Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Добра, што хоць паветра пакуль бясплатнае...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Эфір 13 сакавіка 2013 году

Ці варта трымацца за працу, калі заробку ледзь хапае на тое, каб пракарміцца? Мяркуючы па пошце «Свабоды», пытаньне гэтае актуальнае сёньня для многіх і многіх беларусаў. Сотні тысяч беларускіх грамадзянаў на яго ўжо адказалі, звольніўшыся з працы ў Беларусі і падаўшыся на расейскія будоўлі — на заробкі...

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога допісу, дзе закранаецца гэтая тэма. Вось як піша пра цяперашняе жыцьцё ў тыповым беларускім райцэнтры наш слухач Сяргей Жаваранак з Кобрына:

«Галоўная прамысловая галіна нашага Кобрына цяпер — вытворчасьць дзіцячых цацак: плястыкавых машынак, трактароў, экскаватараў... Вырабляюцца таксама прадметы побыту, посуд... Прычым усё гэта наладзілі прыватнікі. На прыватным прадпрыемстве „Палесьсе“ занята 2200 чалавек. Іншыя заводы і фабрыкі задзейнічаныя максымум на 50 працэнтаў: не вытрымліваюць канкурэнцыі. А сродкаў на пераабсталяваньне і мадэрнізацыю няма.

У крамах цяпер усё ёсьць. Праўда, не заўсёды і не ўва ўсіх хапае грошай. Цэны высокія, але ж можна купіць якой каўбасы кавалачак, грамаў сто, каб толькі пакаштаваць.

Асабіста ў мяне ў месяц атрымліваецца 3 мільёны рублёў. Даводзіцца многае ашчаджаць — і электраэнэргію, і газ, і ваду. Добра, што хоць паветра пакуль бясплатнае...

Наша ўлада рупіцца, каб у Беларусі не было жабракоў, каб не хадзілі з працягнутай рукой па вуліцах. Хоць роўнасьці як не было, так і няма. Адным улада дае бясплатныя кватэры, а другіх ня хочуць запісаць на йльготную чаргу, каб пабудаваць кватэру за ўласныя грошы. Так у нас заўсёды было. Памятаю
60-я гады. Тады ўсяго не хапала: хлеба, цукру, мукі, цукерак... Хлеб у Кобрыне быў толькі двух гатункаў. Цукар прадавалі ў мяхах... Грошай не было: дзе ты заробіш у Кобрыне... І цяпер тое самае...

У аптэку зь пяцьцю тысячамі рублёў цяпер нават не заходзь: нічога ня купіш. Заўважаю: як выходны, дык паўсюль цэны яшчэ больш падвышаюць — і на прадукты, і на адзеньне, і на абутак.

Некаторыя людзі цяпер увогуле ня хочуць уладкоўвацца на працу, бо надта нізкія заробкі. А што рабіць, мы і ня ведаем. Беларусы, увогуле, людзі спакойныя, бяскрыўдныя... Ну на каго мы першымі калі напалі? Толькі вось заможнае жыцьцё нас чамусьці абмінае. А можа, так і трэба — каб заўсёды чагосьці не хапала? Бо калі ўсяго будзе ўдосталь — то нецікава будзе жыць...»
.

Увогуле, спадар Сяргей, у тым сьвеце, які прынята называць цывілізаваным (і межы якога, дарэчы, ад вашага Кобрына зусім недалёка), калі чалавек мае працу, то ня думае пра тое, які кавалачак каўбасы купіць сабе на сьняданак, каб заўтра не застацца без абеду. Калі на заробак немагчыма пракарміць сябе і сваю сям’ю — значыць, ёсьць вялікая загана ў арганізацыі такой працы, дый увогуле такога грамадзтва. Вядома, працытаваная вамі афарыстычная фраза «А можа, так і трэба?» многае тлумачыць у характары беларусаў і ў сёньняшніх беларускіх рэаліях. Але ці вартыя беларускія грамадзяне такога жыцьця? Мяркуючы па тым, што людзі масава звальняюцца з працы, якая не дае магчымасьці годна жыць, і падаюцца на заробкі за мяжу — на такое існаваньне пагаджаюцца далёка ня ўсе.

На мінулым тыдні ў постсавецкіх і постсацыялістычных краінах часта згадвалі імя Сталіна: споўнілася 60 год са дня сьмерці камуністычнага дыктатара. Разважаючы пра цяперашняе стаўленьне ў грамадзтве да сталінскай спадчыны, наш слухач Алесь Станкевіч з Горадні піша:

«Нядаўна Мядзьведзеў заявіў: паколькі няма ніякага рашэньня суду, які б прызнаў Сталіна злачынцам, дык таму ў Расеі так шмат нацыяналістаў ды камуністаў, якія шануюць Сталіна. Я вось думаю: чаму міжнародная супольнасьць не правядзе такі трыбунал — напрыклад, у Варшаве? Доказаў жа злачынстваў Сталіна — болей чым дастаткова. Дарэчы, у той жа Польшчы, а таксама ў краінах Балтыі і Малдове ўжо дзейнічаюць антысталінскія законы.

А вось у Беларусі і Расеі ўсё па-іншаму. Пуцін і Лукашэнка заяўляюць, што нібыта няма агульнапрынятых стандартаў дэмакратыі. А як жа ў такім разе ацэньваць Усеагульную дэклярацыю правоў чалавека, Міжнародны пакт аб палітычных і грамадзянскіх правах — якія, дарэчы, падпісаныя і Расеяй, і Беларусьсю? Пуцін жа, здаецца, юрыст паводле адукацыі? Ці, можа, у школе КДБ у яго ўсе юрыдычныя веды выбілі?

Красамоўны факт — тое, што Пуцін і Мядзьведзеў не асудзілі масавыя рэпрэсіі Лукашэнкі пасьля сьнежня 2010 году. Трохі паўшчувалі дыктатара, паківалі пальчыкам — і ўсё. Цяпер жа Пуцін і Мядзьведзеў гэткія ж рэпрэсіі супраць іншадумцаў ужываюць у Расеі...»
.

Відавочна, Пуцін і Мядзьведзеў пры ацэнцы асобы Сталіна арыентуюцца ня столькі на нормы маралі і права, колькі на грамадзкія настроі, спадар Алесь. А настроі ў Расеі такія, што, паводле ацэнак незалежных сацыёлягаў, амаль палова насельніцтва станоўча выказваецца пра гістарычную ролю Ёсіфа Сталіна, і гэтая колькасьць большая, чым колькасьць тых, хто ацэньвае Сталіна выключна як крывавага дыктатара і злачынца. Увогуле, гэта вельмі дзіўная ўласьцівасьць расейскага (ды, напэўна, і беларускага) грамадзтва — асабліва ўлічваючы той факт, што практычна ў кожнай сям’і нехта з продкаў у выніку палітыкі гэтага «геніяльнага правадыра» быў без усялякай віны арыштаваны, пазбаўлены маёмасьці, сасланы ў Сыбір, ператвораны ў лягерны пыл...

Тэма наступстваў сталінізму гучыць і ў допісе, які даслала нам Ядвіга Пятроўская зь Менску Свой ліст яна напісала пасьля таго, як пачула ў адной са студзеньскіх перадач расповед нашага даўняга сябра Кастуся Сырэля з Ушачаў пра драматычны лёс сям’і Ібрагімовічаў з Плешчаніцкага раёну. Напрыканцы 30-х гадоў сям’ю гэтых працавітых і прынцыповых людзей бальшавіцкая ўлада вынішчыла пад корань. Ядвіга Пятроўская піша:

«Была вельмі ўражана, калі пачула ліст Кастуся Сырэля. Справа ў тым, што дзявочае прозьвішча маёй мамы — Ібрагімовіч. Да шлюбу яна жыла ў Капатніцы. Мама памерла ў 1947 годзе, калі мне было 8 гадоў. Старэйшы брат расказваў: мама вельмі плакала, калі арыштавалі Вацлава. Я ў яго пытаюся: „А хто такі Вацлаў?“ Аказалася, мамін стрыечны брат.

На жаль, нікога са старэйшых братоў і сясьцёр ужо няма сярод жывых. Я — малодшая ў сям’і, запытацца няма ў каго. Калі спадар Кастусь Сырэль мае якую дадатковую інфармацыю пра трагічны лёс маіх сваякоў — вельмі хацелася б, каб паведаміў. Так хочацца ведаць падрабязнасьці. Вядома, вельмі шмат часу мінула, але ж гэта — лёсы блізкіх мне людзей. Дзякуй, што прагучала імя Вацлава. Слухала перадачу і плакала»
.

Тым, хто спрабуе апраўдаць сталінскія людабойчыя злачынствы нейкімі ідэаламі ды вышэйшымі дзяржаўнымі інтарэсамі, паслухаць бы такіх людзей, як Ядвіга Пятроўская, як тысячы і тысячы іншых дзяцей, унукаў, праўнукаў рэпрэсаваных. Цэлыя пакаленьні людзей вырасьлі без бацькоўскай апекі і ласкі, з адчуваньнем жахлівай несправядлівасьці, з кляймом «дзяцей ворагаў народа», якое адбілася потым на ўсім наступным жыцьці...

Кастусь Сырэль з Ушачаў, якога згадвае Ядвіга Пятроўская, даслаў нам новы ліст — з развагамі пра тое, як улада і грамадзтва ў Беларусі паставіліся да юбілею вызвольнага паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Слухач піша:

«Пачуў на гэту тэму па „Свабодзе“ апытаньне мінакоў на вуліцах Горадні, а пазьней прачытаў выказваньні аднаго паслугача рэжыму, які назваў Кастуся Каліноўскага тэрарыстам і наагул абліў яго брудам з галавы да ног. Як першае, так і другое — асабліва другое, — зачапіла мяне за жывое. Я ўспомніў мерапрыемствы па рэабілітацыі Сталіна, улучаючы будаўніцтва бутафорскай лініі яго імя, успомніў хваласьпевы Лукашэнкі Гітлеру, успомніў тыя вёдры, бочкі, цыстэрны агіднага бруду, якія ліў рэжым на патрыётаў Беларусі, на кандыдатаў у прэзыдэнты, — і выразна ўбачыў сувязь паміж усхваленьнем крывавых дыктатур ХХ стагодзьдзя і прыніжэньнем Кастуся Каліноўскага. Лукашэнка ўсхваляе ня толькі дыктатараў мінуўшчыны, ён раўняе сябе зь імі і ў іх асобе ўсхваляе і апраўдвае сябе. Ягоны паслугач прыніжае ня толькі Каліноўскага, у дужках ён ставіць знак роўнасьці паміж ім і сучаснымі змагарамі з дыктатурай, і такім чынам імкнецца прынізіць апошніх».

Кастусь Сырэль — адзін з тых нашых актыўных сяброў, якому мы даслалі новую кнігу зь «Бібліятэкі Свабоды». Спадар Кастусь з гэтай нагоды заўважае (зноў цытую ліст):

«У мяне сабралася ўжо 6 кніг „Бібліятэкі Свабоды“. Чытаю „Гамбурскі рахунак Бахарэвіча“. Вы, можа, будзеце сьмяяцца, але ня толькі чытаю, а і... нюхаю. Падабаецца пах новай кнігі. Апошнім часам усё больш на электронныя налягаю, а яны, на жаль, ня пахнуць. Купляць папяровыя даводзіцца рэдка — у нашым мястэчку годную літаратуру ня купіш, а межы раёну я амаль не пакідаю. Дый дарагія яны, папяровыя кнігі.

Адным словам, вялікі дзякуй!»
.

Сапраўды, на працягу апошніх дваццаці год у Беларусі адбыліся вельмі істотныя зьмены ў стаўленьні дзяржавы да кнігі. Асабліва гэта датычыць рэгіёнаў. Раней кнігарні былі ў кожным мястэчку (ня кажучы ўжо пра райцэнтры). Бібліятэкі працавалі нават у самых аддаленых вёсках. За апошнія два дзесяцігодзьдзі карціна кардынальна зьмянілася. Зачыненыя і зьнішчаныя сотні бібліятэк. Кнігарні ліквідаваныя ня толькі ў вёсках і пасёлках — нават у многіх райцэнтрах. Улада спасылаецца на тое, што на ўтрыманьне ўсяго гэтага няма грошай. Хоць, каб выратаваць усе тыя бібліятэкі і кнігарні, дастаткова было адмовіцца ад будаўніцтва хаця б аднаго правінцыйнага лядовага палаца. Тым больш што патрэба ў гэтых палацах і мэтазгоднасьць іх будаўніцтва ў такой ня самай багатай краіне, як Беларусь, вельмі сумнеўныя.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG