Ад зараз на месцы цяпер перасьцерагалi ў ХХ ст. шматлiкiя айчынныя аўтары. Прычына ўся ў тым, што зараз – слова з прасторы будучага часу. Беларускае зараз – знак, што нешта адбудзецца неўзабаве, хутка, па малым часе, вось-вось: зараз прыйду, зараз зраблю, зараз убачым. Можа быць i зараз iду – калi дзеяслоў цяперашняга часу ўжыты ў значэньнi будучага, калi маем на думцы, што празь якi малы час пойдзем. Натуральнае ў нашай мове прыслоўе зараз i пры паказаньнi, што нешта адбывалася, адбываецца або можа адбыцца адразу пасьля нечага: скажам, зрабiў зараз жа пасьля сьвята, як прачытаў, зараз жа напiсаў.
Як бачым, слова зараз мае тыповыя ўласныя ролi ў мове. Як, зрэшты, i прыслоўе цяпер. Нам застаецца толькi ўжываць кожнае слова на сваiм месцы. Вось напрыклад: цяпер ранiца, цяпер сьнедаем i слухаем радыё, а зараз ужо будзем зьбiрацца, зараз пойдзем з дому.