Уцечку перанесьлi ў беларускую мову з расiйскае – там яна дарэчы, у нас – калi толькi ўдумацца – недарэчы. Цi можам абысьцiся без уцечкi, замянiць яе заканамерным беларускiм словам? Без праблем. Тэрмiналягiчныя слоўнiкi апошнiх дзесяцi-дванаццацi гадоў падаюць з значэньнем уцечкi назоўнiкi выцек i працёк: выцек – ад дзеяслова выцякаць, працёк – ад працякаць. Называючы працэс, можна ўжываць таксама аддзеяслоўныя формы на -ньне: выцяканьне й працяканьне. Скажам: выцяканьне, працяканьне вадкасьцi або працёк, выцек вадкасьцi. Але газ, напрыклад, не выцякае й не працякае, ён выходзiць – у гэтым выпадку ўцечку лепш замянiць на слова выхад. Значыць, будзе па-беларуску ня ўцечка, а выхад газу. Увогуле, пры замене ўцечкi, ужытай у пераносным значэньнi, можам скарыстаць – залежна ад сэнсавых нюансаў – словы страта й адток. Напрыклад, страта збожжа, адток мазгоў, адток капiталу. Зрэшты, i выцек, i працёк у прынцыпе прыдатныя нам для пераносных значэньняў: трэба трохi часу на прызвычаеньне.
Карацей, можам справiцца без расiйскага слова ўцечка. Гаворым: выцяканьне вады, працёк палi-ва, выхад газу, страта току, выцек рэсурсаў, працёк iнфармацыi, адток рабочае сiлы.