Вось фрагмэнт гэтага званка: “У беларускай мове ёсьць слова чэцьвер або чацьвер. Але няма формы чацьверг. Значыць, ня можа быць – па чацьвяргам. Тут трэба сказаць: шточацьвер, кожны чацьвер, але не па чацьвяргам…”
Дзякую шчыра за тэлефанаваньне. Чыстая праўда – па-беларуску нельга сказаць: па чацьвяргам. У нашай лiтаратурнай мове дамiнавала й дамiнуе форма чацьвер. Варыянт з нацiскам на першым складзе – чэцьвер – у лiтаратурным маўленьнi сустракаецца нячаста, хоць у некаторых рэгiёнах краiны гэтая форма па-ранейшаму актыўна ўжываецца. Пры скланеньнi слова чацьвер аднаўляецца гук [г]: чацьвярга, чацьвяргу, чацьвяргом. Скажам, напрыклад: у лазьню ходзiм чацьвяргом або чацьвяргамi. Час у гэтым выпадку мы выражаем, ставячы назоўнiк у творным склоне – для беларускай мовы гэта зусiм звычайна. Можам таксама сказаць, што ходзiм шточацьвер, кожны чацьвер. Некуды хадзiць, нешта рабiць можна й шточацьвярга, кожнага чацьвярга – тут ужо чацьвер стаiць у форме роднага склону. Называючы час, скарыстоўваем, натуральна, яшчэ й канструкцыю з прыназоўнiкам у: газэта выходзiць у чацьвер або ў чацьвяргi.
Завяршаючы на сёньня, запрашаю вас да ўдзелу ў “Жывой мове”. Задаць сваё пытаньне, даць прапанову вы можаце, звонячы або пiшучы нам. Менскi тэлефон – ранiцаю з 7-ай да 8-ай гадзiны – 229-22-71; адрас: 220005, Менск, п / c 111.