Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чыноўнікі кінуцца дзяліць уладу, як толькі аслабне рука дыктатара...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Эфір 20 лютага 2013 году

Значная частка пошты «Свабоды» — гэта развагі пра будучыню Беларусі, пра тое, як і калі могуць адбыцца зьмены ў беларускай дзяржаве. Многія ў гэтай сувязі ўскладаюць надзею на выбары. Аднак досьвед двух апошніх дзесяцігодзьдзяў сьведчыць, што ва ўмовах сёньняшняй Беларусі выбары найчасьцей выкарыстоўваюцца ня дзеля таго, каб зьмяніць уладу, а толькі каб захаваць яе. І вынік іх загадзя вядомы.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Васіль Сініцкі зь Лельчыцаў піша:

«Усе добра ведаюць, што выбараў у краіне даўно няма, і ў той жа час старанна рыхтуюцца да прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году.

Пасьля 1994 году ў якасьці незалежнага назіральніка я браў удзел амаль ва ўсіх выбарах. Быў таксама даверанай асобай многіх дэмакратычных кандыдатаў. Выконваў свае абавязкі сумленна. Але адзінае, што можна было кантраляваць падчас такіх кампаній, — гэта колькасьць выбарцаў, якія прыходзілі на ўчастак і бралі ўдзел у галасаваньні.

Дык вось, паводле маіх назіраньняў і падлікаў, пасьля 2008 году як на парлямэнцкіх, так і на прэзыдэнцкіх выбарах яўка не дасягае нават паловы выбарцаў. Чаму людзі не ідуць галасаваць? Бо даўно пераканаліся, што выбараў няма. Ісьці галасаваць — усё роўна што спрабаваць напоўніць вадой бочку бяз дна.

Дык чаму дэмакратычныя сілы ўдзельнічаюць у гэтым фарсе?

Дарэчы, улада таксама актыўна рыхтуецца да наступных прэзыдэнцкіх выбараў. У прыватнасьці, хоча ўнесьці такія зьмены ў Выбарчы кодэкс, пры якіх скасоўвалася б ніжняя мяжа яўкі выбарцаў. Тады гвалтам заганяць людзей ня будзе патрэбы.

Паводле зьвестак незалежных сацыёлягаў, Лукашэнку цяпер падтрымліваюць каля 30 працэнтаў беларусаў. Вось гэтыя 30 працэнтаў у 2015 годзе і пойдуць на выбарчыя ўчасткі. І Лукашэнка атрымае аглушальную перамогу — нават калі на кожным участку будзе назіральнік АБСЭ.

Выйсьце з гэтай сытуацыі я бачу вось якое. Трэба пераняць досьвед Украіны: паабяцаць кожнаму выбарцу, які пагодзіцца прыйсьці на ўчастак, кіло грэчкі. Калі павераць — яўка наблізіцца да 100 працэнтаў»
.

Калі пры гэтым лічыць бюлетэні будуць тыя ж камісіі, што і раней, калі фармаваць іх будуць толькі з вылучэнцаў «вэртыкалі» — то, мяркую, і выніковыя лічбы акажуцца ранейшымі — незалежна ад колькасьці абяцанай грэчкі і высокай ці нізкай яўкі выбарцаў. Як звычайна, абвесьцяць, што Лукашэнка атрымаў 75 працэнтаў галасоў, а ўсе іншыя кандыдаты разам — працэнтаў 5 ці 7. Колькі разоў беларусы ўжо былі сьведкамі такога сцэнару.

На гэтым жа акцэнтуе ўвагу ў сваім лісьце наш даўні слухач і аўтар Ігнат Гавенскі з Полацку. Ён піша:

«Аўтарытарны рэжым ужо даўно манапалізаваў увесь выбарчы мэханізм і піша вынікі выбараў пад дыктоўку. Удзельнічаць у такім галасаваньні няма ніякага сэнсу. Як няма сэнсу і ў тым, каб дапамагаць спэцслужбам папаўняць сваімі прозьвішчамі кампутарныя базы дадзеных са сьпісамі „нядобранадзейных“.

Ёсьць іншыя шляхі і спосабы. Напрыклад, надрукаваныя на асабістым прынтэры і раскіданыя па паштовых скрынях улёткі — неблагі дадатак да працы ў сацыяльных сетках.

А калі ў кожным беларускім горадзе зьявіцца чалавек, здольны паўтарыць шляхетны ўчынак Сяргея Каваленкі і ўзьняць на вышыню зьняважаны беларускі сьцяг — гэта ўжо будзе іншая Беларусь.

Асабіста я веру, што зьмены ў Беларусі — блізка. Нам трэба ўлічыць урокі Плошчы-2010 і рыхтавацца да таго часу, калі дыктатара ня стане. Бо важна прымусіць лічыцца з сабой тых чыноўнікаў, што адразу кінуцца дзяліць уладу, як толькі аслабне рука дыктатара»
.

Прыкметаў таго, што гэтая рука можа аслабнуць у блізкай будучыні, ня надта шмат, спадар Ігнат. І нават калі Лукашэнка пад ціскам тых ці іншых абставін вымушаны будзе сысьці — застанецца вялікая рызыка таго, што на месцы аднаго аўтарытарнага кіраўніка зьявіцца падобны іншы, зь ня меншай прагай аднаасобнай улады. Рызыка гэтая тым вышэйшая, чым менш жадае беларускае грамадзтва ў масе сваёй уздымаць свой голас супраць аўтарытарызму ды самаізаляцыі краіны.

Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў свой новы ліст напісаў пасьля таго, як прачытаў на сайце «Свабоды» інтэрвію зь інакам Жыровіцкага манастыра Мікалаем, які асуджальна выказаўся пра Кастуся Каліноўскага і прыхільна — пра генэрала Мураўёва, які душыў вызвольнае паўстаньне 1863 году. Слухач, у прыватнасьці, піша:

«Вось, напрыклад, пра Каліноўскага ён кажа: «І галоўнае — бунт яго быў скіраваны супраць дзяржавы, заканадаўства якой грунтавалася на запаведзях Божых і канонах царквы».

Прабачце мяне, шаноўны манах, але пра якую дзяржаву вы тут ведзяце гаворку? Няўжо пра Расейскую імпэрыю? У мяне ёсьць вялікі сумнеў, што ў царскай Расеі наагул калі-небудзь дзейнічала якое-небудзь заканадаўства, тым больш — заснаванае на запаветах Божых і канонах царквы. Якімі, напрыклад, Божымі запаветамі кіраваўся Іван Жахлівы, калі ў Маскве на Краснай плошчы сотнямі катаваў і аддаваў пакутніцкай сьмерці апрычнікаў, а іх жонак і дзяцей тапіў у Маскве-рацэ?.. А чаму гэта пасьля гаспадараньня расейскага войска ў нашым краі падчас Паўночнай вайны насельніцтва зьменшылася на 80%?

А як, па-вашаму, шаноўны манах, утварылася велізарная тэрыторыя Расейскай імпэрыі? Што, народы Сыбіры, Далёкага Ўсходу і Сярэдняй Азіі зьбіралі рэфэрэндумы аб далучэньні да Расеі?

І вось які парадокс: калі, умоўна кажучы, індзейцы паўставалі супраць самаўпраўства гішпанцаў, расейцы шкадавалі няшчасных індзейцаў і выказваліся супраць гішпанцаў. А калі тое ж самае рабілі не індзейцы, а беларусы ці іншыя народы супраць Расеі — о-о-о, якія дрэнныя Кастусь Каліноўскі, Тадэвуш Касьцюшка ды іншыя падобныя!

Мяне зьдзівілі таксама іншыя словы інака: «Той, хто падаўляў па сваім статусе бунт, выконваў загад цэсара, выконваў свой вайсковы абавязак», — піша ў сваім лісьце на «Свабоду» Кастусь Сырэль з Ушачаў. — Вайсковы абавязак, шаноўны манах, — гэта змагацца са зброяй у руках супраць узброенага ворага на полі Марса і перамагаць гэтага ворага. А вешаць бяззбройных палонных, а потым зьдзекавацца зь іх жонак і дзяцей і рабаваць іх майно — ёсьць занятак ката. Генэрала ад інфантэрыі Мураўёва за ягоныя зьверствы асудзілі ня толькі беларускі і польскі народы, але і рускі, дадаўшы да прозьвішча мянушку «вешальнік». Таму генэрал-губэрнатар Паўночна-Заходняга краю граф Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў назаўжды застанецца ў народнай памяці вешальнікам і брудным катам, як бы вы, манах, ні імкнуліся адмыць яго ад бруду і абяліць.

Уласна кажучы, мяне не зьдзівілі вашы выказваньні пра Каліноўскага і Мураўёва-вешальніка. Калі прыпадняць вашу чорную расу, то пад ёй мы ўбачым нішто іншае, як расейскі трыкалёр: вы ж прадстаўляеце Рускую праваслаўную царкву. Як жа вы, верны слуга РПЦ, будзеце ўсхваляць кіраўніка антырасейскага народна-вызвольнага паўстаньня?

А ўвогуле, мяне зьдзівіла ўвага Радыё Свабода да пэрсоны інака Мікалая. Зьдзівіла таму, што звычайна такія інтэрвію бяруцца ў вядомых, адметных чым-небудзь людзей. Але я не разумею, чым такім асаблівым адметны гэты звычайны жыровіцкі манах, сан якога адпавядае хіба што воінскаму званьню сяржанта«
.

Справа ў тым, спадар Кастусь, што праваслаўны інак Мікалай у мінулым — вядомы сярод беларускай інтэлігенцыі філёзаф, паэт, публіцыст і абаронца беларушчыны Алег Бембель. У 1985 годзе ў Лёндане ён выдаў кнігу «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс». Гэта праца была прысьвечаная моўнай сытуацыі ў БССР і рэальнаму стану беларускай мовы ў Савецкім Саюзе. У час напісаньня кнігі Бембель праводзіў шырокае анкетаваньне па гэтай праблеме, якая тады была забароненай тэмай для савецкіх сацыёлягаў; дадзеныя анкетаваньня былі выкарыстаныя ў кнізе, у якой аб’ектыўна распавядалася пра моўную дыскрымінацыю. На той час зьяўленьне такой працы было надзвычайнай зьявай.

Наступны (апошні ў сёньняшнім аглядзе) ліст — ад Мікалая Бельчыкава з Барысава. Гэта — своеасаблівы адказ тым нашым шматлікім слухачам, якія скардзяцца на якасьць эфірнага прыёму і адсутнасьць у продажы кароткахвалевых прымачоў. Спадар Мікалай піша:

«Свабоду» я цяпер слухаю толькі праз спадарожнік Hot Bird — з надзвычай высокай якасьцю.Знайсьці канал «Свабоды» вельмі проста: радыёканал у пераліку ўсіх каналаў лічыцца на беларускай мове.

Раю ўсім. Цяпер набыць спадарожнікавае абсталяваньне не нашмат даражэй, чым якасны прымач з кароткімі хвалямі. Затое праз спадарожнік вы зможаце ня толькі слухаць «Свабоду», але і глядзець амаль 700 тэлеканалаў з усяго сьвету.

...Што да праграмаў «Свабоды». Пажадана, каб вы часьцей зьвярталіся да сваёй гісторыі. Цяперашнім слухачам было б вельмі цікава ведаць, пра што «Свабода» распавядала ў 50–70-я гады. Тым больш што тады вас вельмі якасна глушылі«
.

Вельмі спадзяюся, спадар Мікалай, што ваш прыклад пяроймуць іншыя нашы слухачы — асабліва сталага веку, якія не асвоілі кампутар і інтэрнэт. Уключаць спадарожнікавае абсталяваньне і знаходзіць сярод радыёканалаў «Свабоду» не нашмат складаней, чым уключаць радыёпрымач. А якасьць прыёму пры гэтым — непараўнальная.

Што да парады пра зварот да гісторыі «Свабоды» — слушная заўвага, спадар Мікалай. Мы часта зазіраем у свой архіў, будзем рабіць гэта і надалей. Шкада толькі, што ў «далічбавую» эпоху не было такой магчымасьці, як цяпер, для запісу перадач, і таму далёка ня ўсе яны захаваліся.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG