22 сакавіка 1864 году ў Вільні на гандлёвай плошчы Лукішкі быў публічна павешаны Яська-гаспадар з-пад Вільні, то бок Кастусь Каліноўскі, хаця і з гэтым ягоным імем усё ня так проста. Спачатку яго зьбіраліся расстраляць, але Мураўёў закапрызіў: «нет уж, Вешатель так Вешатель». Давялося прыслухацца.
На шыбеніцу ўзышоў чалавек, «які ненавідзеў беларускі народ», «які ў сваіх маніфэстах і загадах называў беларусаў дурнымі авечкамі, параўноўваў іх зь Юдам Іскарыётам і Каінам, які разгарнуў шырокі тэрор на тэрыторыі Беларусі і чыю фігуру па яе жахлівым водбліску можна параўнаць са знакамітым Нячаевым і нячаеўшчынай, вядомымі са знакамітых „Бесаў“ Дастаеўскага». Так ласкава адгукаюцца цяпер пра Каліноўскага некаторыя занадта разумныя нашчадкі, якім засьвярбела ў тым месцы, якім звычайна перапісваюць гісторыю на дзяржаўную замову. Бедны Дастаеўскі, сюды прыплялі і яго, і цяпер ён вымушаны стаяць побач зь Якавам Трашчанком і спрачацца адначасова з Ігнатоўскім і Абэцэдарскім.
Між тым, іншыя, ня менш, а можа, і больш разумныя нашчадкі зусім нядаўна распачалі збор подпісаў за ўзьвядзеньне ў Менску помніка павешанаму герою, і амаль адначасова з гэтым была выпушчаная гульня, у якой Каліноўскі — адзін з галоўных пэрсанажаў.
І адны, і другія гуляюць найперш зь мітамі, якія пазарэз патрэбныя любой нацыі, пакуль яна не навучыцца іранізаваць з самой сябе, і якія замінаюць яе праціўнікам. Бальшавікам патрэбны быў вобраз сялянскага героя-паўстанца — але і беларускаму нацыяналізму ён быў патрэбны ня менш. На нейкі працяглы гістарычны момант міт Каліноўскага, здаецца, збольшага задаволіў усіх.
Пытаньне ў тым, на які падмурак пераставіць яго з той віленскай шыбеніцы. Чалавек, для каго гісторыя Беларусі пачынаецца з 1917 году, жыве цяпер, адпаведна, у 96 годзе паводле нацыянальнага календара — узрост немаўляці. Ня дзіва, што гульня, якую ён вядзе, у выніку атрымліваецца ня надта інтэлектуальная і больш падобная да дзіцячага кіно: нешта сярэдняе паміж «Гары Потэрам» і «Начным дазорам». Для праціўнікаў Каліноўскага і «каліноўшчыны» сьветлыя сілы прадказальна атаясамліваюцца з мудрым расейскім царом і з Мураўёвым, які, як высьветлілася, быў такі прагрэсіўны, што ажно плакаць хочацца, і займаўся тут «этнічнай мадэрнізацыяй» беларускага сялянства. Тэрмін, дарэчы, у лукашэнкаўскіх «навукоўцаў» атрымаўся сапраўды злавесны... З такімі поглядамі лепш ісьці сьпяваць «Горста Вэсэля», а не навукай займацца.
Ну, а цёмныя сілы для нашых немаўлятаў ад гісторыі — гэта, адпаведна, атаман Каліноўскі з хлопцамі. Якіх, як высьвятляецца, у сапраўднасьці і не было зусім, іх БНФ прыдумаў на амэрыканскія грошы. Прынамсі, такую выснову можна зрабіць з усяго гэтага лепету.
На адной зь вядомых карцін 1959 году аўтарства Пётры Сергіевіча, які Каліноўскага маляваў ня раз, у КК, які робіць агледзіны сялянскаму войску, сапраўды твар фанатыка. І хлопчыкі крывавыя ў вачах. Мароз грае на ягоных шчоках опэры Шастаковіча. Каліноўскаму лісьліва пасьміхаюцца — бо панок, відаць, ня толькі па-мужыцку гаварыць умее, але і на расправу быстры. Каліноўскі на гэтай сапраўды вельмі моцнай карціне непрыемны, як занадта яркае сонца. Яго так і хочацца прыкрыць рукой ці зацерці, такая ад яго ідзе энэргія. Стрыманасьць у пяцідзясятыя не віталася, калі ўжо герой — дык да гістэрыкі, калі ўжо сымбаль, дык такі, каб кожны дзень уваччу стаяў. Прыкладна такі самы першы кіношны Каліноўскі 1928 году ў выкананьні актора Сіманава — трэба было, каб вочы гарэлі, дык яны і гараць, не раўнуючы падпаленая панская сядзіба. У мастака Адольфа Гугеля Каліноўскі больш нагадвае паэта, толькі што прынятага ў Саюз пісьменьнікаў. Паэт дэклямуе, паэма доўгая, але народ не разыходзіцца. Ня кожны дзень з-пад самой Вільні паэты прыяжджаюць. Але гэта ўсё, так бы мовіць, мастацкая інтэрпрэтацыя. Самым нячаеўскім нячаевым Каліноўскі атрымаўся на сваім клясычным здымку — тым самым, дзе ён стаіць і глядзіць кудысьці ўбок, і ў яго на лобе напісана, што ён супраць цара і яшчэ пакажа ўсім маскалям, як дзяліць паспалітыя рэчы.
Ведама, можна пагадзіцца з тым, што Каліноўскі сапраўды быў тэрарыст. Але ў такім разе тэрарыст кожны, хто хоча зьмяніць злачынную ўладу. У тым ліку дзед Талаш, Алена Мазанік, Марат Казей, Зоя Касмадзям’янская, маладагвардзейцы кардынала, і цэлы сонм савецкіх ваенна-партызанскіх сьвятых — усе яны ня меншыя забойцы і тэрарысты, і «господам історікам» трэба так і называць сваіх улюбёнцаў і адпаведна пазначаць іх на сваіх іконах. І ставячы віртуальныя помнікі Мураўёву і Аляксандру ІІ, трэба ўжо быць пасьлядоўным і ставіць заадно сапраўдныя Івану Жахліваму, царыцы Кацярыне, Сталіну і Гітлеру. Толькі вар’ят можа аспрэчваць, што Каліноўскі ваяваў на сваёй зямлі супраць захопнікаў-чужаземцаў. Усё вельмі лягічна: бандытамі называлі балахоўцаў бальшавікі і белагвардзейцы, бандытамі называла нямецкае камандаваньне беларускіх партызанаў другой сусьветнай, бандытамі называюць расейцы чачэнскіх інсургентаў, бандытам называюць Каліноўскага некаторыя сучасныя праўдашукальнікі. Як бачым, яны, гэтыя барацьбіты за ісьціну, у добрай кампаніі.
Бяда толькі ў тым, што каму ў Менску помнік ні пастаў, усё адно ён атрымаецца групавы — і за сьпінай каменнага Каліноўскага абазнанаму мінаку заўжды будуць мроіцца ашчэраныя Мураўёў з царом Аляксандрам ІІ, а калі помнік паставіць цару і Мураўёву, дык над імі навечна будзе вісець цень Каліноўскага, які замахваецца жалезным дрынам, каб па чарзе апусьціць яго на галовы гэтых дзеячоў. Такая вось расплата за грэх ідэалёгіі. Абмінуць якую ў Беларусі, на жаль, цяжка — як п’янаму прыдарожны слуп.