Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На чым езьдзяць «вертыкальшчыкі»


У год беражлівасьці, якім з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі абвешчаны 2013-ты, уладная вэртыкаль у шэрагу рэгіёнаў вызначылася жаданьнем набыць для службовых патрэбаў дарагія імпартныя аўтамабілі.

Нягледзячы на пагрозы кіраўніка краіны разабрацца, на якія сродкі чыноўнікі набываюць лімузыны ды пазадарожнікі, інфармацыя пра тэндэры на іншамаркі ўсплывае рэгулярна.

Выканкамаўскія аўтапаркі абнаўляюцца рэгулярна. У эпоху інтэрнэту запыты дзяржаўных ведамстваў на арганізацыю конкурсаў на пастаўку транспарту становяцца вядомымі грамадзкасьці. Самыя папулярныя заяўкі — джыпы, красовэры, мінівэны.

VW Touareg Hybrid
VW Touareg Hybrid
Ельскі райвыканкам яшчэ летась нацэліўся на куплю статуснага пазадарожніка Volksvagen Touareg V6 TDI Tiptronic, пра што і было абвешчана на сайце goszakupki.by. Заяўлены кошт — 70 тысяч даляраў, крыніца фінансаваньня — мясцовы бюджэт. Пад напорам абуранай грамадзкасьці зьдзелку давялося скасаваць, хоць пакрыўджаныя яльчане і ківалі на суседзяў з Кармы — там старшыня выканкаму езьдзіць на такім жа Volksvagen Touareg.

Таксама летась кіраўніцтва справамі Нясьвіскага райвыканкаму паклала вока на гэткі ж кідкі Toyota Highlander, кошт якога ў самай мінімальнай камплектацыі пачынаецца ад 55 тысяч даляраў. Аднак пасьля таго як зьверху прыйшоў сыгнал суцішыць апэтыты, аўкцыён быў адменены.

Старшыні Драгічынскага райвыканкаму летась пачалі шукаць мадэрнізаваны варыянт Hyundai Santa Fe — Comfort 4WD трэцяга пакаленьня коштам 47 тысяч даляраў. Але, зноў жа, гісторыя скончылася абурэньнем грамадзкасьці і адменай.

Бешанковіцкі райвыканкам меўся набыць поўнапрывадны Hyundai Santa Fe за 42 тысячы даляраў. Зьдзелка не адбылася зь іншай прычыны — не было вартых прапаноў. А значыць, ад ідэі новай машыны там не адмаўляюцца.

Пастаўскаму райвыканкаму запатрабаваўся Volkswagen Tiguan 2.0 TDI амаль за 40 тысяч даляраў. Пазьней было заяўлена, што ад сваёй заяўкі пастаўскія чыноўнікі адмовіліся, але мясцовыя жыхары сьцьвярджаюць, што навюткі «немец» штодня паркуецца перад выканкамам.


Запатрабаваньні бальшыні іншых вэртыкальшчыкаў крыху сьціплейшыя, але хіба што ў параўнаньні з калегамі. Каб не наклікаць на сябе гнеў мясцовых жыхароў і сталічнага начальства, усё часьцей выбар спыняецца на чэскіх аўто. Праўда, мадэль ад мадэлі істотна розьніцца. Калі Верхнядзьвінскі райвыканкам хоча набыць Skoda Octavia Elegance за 23 тысячы даляраў, то Віцебскі аблвыканкам замовіў адразу чатыры поўнапрывадныя Skoda Superb у «гламурнай» камплектацыі. Кошт адпаведны — 55 тысяч даляраў за кожную. Галоўная «фішка» — салён Glamour з аздабленьнем Noblesse пад дрэва. Дзесьці пасярэдзіне спыніўся Берасьцейскі аблвыканкам, даўшы згоду заплаціць за квартэт Skoda Superb Ambition па 35 тысяч даляраў за кожную.

Чаму рознаўзроўневыя бюракраты, заклікаючы падтрымліваць айчыннага вытворцу, не стасуюць гэты заклік да сябе? Чаму чыноўнікам не пасуюць іранскія аўтамабілі «Саманд», якія ад сярэдзіны 2000-х штампуюцца ў Абчаку пад Менскам? Чаму службы райвыканкамаў не закідваюць заяўкамі вытворцу кітайскіх аўтамабіляў «Джылі» ў Барысаве?

Як кажа экспэрт у аўтамабільнай галіне Раман Жукоўскі, цяперашні трэнд найлепш дэманструе якасьць таго прадукту, які падаецца беларускім нібыта аўтапрамам. Па яго словах, чыноўнік на дрэннай машыне езьдзіць ня будзе:
Раённая вэртыкаль усё робіць дзеля таго, абы толькі не перасесьці на ўмоўна «беларускае»

«Ня так даўно вытворцы назвалі цану на свае кітайска-беларускія аўтамабілі — 12 900 даляраў. Чым ня шанец заашчадзіць народныя грошы? Купляйце, грамадзяне начальнікі, калі ласка! Але ж усе, і найперш самі чыноўнікі, цудоўна ведаюць, што гэта за машына. Гэта проста жах. Бо ні зборкі, ні якасьці, ні камплектуючых. «Самандамі» ўжо наеліся, няўжо не зразумела было? На 90% — адвёрткавая зборка, усе камплектуючыя дагэтуль пастаўляюцца адтуль. Ледзьве душа ў целе, збыту ніякага. Замоваў, калі гэта не прымусовае разьмеркаваньне па сілавых структурах, увогуле няма. Вы ж бачыце, што нават раённая вэртыкаль усё робіць дзеля таго, абы толькі не перасесьці на ўмоўна «беларускае».

Аляксандар Лукашэнка езьдзіць ад Драздоў да сваёй рэзыдэнцыі на браніраваным «Мэрсэдэсе», кошт якога, паводле ацэнак экспэртаў, стартуе сама меней ад паўмільёна даляраў. А летась у прэзыдэнцкім гаражы зьявіўся эксклюзіўны «Майбах» — гаспадар сьцьвярджае, што атрымаў яго ў падарунак.

Прадпрыемства «Белспэцтрансаўта» Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта зьбіраецца набыць адразу чатыры Mercedes-Benz S 500 L для «іміджавых патрэбаў». З рэспубліканскага бюджэту на гэтыя мэты выдзелена 6,5 мільярда рублёў — у эквіваленце крыху меней за 800 тысяч даляраў. Машыны вырабляюцца пад адмысловую замову ў Нямеччыне і будуць залічаныя ў распараджэньне службы эскорту.

На гэтым тле апэтыты многіх рэгіянальных начальнікаў падаюцца сьціплымі. Прыкладам, Новалукомскі райвыканкам гатовы ахвяраваць зь мясцовага бюджэту 21 тысячу даляраў на Skoda Octavia. А, прыкладам, кіраўніцтва Кобрыня на Берасьцейшчыне задавольваецца сьціплымі пазадарожнікамі «Ніва-Шэўрале», незаменнымі ва ўмовах бездарожжа. Але ў кобрыньскага дэмакратычнага актывіста Георгія Дзьмітрука ёсьць прапановы, як яшчэ больш наблізіць «слугаў народу» да тых, каму яны служаць:

Георгі Дзьмітрук
Георгі Дзьмітрук
«Рэальныя зьмены ў краіне будуць тады, калі чыноўнікі пачнуць езьдзіць на працу на роварах. З аднаго боку, гэта, несумненна, добра для бюджэту, зь іншага — добра як для здароўя, так і для папулярызацыі імя самога чыноўніка. Мая прапанова — перасесьці чыноўнікам на ровары. Можна нават на добрыя эўрапейскія. Прыкладам, наш мэр жыве ў самым цэнтры гораду, у паркавай зоне, яму да працы — 3 хвіліны пешшу ці павольным бегам. Таму Кобрынь — добры прыклад для ўкараненьня такога досьведу. Альбо яшчэ адзін варыянт — перавесьці вышэйшых чыноўнікаў і даць ім памяшканьні для пражываньня на тэрыторыі райвыканкамаў, гарвыканкамаў, дзе цяпер вельмі шмат пустога месца. Зноў жа, на вопыце Кобрыня: раней, яшчэ за савецкім часам, улада займала маленькі 2-павярховы будынак. Потым да яго прыбудавалі яшчэ адзін такі ж 2-павярховік. А нядаўна дадаткова ўзьвялі яшчэ 4-павярховы гмах. І калі горад разьвіваецца павольна, то будынкі, неабходныя выканаўчай уладзе для ўласнага функцыянаваньня, растуць апераджальнымі тэмпамі».

Крыху больш за 10 гадоў таму, на пачатку 2002-га, раённыя выканаўчыя камітэты цэнтралізавана атрымалі навюткія аўтамабілі «Мэрсэдэс 180». Гэта быў аванс падначаленай вэртыкалі ад Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта. Але за прамінулы час не зусім яшчэ старыя машыны з выканкамаўскіх падворкаў кудысьці пазьнікалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG