Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Разумныя людзі на бескарысныя мітынгі апазыцыі даўно ня ходзяць”


Валянцін Жданко, Менск

Якім чынам у Беларусі можа адбыцца зьмена ўлады? Сацыёлягі ўжо доўгі час фіксуюць павелічэньне колькасьці людзей, якія нэгатыўна ацэньваюць вынікі палітыкі беларускага кіраўніцтва і гатовыя галасаваць за зьмену палітычнага курсу. Чаму гэтыя грамадзкія настроі не адбіваюцца на масавасьці акцыяў апазыцыі? Ці здольныя апазыцыйныя актывісты дамагчыся посьпеху на маючых адбыцца парлямэнцкіх выбарах? Якім чынам чалавек ва ўмовах сёньняшніх беларускіх рэаліяў можа выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю, не рызыкуючы пры гэтым трапіць у міліцэйскі пастарунак? На гэтыя ды іншыя пытаньні спрабуюць адказаць нашыя слухачы.

Пачну зь ліста на гэтую тэму, які даслала Аліцыя Карпінская з Менску. Яна піша:

“Раней я вельмі перажывала за тое, што нам, беларусам, так не пашанцавала: мелі выдатны шанец аб’яднацца з Эўропай, адрадзіць нацыянальную дзяржаву, быць палітычна і эканамічна незалежныя... Але потым, пабываўшы на некалькіх апазыцыйных акцыях, пераканалася, што беларусы самі вінаватыя ў тым, што адбылося. Усе ў прыватных гутарках на кухнях скардзяцца на невыноснае жыцьцё, на тое, што ўлада вядзе краіну ў тупік. А калі даходзіць да неабходнасьці адкрыта выказаць свой пратэст — на вуліцу выходзяць адзінкі. Навошта ж тады на кагосьці скардзіцца, калі самі вінаватыя? Вас падманваюць, абіраюць, ператварылі ў жабракоў — а вы церпіце. Дык і цярпіце. І яшчэ доўга будзеце цярпець.

Разумныя людзі, якім усё гэта надакучыла, па бескарысных малалюдных мітынгах апазыцыі даўно ня ходзяць, яны проста зьяжджаюць зь Беларусі — у Штаты, Канаду, Швэцыю, Нямеччыну, Польшчу, Аўстралію. І правільна робяць. Добрай долі мы, каму сёньня за сорак, у Беларусі ўжо не дачакаемся”.

Ва ўмовах несвабоды, спадарыня Карпінская, на адкрыты пратэст адважваюцца нямногія. І гэта не спэцыфічная асаблівасьць беларусаў. Так адбываецца ў любым грамадзтве, дзе за публічнае выказваньне нязгоды з палітыкай улады чалавек рызыкуе страціць працу, трапіць у міліцэйскі пастарунак, а ўрэшце быць асуджаным на зьняволеньне альбо спагнаньне вялізнага грашовага штрафу. Згадайце, ці частымі былі праявы грамадзкага пратэсту ў былым Савецкім Саюзе ці ў краінах Усходняй Эўропы, што ўваходзілі ў так званы “сацыялістычны лягер”? І наўрад ці выпадае дакараць за гэта людзей, заклапочаных найперш тым, каб пракарміць свае сем’і.

Так, многія бачаць выйсьце ў эміграцыі ў больш заможныя краіны. Але ўвесь дзесяцімільённы народ кінуць радзіму ня можа. Ды і не такі ўжо лёгкі эмігранцкі хлеб: той, хто пачынаў жыцьцё на чужыне з нуля, добра ведае пра гэта. Дом беларусаў тут, у Беларусі, і толькі яны самі здольныя зрабіць так, каб пачуваць сябе тут годна і незалежна. Ліст ад Алега Говіна зь Нясьвіскага раёну. Слухач піша:

“Чамусьці апазыцыя ўскладае вялікія надзеі на выбары ў Палату прадстаўнікоў. Няўжо яны ня бачаць, што гэты так званы “парлямэнт” ня мае ніякай рэальнай улады? Лукашэнка зь імі ня лічыцца, любы закон можа замяніць сваім дэкрэтам. Незалежнага суду ў Беларусі няма. Навошта туды пнуцца? Апазыцыя павінна займацца зусім іншым: агітаваць людзей, хадзіць па хатах, тлумачыць, распавядаць праўду. Людзей трэба выводзіць на вуліцу, але нашыя апазыцыянэры на гэта ня здольныя. Нам трэба іншую апазыцыю — энэргічную, напорыстую, зь яркімі асобамі. А гэтую пара сьпісваць у архіў. Няхай сядзяць на печы ды пішуць мэмуары”.

Апазыцыя ў Беларусі, спадар Говін, такая як ёсьць, нейкай іншай, запасной, якая можа раптоўна аднекуль зьявіцца і замяніць цяперашнюю — не існуе. У многім яна ёсьць адлюстраваньнем самога грамадзтва, грамадзкіх настрояў (у тым ліку спадзяваньняў, страхаў ды ілюзіяў). Апазыцыю цяпер у Беларусі крытыкуюць многія і многа. Высокапастаўленыя чыноўнікі ў якасьці кпіну нават заўважаюць, што такую апазыцыю, маўляў, трэба нават аберагаць і шанаваць — настолькі яна бясьпечная і выйгрышная для ўлады. У сапраўднасьці, аднак, усё адбываецца зусім па-іншаму: ціск і перасьлед апазыцыйных актывістаў, а таксама недзяржаўных арганізацыяў і выданьняў толькі ўзмацняецца.

Што да парлямэнцкіх выбараў. Сапраўды, паўнамоцтвы і магчымасьці Палаты прадстаўнікоў у Беларусі вельмі абмежаваныя. І ўсё ж дэпутацкая трыбуна адкрывае нямала новых магчымасьцяў для палітычнай барацьбы. Некаторыя партыі настойваюць на тактыцы байкоту выбараў, але гэтая ідэя ня надта папулярная і ў грамадзтве, і сярод апазыцыі.

Кароткі ліст на тэму акцыі апазыцыі, якае мае адбыцца 24 лістапада з нагоды чарговай гадавіны рэфэрэндуму 1996 году, даслала нам менская праваабаронца Аксана Новікава. Слухачка піша:

“Я падтрымліваю Севярынца, які заклікае людзей выйсьці 24 лістапада на вуліцу. Буду яму ў гэтым усяляк садзейнічаць. Не клікаць жа нам на дапамогу грузінаў, калі на выбарах, да якіх усе так імкнуцца, мы пераможам. Таму трэба быць гатовымі і працягваць змаганьне, распачатае старэйшым пакаленьнем”.

Пра падзеі лістапада 1996 году, у выніку якіх у Беларусі па сутнасьці зьмянілася палітычная сыстэма, сёньня ўспамінаюць многія. Беларусь тады страціла ня толькі незалежны парлямэнт. Была парушаная ўся сыстэма падзелу ўлады. У тым ліку перастаў існаваць і незалежны арбітраж, які мог бы выступаць судзьдзём у спрэчках уладаў. На тэму працы Канстытуцыйнага суду нам даслаў ліст Алесь Станкевіч з Горадні. Слухач піша:

“На маю думку, вы павінны часьцей зьвяртаць увагу на дзейнасьць Канстытуцыйнага суду. Старшыня гэтага суду Васілевіч часта выступае па дзяржаўным радыё і ўсяляк абыходзіць вострыя пытаньні ў сваёй працы. Вось, напрыклад, актуальнае для многіх пытаньне — так званы “дазвольны“ штамп у пашпарце на выезд за мяжу. Канстытуцыйны суд вымушаны быў прызнаць яго незаконным, бо любы грамадзянін мае права бесьперашкодна пакідаць Беларусь і вяртацца назад. Аднак адначасова суд дазволіў Міністэрству ўнутраных справаў яшчэ тры гады зьбіраць зь людзей немалыя грошы за гэты штампік, матывуючы гэта нібыта слабой базай для кантролю за выездам. Нібы цяпер такога кантролю няма.

Ці іншае пытаньне — пра беларускую мову, дзяржаўны статус якой усяляк прыніжаецца. Чыноўнікі ўсіх рангаў адкрыта ігнаруюць беларускую мову, у дзяржаве праводзіцца татальная русіфікацыя. Сам Лукашэнка выступае па-беларуску адзін-два разы на год — і тое па паперцы. А Канстытуцыйны суд маўчыць. А наконт дзяржаўнай ідэалёгіі? У Канстытуцыі запісана, што дэмакратыя ў Беларусі ажыцьцяўляецца на аснове разнастайнасьці палітычных інстытутаў, ідэалйгіяў і поглядаў, а ідэалёгія ня можа ўсталёўвацца ў якасьці абавязковай для грамадзянаў. Дык чаму Лукашэнка ўводзіць абавязковую дзяржаўную ідэалёгію? Чаму на гэта моўчкі пазіраюць канстытуцыйныя судзьдзі?”

Палова канстытуцыйных судзьдзяў, спадар Станкевіч (у тым ліку старшыня суду) сваімі пасадамі абавязаныя Аляксандру Лукашэнку, а другая палова — асобам, якіх прэзыдэнт прызначае альбо якія ад яго залежныя. Судзьдзі могуць страціць свае пасады ў любы момант, калі таго пажадае кіраўнік дзяржавы. Ці здольныя яны ў такім разе быць незалежнымі й праігнараваць пажаданьні кіраўніка дзяржавы альбо высокапастаўленых кіраўнікоў прызыдэнцкай адміністрацыі? На маю думку, пытаньне — рытарычнае.

Увогуле, у дзяржавах, дзе рэальнага падзелу ўладаў не існуе, а ўся ўлада засяроджаная ў адных руках, патрэбы ў канстытуцыйным судзе ўвогуле няма. Для прыкладу, у Савецкім Саюзе вельмі проста абыходзіліся без такога суду — бо сама Канстытуцыя была там толькі дэкарацыяй, як і ўсе іншыя органы ўлады, апроч Палітбюро ЦК КПСС ды партыйных камітэтаў розных узроўняў. Такой жа дэкарацыяй, бачнасьцю дэмакратычнага інстытуту ёсьць сёньня ў Беларусі Канстытуцыйны суд.

На заканчэньне ліст ад нашага даўняга сябра і слухача Ільлі Копыла зь Менску. Гэтым разам спадар Копыл падзяліўся сваім асабістым горам. Ён піша:

“Прабачце, што пішу пра асабістае. Мяне напаткала вялікае гора: памерла жонка Ніна Міхайлаўна, зь якой мы пражылі 46 гадоў. Яна была маім аднадумцам. У свой час мы разам добраахвотна вялі агітацыю за абраньне народным дэпутатам СССР Аляксандра Жураўлёва. Разам са мной яна была ад пачатку да канца на легендарным мітынгу на плошчы Леніна 25 лютага 1990 году, калі Зянон Пазьняк павёў удзельнікаў мітынгу да тэлецэнтру. Яна была са мной і на многіх іншых мітынгах, дапамагала распаўсюджваць улёткі.

Ужо тады, калі была цяжка хворая, заўсёды прасіла, каб я, перш чым адаслаць чарговы ліст на Свабоду, прачытаў яго ёй. Уважліва слухала і рабіла свае папраўкі. Калі я выбіраўся на акцыі апазыцыі, казала: “Схадзі на гадзінку, толькі будзь пільны, каб не схапілі “амонаўцы”: я ж адна не выжыву. Да яе хваробы мы шмат разоў наведваліся ў Курапаты. ... Яшчэ раз прабачце, пісаць пра іншае я пакуль што не ў стане”.

Шчыра спачуваем Вам, спадар Копыл, і разам з Вамі смуткуем, што страцілі добрага і сумленнага чалавека, свайго сябра. Душэўных сілаў Вам, вытрымкі і цярпеньня, каб перажыць гэтае вялікае гора.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Галіна Вахт з эстонскага гораду Торва, Ангеліна Масюта зь Менску, Валеры Ганчарэнка зь вёскі Лётцы Віцебскага раёну, Генрых Аўцюкевіч з Гарадзенскай вобласьці, Алесь Марціновіч з Баранавічаў і Аляксандар Багданец з украінскага мястэчка Ракітна Ровенскай вобласьці.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG