Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цягам тыдня ўсё хакейнае кіраўніцтва Беларусі будзе заменена


Як і загадаў пры канцы мінулага тыдня Аляксандар Лукашэнка, «тройца» ў асобах міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко, першага віцэ-прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту Ігара Рачкоўскага і дарадцы прэзыдэнта ў пытаньнях фізычнай культуры і спорту Максіма Рыжанкова наладзіла прэсавую канфэрэнцыю, падчас якой былі ўзьнятыя пэрспэктывы існаваньня фэдэрацыяў, якія завалілі стратэгічныя для Беларусі віды спорту.

Журналістаў перадусім цікавіў лёс беларускага хакею, які, нягледзячы на вялізныя дзяржаўныя ўліваньні, прадэманстраваў сваю неканкурэнтаздольнасьць на ўсіх узроўнях. Зборная Беларусі ня трапіла на зімовыя Алімпійскія гульні 2014 году ў Сочы, праваліўшы алімпійскую кваліфікацыі ў Даніі; каманда менскага «Дынама» засталася па-за зонай плэй-оф у Кантынэнтальнай хакейнай лізе; сталічнае «Юнацтва» фінішавала сярод апошніх у расейскай Вышэйшай хакейнай лізе.

На адмысловай нарадзе 28 лютага Аляксандар Лукашэнка назваў падобныя вынікі «пазорышчам» і распарадзіўся цягам бліжэйшага часу зрабіць аргвысновы. Сёньня ўдзельнікі сумеснай прэсавай канфэрэнцыі ў катэгарычнай форме запэўнілі, што кіраваць беларускім хакеем неўзабаве будуць новыя людзі. Праўда, за эмоцыямі так і не прагучалі канкрэтныя прозьвішчы. Прэзыдэнцкі дарадца ў пытаньнях спорту Максім Рыжанкоў папрасіў патрываць тыдзень:

«Гаварыць канкрэтна па людзях я пакуль нічога не магу — толькі фэдэрацыя можа на сваёй канфэрэнцыі прыняць такія рашэньні. Аднак, размаўляючы ў апошнія дні з кіраўніцтвам фэдэрацыі, ужо было відавочна, што яны таксама разумеюць: мабыць, вярхушка фэдэрацыі патрабуе прытоку сьвежай крыві, новага погляду на сытуацыю; погляду, далёкага ад прыватных інтарэсаў пэўных клюбаў. Таму ўва ўсіх такое разуменьне ёсьць, і я магу гаварыць, што ўсе гатовыя да кадравых зьменаў як у фэдэрацыі, так і ў складзе кіраўніцтва клюбу „Дынама“ (Менск). Іншая справа, хто прыйдзе і наколькі гэта хутка будзе, — гэта пакуль пытаньне. Але тое, што гэта будзе ў самай бліжэйшай пэрспэктыве — дакладна. Часу запатрабуецца, можа, тыдзень, бо гэта досыць складанае арганізацыйнае мерапрыемства».

Былы кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту, а цяпер першы намесьнік Лукашэнкі ў Нацыянальным алімпійскім камітэце Ігар Рачкоўскі, у сваю чаргу, зазначыў, што ў падобнай сытуацыі хакейныя мэнэджэры павінны былі самі падаць у адстаўку, не чакаючы, пакуль іх хтосьці папросіць:

«Пасьля таго, што адбылося ў беларускім хакеі, я б на месцы ўсіх кіраўнікоў хакейнай фэдэрацыі дружна зь іншымі ўстаў бы, сказаў бы ўсім „дзякуй за ўвагу“ і пайшоў бы займацца нейкімі іншымі справамі. Таму што, шчыра кажучы, тое, што мае месца, не вытрымлівае ніякай крытыкі. Судзейства правальнае, матчы — ня трэба быць вялікім спэцыялістам — заказныя, суцэльныя інтрыгі. Шоў-бізнэс у параўнаньні з хакеем у нас проста адпачывае. Тыя скандалы, якія ёсьць у хакеі, нашаму шоў-бізнэсу і ня сьніліся. Хочацца працытаваць радкі зь вядомай песьні: „Баязьлівец не гуляе ў хакей“. Дык вось, як кіравала хакеем наша фэдэрацыя, дык я лічу, што поўным складам трэба ўстаць і сьмела сысьці».
Судзейства правальнае, матчы — ня трэба быць вялікім спэцыялістам — заказныя, суцэльныя інтрыгі

Кіраўнік спартовага ведамства, а да нядаўняга часу намесьнік міністра па надзвычайных сытуацыях Аляксандар Шамко адзначае, што ўсе кадравыя пытаньні трэба вырашыць як мага хутчэй да сёлетняга чэмпіянату сьвету па хакеі ў Швэцыі і Фінляндыі, бо «падвешанасьць» можа прывесьці да чарговага правальнага выступу:

«Напэўна, запатрабуецца нейкі час, каб вызначыцца ў тым ліку і хакейнай грамадзкасьці, каб вылучыць і ацаніць кандыдатаў, усё добра абмеркаваць і прыняць грунтоўнае рашэньне. Катастрофы няма, але патрэбны час, каб дакладна і ўзважана прыняць адзіна правільнае рашэньне. Таму што чэмпіянат сьвету не за гарамі, і ўсе гэтыя пытаньні будуць толькі больш і больш ліхаманіць хакейную галіну. А хакей сёньня ў нашых заўзятараў — аб’ектыўна адзін з самых любімых відаў спорту».

Між тым, на думку спартовага экспэрта Аляксандра Пуцілы, разьлічваць на тое, што ў выніку супольнай працы «тройцы» вымалюецца нешта талковае, наўрад ці даводзіцца. Хоць бы таму, што толькі некалькі месяцаў таму на загад Лукашэнкі яны былі далучаныя да спорту:

«Што тычыцца гэтых чыноўнікаў, то не сакрэт, што ўсе яны далёкія ад спорту. Хто будзе выпрацоўваць стратэгію? Ранейшы намесьнік міністра па надзвычайных сытуацыях, прафэсійны дыплямат і былы старшыня памежнага камітэту? Якую яны канцэпцыю могуць выпрацаваць, якую стратэгію сфармаваць найбліжэйшым часам — я, шчыра кажучы, не разумею. Таму што без прыцягненьня адмыслоўцаў нічога зрабіць нельга. Раіцца зь Яўгенам Ворсіным, якім зрабіць наш хакей у агляднай будучыні, таксама, думаю, няма сэнсу, бо Ворсін усё ж пэнсійнага ўзросту, 65 гадоў сёлета адзначае. Да таго ж мы памятаем, што Ворсін пасьля правалу зборнай на чэмпіянаце сьвету мінулым летам сам імкнуўся сысьці з пасады старшыні фэдэрацыі хакею, але замены яму так і не знайшлі».

Першыя кандыдаты на страту цяперашніх пазыцый — згаданы ўжо кіраўнік фэдэрацыі Яўген Ворсін, старшыня фізкультурна-спартовага таварыства «Дынама» Юры Бародзіч, галоўны трэнэр нацыянальнай зборнай Андрэй Скабелка і настаўнік менскіх дынамаўцаў Аляксандар Андрыеўскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG