Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Піць ці ня піць? Дысыдэнты ці памагатыя сьмерці?


Анатоль Астапенка
Анатоль Астапенка

На прэзэнтацыі «Сіняй кнігі беларускага алькаголіка» (Логвінаў, 2012) яе аўтар змушаны быў называцца ягонай даверанай асобай. На гэта былі дастаткова важкія прычыны. У кнізе дзейнічаюць рэальныя асобы, і не заўсёды пэўная інтэрпрэтацыя тых ці іншых падзеяў магла ім ці іхным нашчадкам спадабацца. Запрашаючы засакрэчанага аўтара ў студыю, я ня быў упэўнены, што ён пагодзіцца рассакрэціцца.

— «Сіняя кніга беларускага алькаголіка» выйшла ў сьвет пад псэўданімам Антон Кулон. У сувязі з гэтым я зьвяртаюся да свайго суразмоўцы, ці згодны ён у студыі назваць сваё сапраўднае імя?

— Згодны. Мяне завуць Анатоль Астапенка, я зьяўляся кандыдатам фізыка-матэматычных навук. Апрача таго, я займаюся паліталёгіяй, маю ступень доктара паліталёгіі МАІ. Як публіцыст я ўваходжу Саюз беларускіх пісьменьнікаў. Што да псэўданіму… Мой бацька быў настаўнікам фізыкі, і вучні празвалі яго Кулонам. Зь цягам часу і дзяцей ягоных таксама сталі так дражніць. І калі ў мяне ўзьнікла неабходнасьць выбраць псэўданім, я спыніўся на Кулоне. Да таго ж, я прадстаўляю Рух ананімных алькаголікаў, дзе прынята выступаць пад псэўданімам.

— У «Сіняй кнізе…» вы апісалі свой пакручасты жыцьцёвы шлях. Але ў ёй названыя дзясяткі рэальных асобаў, і таму напісанае вамі можа ўспрымацца неадназначна. Гэта вас не бянтэжыць?

— Без канкрэтных імёнаў мая кніга шмат страціла б, я ня здолеў бы сказаць усяго таго, што я сказаў. Многіх з герояў кнігі, маіх блізкіх сяброў, даўно няма на сьвеце. Пісьменьнікі, мастакі, навукоўцы — яны былі таленавітымі людзьмі, але ўсіх іх загубіў алькаголь. Паэт Сьцяпан Гаўрусёў пражыў 57 гадоў, пісьменьнік Міхась Стральцоў — 50, паэт Мікола Федзюковіч — 54, паэт, перакладчык «Слова пра паход Ігара» Яўген Крупенька — 54, інжынэр Валодзя Адамчык — 47, празаік Алег Шлег — 52, паэт Віктар Стрыжак — усяго 40 гадоў, напісаўшы толькі адну кніжачку паэзіі… Можа быць, я застаўся жыць, каб данесьці да людзей вестку пра іх. Больш за тое, прызнаюся, ледзь не містычнае нешта я перажыў, я адчуваў іх нябачную прысутнасьць падчас напісаньня кнігі. Быццам яны мяне падштурхоўвалі да пісаньня.

— Адзін з герояў вашай кнігі — пісьменьнік Міхась Стральцоў — асабіста для мяне клясык ва ўсіх жанрах. Шчыра кажучы, мне было непрыемна чытаць пра ягоныя запоі. Ці варта было выстаўляць напаказ гэты бок ягонага жыцьця?

— У сваёй кнізе я не выстаўляю напаказ нейкія непрыглядныя бакі жыцьця вядомых людзей. Я пішу пра частку іх жыцьця, зьвязаную з хваробай. Таму што алькагалізм — гэта ня проста грэх ці загана. Калі чалавек трапляе ў алькагольную залежнасьць, ён захворвае. А замоўчваць хваробу нельга. Калі мы будзем замоўчваць алькагалізм, то мы ад яго ніколі не пазбавімся. Я — жывы прыклад, і таму я адважыўся на гэты крок, бо вырваўся з палону алькаголю, я ведаю, як гэта зрабіць. Таму з майго боку якраз было б несумленна прамаўчаць. Дарэчы, замоўчваньне гэтай праблемы — атавізм савецкага мінулага. Паўтаруся — хваробу нельга замоўчваць, яе трэба вывучаць і змагацца зь ёю. Мы зь Міхасём Стральцовым былі блізкімі сябрамі, і нам было прыемна бавіць час разам. Не было б мяне, ён знайшоў бы другога. Не было б Стральцова, я таксама знайшоў бы кагосьці.

— Стральцоў памёр ад хваробы, выкліканай, найверагодней, алькаголем. Калі вы ўжо тады разумелі маштаб ягонай асобы, ці не было ў вас адчуваньня, што вы, выпіваючы зь ім, робіцеся як бы памагатым сьмерці?

— Гэта цяпер я ўсё асэнсоўваю і прыходжу да высновы, што мы хварэлі на алькагалізм, які і прывёў маіх сяброў да сьмерці. А тады хіба мы пра тое думалі?! Хіба думае чалавек, які садзіцца за стол, што чарка нясе сьмерць? Не. Ён проста жыве, і ў нас было проста жыцьцё. І таму тое, пра што вы пытаецеся, нікому не прыходзіла ў галаву. А сёньня я разумею трошкі больш, таму і напісаў гэтую кнігу, каб хтосьці прачытаў і зрабіў адпаведныя высновы.

— Кніга — як акт пакаяньня?

— Згодзен. Гэта споведзь, гэта акт пакаяньня — правільна.

— Як вы лічыце, чаму столькі таленавітых людзей шукалі шчасьця ў алькаголі? Прынамсі, ў той, савецкі, час?
Фактычна, нашыя сходкі-застольлі былі ня пошукамі шчасьця, а знойдзенымі асяродкамі свабоды

— Галоўная прычына — гэта тое, што таталітарная савецкая сыстэма не давала творчым людзям прасторы для разьвіцьця. Фактычна, нашыя сходкі-застольлі былі ня пошукамі шчасьця, а знойдзенымі асяродкамі свабоды, дзе можна было гаварыць пра што заўгодна. Некаторыя людзі, якія страцілі афіцыйную працу, маглі знайсьці там падтрымку. У такіх месцах, фактычна, зьбіраліся дысыдэнты, гэта быў своеасаблівы пратэст супраць савецкай сыстэмы. Можна было, вядома, пратэставаць па-іншаму, а ня толькі піць… Хачу падкрэсьліць, што традыцыя піцьця склалася менавіта ў савецкія часы. Калі ўзяць часы дарэвалюцыйныя, то ўжываньне алькаголю на сьвяты ня мела такога масавага і пачварнага характару, як за саветамі. Ужываньне алькаголю перад канцом Савецкага Саюзу перавысіла 8 літраў на душу насельніцтва. Гэта крайняя мяжа, за якою пачынаецца дэградацыя нацыі. У сёньняшняй Беларусі гэтая лічба яшчэ больш жахлівая. Па апошніх дадзеных (за 2012 год) — 15,3 літра на чалавека! Сёньня алькагольная індустрыя стаіць на непараўнальна вышэйшай ступені, чым у савецкія часы.

— Я зьбіўся, падлічваючы саматужныя напоі, якія ўжываюць героі вашай кнігі: трайны адэкалён, ласьён «Огуречный», настойка глогу ад Брынцалава… Вы сапраўды ўсё гэта пілі?

— У кнізе мною нічога ня выдумана, гэта дакумэнтальная аповесьць майго жыцьця. Пералічаныя вамі напоі — асартымэнт далёка няпоўны. Розныя кампаніі па-рознаму вырашалі праблему. А тады было нашмат складаней набыць сьпіртовыя напоі. Гэта сёньня для п’яніцаў камфортныя ўмовы. Часам гляджу на іх думаю: «Добра цяперашнім п’яніцам — ня трэба ім так мучыцца, як мы калісьці мучыліся». Але мне сумна і горка становіцца, бо сёньня стаць алькаголікам значна прасьцей. Гэта, на жаль, дзяржаўная палітыка. У нашай краіне існуе магутнае алькагольнае лобі, ёсьць гарэлачныя каралі. А ўсё псэўдазмаганьне за цьвярозы лад жыцьця, якое іншым разам дэманструюць афіцыйныя ўлады, — гэта проста несур’ёзна і сьмешна. Мы ўваходзім у дзясятку самых пітушчых краінаў сьвету. Нам трэба браць прыклад з краінаў Скандынавіі — Фінляндыі ці Швэцыі, дзе, каб купіць алькагольны напой, трэба выехаць за горад. Там пляшка гарэлкі каштуе такую суму, якую так проста ня выкладзеш з кішэні. У нас жа атаварыцца можна ў любым месцы і вельмі танна.

— У «Сіняй кнізе…» вы апісалі тыповы шлях алькаголіка. Але закончылі вы яго нетыпова. Вы — кінулі піць. Што вам дапамагло — кадаваньне, зашываньне ці нейкія іншыя спосабы?

— Пару словаў пра кадаваньне. Гэта гіпнатычнае ўзьдзеяньне на чалавека. У 1991 годзе прайшоў праз яго і я. Памятаю, як лекар Круглянскі з паўгадзіны расказваў мне пра тое, як дрэнна піць, якія кепскія наступствы бываюць ад гарэлкі, якая ўрэшце зводзіць п’янтоса ў магілу. Адзін прыём Круглянскага, скіраваны на тое, каб выклікаць агіду да выпіўкі, мне назаўсёды запомніўся. Лекар сказаў, што я сваё ўлюбёнае піва ня буду піць з гэткай прычыны: у Менск прыехалі чарнаскурыя студэнты з Афрыкі, і яны, каб нагадзіць нам, бяруць бакал піва і мочаць у ім свае вялізныя чорныя фаласы. А мы, маўляў, потым гэтае піва п’ем…

— Дапамагло?
Мне асабіста толькі царква памагла ўмацавацца, яна дала базу

— Амаль год я сапраўды ня піў. А потым агіда прапала. Закадаваны чалавек перастае ўжываць алькаголь пад страхам сьмерці. Ён жыве пад дамоклавым мечам, па-рознаму паводзіць сябе ў жыцьці, я б не сказаў, што яму лёгка жывецца. Ён знаходзіцца ў пастаянным страху. Ён сапраўды перастае ўжываць, але ад алькагалізму ён ня вылечваецца. Залежнасьць у яго засталася, ён проста чакае моманту, калі яму можна будзе кульнуць чарку. Таму самы дзейсны спосаб з усіх, якія мне давялося на сабе апрабаваць, — гэта спосаб, які прапануецца Рухам ананімных алькаголікаў. Далучыцца да гэтага руху вельмі проста. Скажам, грамада такіх людзей зьбіраецца штодзень (апрача серады) а 18:00 у менскім Чырвоным касьцёле. Спосаб АА палягае ў тым, што мы павінны пазбавіцца ад адчуваньня сваёй выключнасьці, магутнасьці. Мы павінны, захаваўшы сваё «я», перадаручыць сваё жыцьцё Богу, і ён дапаможа. Мне асабіста толькі царква памагла ўмацавацца, яна дала базу. У ананімных алькаголікаў існуе, незалежна ад іхнай канфэсійнай прыналежнасьці, малітва, якая паўтараецца на кожным сходзе: «Госпадзе! Дай мне розуму і спакою душы прыняць тое, чаго я не магу зьмяніць. Мужнасьці — зьмяніць тое, што змагу, і мудрасьці — адрозьніць адно ад другога. Няхай споўніцца Твая воля, а не мая».

— Адносна нядаўна мы перажылі цэлае нашэьсце сьвятаў, якія ў нас традыцыйна не абыходзяцца бяз шчодрых застольляў. Што б вы параілі тым людзям, якія без пляшкі на стале сьвята не ўяўляюць? Чыя ўлюбёная песьня — «Чарка на пасашок, на марозе кажушок, а за ёю новая, чарка аглаблёвая», якая, дарэчы, зранку да вечара гучыць па дзяржтэлерадыё?

— У нашым праваслаўным прыходзе Неўпіванай Чашы (Менск, вуліца Мендзялеева, 4) існуе такая традыцыя. Раніцай 1 студзеня, мы, прыхільнікі цьвярозага ладу жыцьця, зьбіраемся і разам з айцом Дыянісіем ідзем хросным ходам па Менску. Усе сьпяць пасьля бурнай навагодняй ночы, а мы ідзем з харугвамі і малітвамі. Мы хочам, каб людзі зразумелі, што можна пражыць навагоднюю ноч, адзначыць любое сьвята без алькаголю. П’яныя застольлі — заганная традыцыя, якая нам засталася як цяжкае мінулае савецкай эпохі. Беларусам трэба адраджаць народныя традыцыі, з якімі жылі нашыя продкі гадоў 100-200 таму. Жыць трэба цьвяроза, толькі тады мы зможам адчуць смак жыцьця.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG