На пачатку мiнулага стагодзьдзя прыметнiк адмысловы ўваходзiў у лiтаратурную мову зь некалькiмi значэньнямi. У першую чаргу адмысловы – гэта ‘адметны, своеасаблiвы, арыгiнальны’: адмысловая песьня, адмысловы творца. “Рыбак быў дзядзька наш Антонi, як i работнiк, адмысловы”, – пiсаў Колас. Тут адмысловы значыць ‘выдатны, цудоўны’. Нарэшце, адмысловы як ‘спэцыяльны, прызначаны выключна для нечага цi некага’: адмысловае заданьне, адмысловыя сродкi. І ў дыялектнай мове, i ў лiтаратурнай форма адмысловы суiснавала на працягу ХХ ст. з формаю адумысловы – розьнiца ў тым, што ў апошнiм слове дзьве прыстаўкi – ад- i -у. У 1920-ыя беларускiя слоўнiкi фiксавалi ў значэньнi спэцыялiста слова адумысловец. У сучаснай мове ўжываюцца формы з адной прыстаўкаю: ён – адмысловец або адмыслоўца, яна – адмыслоўка. Поруч з прыслоўем адмыслова ў значэньнi ‘спэцыяльна’ здараецца ў сёньняшнiм маўленьнi й добрае беларускае слова адумысьля. Ёсьць у разьбiранай лексычнай групе й назоўнiк адмысловасьць – сынонiм асаблiвасьцi, адметнасьцi. Скажуць: адмысловасьць душы або адмысловасьць праекту.
Пры канцы – маленькая перасьцярога. Кожнае слова, нават найлепшае сваё, ад празьмернага ўжываньня трацiць блiск. Гаворачы па-беларуску адмысловы, адмыслова, адмысловец i адмыслоўка, не забываймася, што раз-пораз варта ўжыць заменьнiк, сынонiм, уразнастаiць сваю мову iншымi, таксама беларускiмi, словамi.