Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна за марку


Зьміцер Падбярэскі
Зьміцер Падбярэскі
Калі пад канец 90-х мінулага стагодзьдзя да мяне завітаў чалавек, які назваўся Фёдарам Караленкам і прапанаваў напісаць уступны артыкул да новага сайту, прысьвечанаму ансамблю «Песьняры», я, прызнацца, быў зьдзіўлены. Найперш самім фактам стварэньня сайту: а каму гэта можа быць цікавым? Тым ня менш, настойлівасьць Фёдара перамагла: фан-сайт ансамбля «Песьняры» адчыніўся і неўзабаве зрабіўся сапраўдным віртуальным музэем калектыву. Нават атрымаў «Рок-карону» за лепшы музычны сайт году.

Як раптам — навіна. Фёдара Караленку запрасілі ў офіс БДА «Песьняры» і абвінавацілі яго ў тым, што ён займаецца крадзяжом інтэлектуальнай уласнасьці. А менавіта: гандлёвай маркі «Песьняры». А калі так, дык заснавальніку сайту выставілі ўльтыматум: прызначыць мадэратарам сайту www.pesnyary.com прадстаўніка БДА, альбо зачыніць форум гэтага сайту ці сайт наогул, альбо перадаць сайт наогул ва ўласнасьць дзяржаўнага калектыву.

Цікавая сытуацыя, ці ня так? Уявім, што нейкі чалавек цягам многіх гадоў нешта будаваў-ствараў, як раптам прыходзяць людзі звонку і заяўляюць: гэта — нашае. На практыцы гэта называецца рэйдарскім захопам. Аднак тое збольшага тыпова для прамысловых аб’ектаў. А вось каб такое зрабіць з сайтам... Нешта новенькае!

Ніхто ня будзе спрачацца, што абарона гандлёвай маркі (у нашым выпадку — БДА «Песняры» — без «ь» у назьве) — цалкам лягічнае дзеяньне. Яно мела абгрунтаваньне, калі пад назвай «Песьняры» паўстала адразу некалькі калектываў, якія насамрэч заміналі дзейнасьці БДА. Аднак пры чым тут адрас сайту, калі ён нават па напісаньню ня мае анічога агульнага з гандлёвай маркай БДА? Сайт гэты — неафіцыйны і быў створаны яшчэ да таго, як тая гандлёвая «песьняроўская» марка была зарэгістраваная. Дык зь якой такой падставы дзяржаўная структура павінна патрабаваць аддаць ім тое, ува што цягам столькіх гадоў было ўкладзена столькі сіл, часу і, прабачце, грошай?

Разгадка тут крыецца, як можна здагадацца, у наступным. Свой сайт Фёдар ствараў у знак памяці аб калектыве, які, паводле ягонага меркаваньня, спыніў існаваньне ў 1998 годзе, калі ад Уладзімера Мулявіна пайшлі ці ня ўсе ўдзельнікі калектыву. Ужо значна пазьней і не зь ягонай ініцыятывы на форуме сайту дадаліся тэмы, прысьвечаныя тым калектывам, якія спрабуюць працягваць справу ранейшых «Песьняроў». Трэба прызнаць, што заўваг ды крытыкі, часам вельмі вострай, хапала тут усім, але найперш даставалася менавіта БДА. А паколькі на сайце БДА «Песняры» форум адсутнічае, уся гэтая крытыка акумулявалася на сайце pesnyary.com. І кіраўніцтву БДА гэта напэўна не падабалася, што пацьвярджаюць словы дырэктара калектыву Сяргея Маеўскага. У інтэрвію euroradio.fm ён заявіў: «Уявіце, што на форумах фірмовага сайта якога-небудзь прадукту будуць пісаць, не саромеючыся выказваньняў, што гэты прадукт — дрэнны... Дык чаму ж www.pesnyary.com сабе гэта дазваляюць?»

Дазволю сабе паправіць спадара дырэктара: сайт гэты — не фірмовы...

Рэакцыя на тыя словы самога Фёдара Караленкі была такая: «Там людзі размаўлялі, уздымалі важныя тэмы, знаходзілі старыя песьні, якія былі згубленыя... Таму я паўсюль зьняў свой копірайт і аддаў правы адміністратара адразу некалькім людзям. Па факце я перадаў сайт суполцы сталых удзельнікаў форума. Цяпер гэта віртуальны фан-клуб».

Як мне думаецца, запрашаючы Фёдара да сябе, кіраўніцтва БДА як спадкаемцы тых самых «Песьняроў» павінна было найперш выказаць яму падзяку за зробленае, у тым ліку й за рэкляму БДА. Не, вырашылі ліквідаваць, пагражаючы пры гэтым адміністрацыяй прэзыдэнта і судом. Нягледзячы нават на тое, што ў свой час на сайце pesnyary.by існавала спасылка на www.pesnyary.com. Пры гэтым, як адзначае сам Фёдар Караленка, «за ўвесь час існаваньня сайта ад прадстаўнікоў пакрыўджанага калектыву не было аніводнай скаргі».

І тут паўстае пытаньне: а што насамрэч БДА «Песняры» можа зрабіць з гэтым сайтам? Зачыніць яго праз суд? Па-першае, гаспадары сайту цяпер невядомыя. Па-другое, дамен «com» належыць ЗША і гэтым усё, бадай, сказана. Хоць...

Ад беларускага суда можна чакаць што заўгодна. Яшчэ ў 2004 годзе Фёдар Караленка адказваў у судзе з нагоды нібыта парушэньня сайтам www.pesnyary.com аўтарскіх правоў Ігара Лучанка. Нагодай стала знаходжаньне на сайце не саміх песень кампазытара, а ўсяго толькі спасылак на тыя рэсурсы, дзе песьні можна было спампаваць. Юрый Зісер, які прысутнічаў на судзе ў якасьці экспэрта, заявіў, што спасылкі — гэта тое, на чым трымаецца ўвесь інтэрнэт, і пакараць за спасылкі — значыць зрабіць пераварот у інтэрнэце. Але Фёдара такі пакаралі. Ажно на 3 тагачасныя базавыя велічыні. Суд, трэба разумець, тады прызнаў: парушэньне было, але — невялічкае.

Так што працяг гісторыі з www.pesnyary.com можа быць самы непрадказальны. І на гэтым можна было б скончыць, каб не наступнае.

Увосень 2011 году былы ўдзельнік «Песьняроў» Барыс Бернштэйн дзеля адданьня гонару свайму былому калегу ды сябру памерламу кампазытару Ігару Паліводзе выйшаў на сайт www.pesnyary.com з ідэяй зрабіць студыйны запіс цыклу «Вясёлыя жабракі», які Палівода напісаў для «Песьняроў» і які так і ня быў запісаны ў студыі. Многім тады гэтая ідэя падалася ці не авантурнай. Тым ня менш... Барыс здолеў далучыць да працы 30 музыкаў з 8 краінаў сьвету, і на днях гэтая праграма будзе прэзэнтаваная на сайце palivoda.net.

Інакш кажучы: за паўтара гады выключна ў вольны час і не на дзяржаўныя зарплаты музыкі зрабілі такое, да чаго БДА «Песьняры» так і ня здолелі наблізіцца амаль за 10 гадоў існаваньня. Як кажуць, адчуйце розьніцу!..

І падумайце: ці тым людзям дадзена права трымаць і абараняць гандлёвую марку «Песьняроў»?

P.S. Гэтыя радкі — так супала — пісаліся ў гадавіну сьмерці Ігара Паліводы, якому на сайце www.pesnyary.com прысьвечана шмат месца. Дык што, варта і пра яго зачыніць памяць?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG