Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка будзе лятаць на сэканд-хэндзе?


Прэс-служба прэзыдэнта і нацыянальная авіякампанія «Белавія» не камэнтуюць інфармацыю пра куплю Беларусьсю самалёта Boeing-767-300ER былога прэзыдэнта Туркмэністану Сапармурата Ніязава.

У прэс-службе «Белавія» БелаПАН паведамілі, што парк грамадзянскай авіяцыі кампаніі не папаўняўся, а даваць камэнтары наконт прэзыдэнцкага самалёта ня могуць, бо займаюцца «выключна абслугоўваньнем цывільных самалётаў».

Кіраўнік прэс-службы прэзыдэнта Беларусі Павал Лёгкі сказаў БелаПАН, што ня можа камэнтаваць гэтую інфармацыю, «бо прэс-служба ня мае ніякага дачыненьня да дзяржзакупак».

Інфармацыю пра тое, што «Белавія» і «Turkmenistan Airlines» заключылі дамову аб продажы беларускаму боку былога самалёта Boeing-767-300ER, распаўсюдзіў 18 траўня інтэрнэт-рэсурс charter97.org са спасылкай на свае крыніцы ў беларускай авіякампаніі.

Самалёт з сэрыйным заводзкім нумарам 33968/926 раней насіў рэгістрацыйныя знакі EZ-A700 і служыў прадстаўнічым транспартам прэзыдэнта Ніязава. Пасьля яго сьмерці ў сьнежні 2006 году паветранае судна засталося ва ўрадавым авіяатрадзе Туркмэністану, аднак новы прэзыдэнт Гурбангулы Бэрдымухамэдаў на ім ня лётаў.

Дамоўленасьць пра куплю-продаж самалёта нібыта была дасягнута падчас візыту Бэрдымухамэдава ў Менск 27–28 красавіка.

Інфармацыя крыніцы пацьвердзілася і ў міжнародным авіяцыйным рэестры, дзе ёсьць наступны запіс: «Boeing 767-32K 33968 926 EW-001PB Belavia ferried 08 may 12 ASB-SAW, for VIP use ex EZ-A700». Як вынікае з запісу, самалёт прызначаны для перавозкі VIP-пэрсоны і яму прысвоеныя рэгістрацыйныя знакі EW-001PB.

Першы Лукашэнкаў «Боінг», 737-800BBJ у мадыфікацыі Business Jet, мае рэгістрацыйны знак EW-001PA, які адрозьніваецца толькі на адну літару.

Паводле сharter97.org, кошт Boeing-767-300ER на міжнародным рынку складае ад 124 да 160 мільёнаў даляраў у залежнасьці ад мадыфікацыі. Аднак «Боінг» Ніязава быў эксклюзіўна выраблены ў VIP-варыянце: у аздабленьні салёну ўжытая натуральная скура і каштоўныя пароды дрэва, а сантэхніка ў душавой і туалетах выканана з выкарыстаньнем каштоўных мэталаў і камянёў.

Акрамя таго, самалёт нябожчыка Туркмэнбашы абсталяваны ўсімі вядомымі відамі ўрадавай сувязі (у тым ліку спадарожнікавай), сыстэмай прадухіленьня паражэньня ракетамі клясу «зямля-паветра» і «паветра-паветра», а таксама парашутным рыштункам.

Па дадзеных charter97.org, цяпер куплёны самалёт перафарбоўваюць у Франкфурце-на-Майне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG