Абшчына спатрэбiлася, каб назваць форму аб’яднаньня людзей, для якой характэрная калектыўная ўласнасьць на сродкi вытворчасьцi, супольная праца й самакiраваньне. Вякамi абшчына звалася па-беларуску грамадою. Нашто ж нам чужое, калi ёсьць сваё слова? Ад яго, як вядома, шмат вытворных. Называючы нешта зьвязанае з грамадою, скарыстоўваем прыметнiк грамáдавы. Скажам: грамадавая маёмасьць, грамадавая тэорыя, першабытнаграмадавы лад. Ужываем слова грамада й пры называньнi рэлiгiйнае суполкi, брацтва: гаворым, да прыкладу, хрысьцiянская грамада. Дарэчы яшчэ грамада i ў назове нiжнiх палат брытанскага й канадзкага парлямэнтаў: замест палата абшчын(аў) скажам па-беларуску: палата грамад(аў). Увогуле, не забываймася, што грамадою можна называць усякую групу людзей, а таксама групу прадметаў, прыкладам, дрэваў: грамада хлопцаў, дубоў грамада.
Поруч з грамадою маем сярод рэсурсаў мовы й назоўнiк супольня. Яго стварылi былi ў 1920-ыя беларускiя тэрмiнатворцы й прапанавалi ў ролi сынонiма да грамады. Зрэдку сёньня слова супольня можна напаткаць у тэкстах на гiстарычныя тэмы. Ёсьць ад яго й прыметнiк супольневы.
Каторага разу бачым, як лёгка можна абысьцiся ў мове без збыткоўных пазычаньняў. Яшчэ раз, запамiнаючы, паўторым: радавая грамада, сялянская грамада, хрысьцiянская грамада, грамадавая маёмасьць, палата грамад(аў) .