Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Збрыў вусы


Польскі прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі адбыў палову тэрміну (6 лютага). Палякі дагэтуль пад уражаньнем: выбралі вусача, а цяпер маюць бязвусага. Уся «чацьвёртая Рэч Паспалітая» гадае: чаму, навошта збрыў? Якая інтрыга для цэлага народу! Пытаньне ж: ці выбралі б, калі б быў бязвусым?

Жарты жартамі, а ўспамінаецца міжволі настырнае пытаньне з савецкай «Брыльянтавай рукі»: «Сеня, ты чаму вусы збрыў, дурык?» Няўцямны адказ: «Каму?» Жарты жартамі, а суседка Польшчы можа несьвядома мучыцца пытаньнем, толькі не прызнавацца сабе: калі нарэшце зьнікнуць з тэлевізара вусы, якімі за дваццаць год сытыя па горла? Дваццаць — дакладна, бо гаварыў часьцей за Шушкевіча ў лагодныя рыцарскія часы.


Браніслаў Камароўскі, прэзыдэнт Польшчы. Здымак з афіцыйнага сайту
Браніслаў Камароўскі, прэзыдэнт Польшчы. Здымак з афіцыйнага сайту
Ну вось шляхціц Камароўскі пазбыўся шляхецкай адметнасьці, а мужык трымаецца з усіх сілаў за свае вусы. Можа няёмка было шляхціцу з мужыком па суседзтву быць двума вусачамі амаль на ўсю навакольную Эўропу? Вельмі верагодна. Столькі каштоўнага часу тэлевізар беларусаў заняты вусамі! «Тоска смертная!», кажучы мовай начальства. Значная частка перастала ўключаць, ён з асалодаю гаворыць сам сабе: галоўнае, каб сабе падабалася, вядома.

І ўспомніш няўрокам Янку Купалу, які замацаваў у мазгах: «мужык-беларус», гэта значыцца — абавязкова вусы. Мулявін і так далей. Ці ня згодныя? Вядомы здымак: члены народнага сакратарыяту БНР, двое з пагонамі — Іван Серада і Васіль Захарка, абодва з паголенымі галовамі. Галоўнае: здаецца, зь дзевяці толькі ў Езавітава няма вусоў, прынамсі не відно. Ён адзін не глядзіць у аб’ектыў, павярнуў галаву ўбок, стаіць пасярэдзіне.
Народны Сакратарыят БНР
Народны Сакратарыят БНР


Бярэм іншы здымак. Група беларускіх палітычных дзеячоў у Празе: пяць асобаў, усе вусатыя. На наступным дзеячы БНР, іх гэтым разам восем, да адзінага з вусамі! Але праходзяць гады, гартаем далей. Прэзыдэнт БНР Васіль Захарка з паплечнікамі: зь дзевяці мужчын ужо толькі ў чатырох вусы. Здымак ранейшы, зь «белапанскай» Польшчы: Беларускі пасольскі клюб — з трынаццаці на здымку толькі тры бязвусыя.

Адным словам, хлопцы, моду на палітычную вусатасьць у нас заклалі «антысаветчыкі», «нацдэмы»! І яна, як бачым, прыжылася натрывала ў мужыцкай Беларусі, нашай, постсавецкай.

Францішак Скарына
Францішак Скарына
Што датычыць дзеячоў культурнага фронту, то й там мода гэтая існавала, прычым невядома дакладна, ці ад шляхты перанятая, ці каб ад мужыка не адрозьнівацца: і Гусоўскі (якім ён нам уяўляецца), і «першадрукар Пятра І» Скарына, і Карусь Каганец, і Мацей Бурачок.

Мода, канечне, істота капрызная. То пачалі зьнянацку парыкі калісьці надзяваць, а твары галіць цалкам, як у часы караля Саса і Панятоўскага, то зноў вусачы ўзялі ўладу ў свае рукі. Між іншым, недасьледаваная тэма: хто ў сталінскія часы меў большыя шанцы ацалець — вусачы ці бязвусыя? З аднаго боку, першыя навонкі дэманстравалі сваю любоў і ляяльнасьць, з другога — што дазволена Юпітэру, тое не дазволена, як добра вядома, быку...

Калісьці паэт Бродзкі быў уражаны: у Мехіка-сіці «кожны другі вусаты». Нашы суседзі падлічылі: кожны сёмы паляк сёньня вусаты, самая вусатая краіна ў Эўропе — ня ведаюць яны — ганарыцца ці ніякавець. Скажу яшчэ: сярод гараджанаў месцамі вусатасьць яшчэ больш распаўсюджаная. Даволі сьвежае ўражаньне з Кракаўскага прадмесьця ў Варшаве — вуліцы, дзе прэзыдэнцкі палац: міжволі падлічыў, што кожны трэці-чацьвёрты, хто трапляўся мне, быў з вусамі.

Лех Валенса
Лех Валенса
Палякі дзівяцца: былі ж і Пілсудзкі, і Валэнса, што перашкаджала? Польскім журналістам вельмі ж хацелася высьветліць прычыну бязвусасьці прэзыдэнта. Мусілі здаволіцца «неафіцыйнымі зьвесткамі», што спадар Камароўскі папросту вырашыў штосьці для сябе памяняць у 2013 годзе. Другое ўдакладненьне: сівыя вусы, як яму здавалася, «састарвалі» яго.

Ведаў бы ён, як яны могуць састарыць практычна за чатыры поўныя прэзыдэнцкія тэрміны...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG