Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра міліцыянта-самагубцу: «Загінуў на службе»


У фае Дэпартамэнту аховы на століку пастаўлены партрэт Уладзімера Міхаліка ў жалобнай рамцы, побач ляжаць два сьціплыя гвазьдзікі.
У фае Дэпартамэнту аховы на століку пастаўлены партрэт Уладзімера Міхаліка ў жалобнай рамцы, побач ляжаць два сьціплыя гвазьдзікі.

У мясцовых сродках масавай інфармацыі пра самагубства падпалкоўніка аршанскага дэпартамэнту «Ахова» Ўладзімера Міхаліка нічога не паведамілі. У самім дэпартамэнце, што месьціцца ў Воршы па вуліцы Пралетарскай, пра інцыдэнт кажуць: «Загінуў на службе».

Па вялікім рахунку, «на службе» ўсё і адбылося: падпалкоўнік Міхалік застрэліўся з табэльнай зброі ў мінулы панядзелак ранкам, проста ў працоўным кабінэце. У форме нябожчыка і адвезьлі ў морг…

У сераду 23 студзеня Ўладзімера Міхаліка пахавалі. Да ягонага дому на вуліцы Леніна сышлося шмат калегаў. Здарэньне яны не камэнтуюць.

«Крымінальнай справы па гэтым факце не распачата. Асноўная нашая вэрсія — гэта самагубства. Больш нам дадаць пакуль што няма чаго», — заявіў прэсавы сакратар Сьледчага камітэту Павал Травулька.

Павал Травулька нічога не паведамляе ні пра сям’ю загінулага міліцыянта, ні пра тое, што магло стацца матывацыяй для суіцыду.

Затое шараговыя аршанцы — ад кіроўцаў таксовак да мінакоў на вуліцы — прапануюць уласныя вэрсіі прычын самагубства.

Найчасьцей аршанцы зьвязваюць здарэньне з крымінальнай справай, заведзенай супраць аднаго з кіраўнікоў гэтага дэпартамэнту — былога намесьніка начальніка Аляксандра Галяцкага. Супраць Галяцкага распачатая крымінальная справа за злоўжываньне службовым становішчам.

«Большасьць людзей схіляецца да думкі, што нейкая сувязь паміж гэтымі падзеямі павінна існаваць. Магу сказаць, што самі супрацоўнікі дэпартамэнту, зь якімі ўдалося паразмаўляць, выглядаюць напалоханымі. Паводле іхніх зьвестак, нішто не казала пра такія падзеі. Ну, і чакаюць вялікай колькасьці праверак дадатковых», — заявіў Свабодзе мясцовы актывіст Алесь Шутаў.
Тут працаваў Уладзімер Міхалік
Тут працаваў Уладзімер Міхалік


Казьмярчак: Афіцыйныя СМІ маўчалі, пакуль інфармацыя не зьявілася ў інтэрнэце


Самым першым пра гэтае трагічнае здарэньне паведаміў мясцовы незалежны сайт orsha.eu. Рэдактар і стваральнік сайту, аршанскі актывіст Ігар Казьмярчак падкрэсьлівае, што афіцыйныя сродкі масавае інфармацыі паведамілі пра самагубства толькі пасьля таго, як зьвесткі пра гэта трапілі ў інтэрнэт зь іншых крыніцаў. Верагодна, у іншай сытуацыі гэты інцыдэнт ад землякоў проста «прыхавалі» б, бо гэта надзвычайнае здарэньне — самагубства з табельнай зброі на месцы службы, — кажа Казьмярчак.

Казьмярчак: Верагодна, Міхалік быў чалавекам Галяцкага
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:55 0:00
Наўпроставы лінк


Але гэта, паводле гутарак з жыхарамі Воршы, далёка ня першы падобны інцыдэнт. Прыкладам, пару гадоў таму, супрацоўнік міліцыі засіліўся ў прыбіральні службовага будынку. І ўвогуле, людзі кажуць, што ім пра падобныя выпадкі «знарок не паведамляюць», каб не было «хваляваньняў».

Што да апошняга выпадку суіцыду, то ў мясцовай «Аршанскай газэце» нават не было апублікавана нэкралёгу і спачуванняў родным загінулага ад калегаў. У фае Дэпартамэнту аховы на століку пастаўлены партрэт Уладзімера Міхаліка ў жалобнай рамцы, побач ляжаць два сьціплыя гвазьдзікі. Наведнікам пра здарэньне нічога не тлумачаць.

Уладзімеру Міхаліку было 40 гадоў, ён пакінуў жонку і дачку. На ягонай старонцы ў сацыяльнай сетцы odnoklassniki.ru вельмі шмат сямейных фотаздымкаў, на якіх — жыцьцярадасны мужчына сярэдніх гадоў, без усялякіх зьнешніх прыкметаў дэпрэсіі. Ёсьць фотаздымкі, дзе ён у службовай форме, падчас гарадзкіх сьвяткаваньняў…
Уладзімер Міхалік зь сям’ёй, фота з сацыяльнай сеткі
Уладзімер Міхалік зь сям’ёй, фота з сацыяльнай сеткі

Яшчэ адна дэталь, пра якую паведамілі знаёмыя загінулага: у мінулую пятніцу ён езьдзіў у камандзіроўку ў Віцебск. У суботу вечарам яго бачылі ў мясцовай рэстарацыі «Бярозка». У першы працоўны дзень гэтага тыдня Ўладзімер Міхалік застрэліўся.

Самагубства аршанскага міліцыянта — першы выпадак суіцыду сярод сілавікоў у гэтым годзе. У мінулыя ж гады меў месца шэраг такіх здарэньняў: у кастрычніку 2012 году застрэліўся афіцэр міліцыі Фрунзенскага раёну Менску, таксама летась застрэліўся былы кіраўнік раённага КДБ, падпалкоўнік Аляксандар Казак.

Годам раней застрэліліся 23-гадовы сьледчы райаддзелу міліцыі ў Бярозе і былы міліцыянт у Шчучыне.

У розныя гады стрэлам з табэльнай зброі рахункі з жыцьцём зьвялі 37-гадовы маёр міліцыі ў Бабруйску, сьледчы Менскай абласной пракуратуры, які калісьці вёў справу так званага «жывога шчыта», супрацоўнік Чыгуначнага аддзелу міліцыі ў Гомелі, супрацоўнікі міліцыі ў Магілёве, Віцебску.

У 2009 годзе суіцыдаў сярод міліцыянтаў было дзесяць выпадкаў.

Воўчак: Гэтая тэндэнцыя ня зьменшыцца, калі ў міліцыі ня будуць распачатыя рэформы


Алег Воўчак
Алег Воўчак
Сытуацыю камэнтуе былы сьледчы пракуратуры, кіраўнік праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак:

«На жаль, такія расьсьледаваньні не праводзяцца адкрыта, і мы можам толькі здагадвацца, ці там асабістая матывацыя была ў чалавека, ці гэта зьвязана з крымінальнай справай супраць ягонага напарніка. Вы ж зразумейце: гэта не цывільная структура, дзе напісаў начальніку заяву, сабраў рэчы і пайшоў. Адтуль нават сысьці цяжка, у псыхалягічным пляне. Там табе скажуць: глядзі, ты так проста адсюль ня сыдзеш, могуць што-небудзь падстроіць. Але калі ўзгадваць сваю сьледчую працу, то я не сказаў бы, што ў той час гэтак страляліся супрацоўнікі праваахоўных органаў. Ня памятаю я такога. Гэтая тэндэнцыя ня зьменшыцца і надалей, калі ў міліцыі ня будуць распачатыя рэальныя рэформы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG