйна дыпляматычнай нотай з просьбай аб высьвятленьні сутнасьці справы Тэрэсы Стшэлец. Але на гэты момант мы ня маем адказу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG