Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯЕ НАЗЫВАЮЦЬ БЕЛАРУСКАЙ МАЦІ ТЭРЭЗАЙ


Ганна Соусь, Менск

Калі ўвосень распачалася вахта памяці ў Курапатах, Ірына Важнік амаль штодня прыяжджала ва ўрочышча. Дапамагала валанцёрам, чым магла, і стала для іх за гэтыя амаль сем месяцаў ледзь ня самым блізкім чалавекам.

(Важнік: ) "Мяне, вядома, хвалюе лёс Курапатаў, але ж хвалюе й лёс гэтых хлапцоў і дзяўчат, якія трымаюць вахту. Чым магу, дапамагаю. Калі хто захварэе, цягну да сябе дадому. Што ёсьць, гарбаты дам папіць, пакладу... Капапу ставіла да батарэі, грэла ўзімку. Я не магла спаць спакойна ў сваёй цёплай хаце ўзімку, усё думала, як яны там. А яны й мне дапамагаюць. Ведаюць, што ў мяне два дзіцяці, і жывем мы на адную зарплату, мужык мяне кінуў, ні капейкі не прыносіць, і маці ў мяне хворая. І яны прывозілі мне харчы. Кажуць, у нас ёсьць. Дзякуй за тое, што вы ёсьць, і мы вам дапаможам. Харчы прывозілі мне дахаты, дапамагалі сьнег узімку прыбіраць..."

Ірына раней была выхавацелькай у дзіцячым садку, але цяпер ёй даводзіцца працаваць прыбіральшчыцай — Ірына спадзяецца, што гэткім чынам яна здолее атрымаць асобную кватэру, бо жыве цяпер у камуналцы.

Дарэчы, менавіта там некалькі дзён правёў валанцёр Антось Шкурынскі, якога надоечы жорстка зьбілі невядомыя. Ірына здолела ўладкаваць яго ў шпіталь на лячэньне. Дапамагаючы людзям, Ірына Важнік нічога не патрабуе для самой сабе.

(Важнік: ) "Ратуючы іншых, ратуеш сябе. Вось цяжка, і туды трэба, і сюды, і грошы зарабляць, і я яшчэ прыбіраю хаты багаценькім. Здаецца, што ня будзе ані часу, анічога. Але ж калі падумаю пра іншых, тыды й пра сябе забываю".

Калі Ірына Важнік прыходзіць у Курапаты, звычайна яна ўзгадвае пра брата свайго бацькі, які пацярпеў ад сталінскіх рэпрэсій. Пасьля вайны яго арыштавалі толькі за тое, што меў імя Адольф, і накіравалі ў Казахстан у лягер.

Ірына Важнік часам прыяжджае ў Курапаты на ровары са старэйшай дачкой Вольгай.

(Важнік: ) "Старэйшай Вользе 12 гадоў, дык яна наагул нашая... Яна там хоча й начаваць. А малая, тры гады, а ўжо крычыць: "Жыве Беларусь!"

Калісьці сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Людміла Гразнова назвала Ірыну Важнік беларускай маці Тэрэзай, жанчынай са сьветлымі вачыма й сьветлым сэрцам. А вось як гаворыць пра сябе ў сваім вершы сама Ірына Важнік:

А я не хачу паднявольнай здавацца.
Не “граждане” мы, а свабодны народ.
Пакліча мой край за радзіму змагацца,
Пайду ў лясы адкапаць кулямёт.
А ўвечары выйду — улётку наклею,
дзе чорным па беламу, я не баюсь,
хай вечна ў душах ня гасьне надзея,
а ў сэрцы хай вечна "Жыве Беларусь!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG