Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці быў удалым выступ Прэзыдэнта Беларусі па НТВ?


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Ўладзімер Нісьцюк і палітоляг Уладзімер Падгол

(Віталь Цыганкоў: ) “19 ліпеня Аляксандар Лукашэнка выступіў на тэлеканале НТВ у праграме “Личный вклад”. Пасьля канфлікту вакол карпункту НТВ у Менску гэта выглядала як жаданьне абодвух бакоў пайсьці на пэўнае прымірэньне. Прэзыдэнт Беларусі падчас тэлепраграмы зрабіў некалькі важных заяваў, якія мы і абмяркуем сёньня.

Бадай, галоўнае, што хвалюе цяпер ня толькі аналітыкаў, але і многіх грамадзянаў Беларусі, гэта верагоднасьць працягненьня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. Сам Лукашэнка падчас жывога эфіру на НТВ зноў паўтарыў, што гэта,маўляў, будзе вырашаць народ, аднак потым сказаў такую загадкавую фразу, што “палітычных баталіяў найбліжэйшым часам у Беларусі ня прадугледжваецца”. Што, на вашую думку, гэта можа азначаць? Можа, Лукашэнка вырашыў не ісьці на трэці тэрмін альбо ён намякае, што на гэты тэрмін пройдзе без палітычных баталіяў?”

(Уладзімер Нісьцюк: ) “Увесь сьвет мае добры досьвед таго, што публічным словам Аляксандра Лукашэнкі верыць нельга. Таму мне бачыцца, што і да гэтай заявы (што палітычных баталіяў ня будзе) трэба ставіцца вельмі асьцярожна”.

(Цыганкоў: ) “То бок вы думаеце, што мэта была — проста прыцішыць пільнасьць палітычных апанэнтаў, заблытаць іх?”

(Нісьцюк: ) “Думаю так. Усім зразумела, што пытаньне свайго трэцяга тэрміну Аляксандру Лукашэнку трэба вырашаць да выбараў прэзыдэнта Расеі. Пасьля абраньня Пуціна на новы тэрмін Пуцін будзе стрымліваць спакусы Лукашэнкі на нейкія рэфэрэндумы. Аднак можа ўзьнікнуць і ня толькі ідэя рэфэрэндуму.

Да сваіх ранейшых мяккіх, “аксамітных” прагнозаў атрыманьня трэцяга тэрміну я зараз магу далучыць яшчэ адзін прагноз. Можа быць выкарыстаная яшчэ адна форма, прадугледжаная зараз Канстытуцыяй. Можа быць уключаны мэханізм “Усенароднага сходу”. Можа адбыцца сход, які “папросіць” Аляксандра Рыгоравіча застацца на трэці тэрмін, і на падставе ягонага рашэньня Палата прадстаўнікоў і Канстытуцыйны суд будуць легалізаваць магчымасьць трэцяга тэрміну”.

(Уладзімер Падгол: ) “Я цалкам згодны з вэрсіямі Нісьцюка, і дадам свае. Што меў на ўвазе Лукашэнка, гаворачы, што ня будзе баталіяў? Давайце задамо рытарычнае пытаньне: а ці былі палітычныя баталіі на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах? На мой погляд — не. І ў гэтым сэнсе, калі рэфэрэндум пойдзе згодна сцэнару апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, ніякіх боек, ніякіх баталіяў зноў ня будзе, што і меў на ўвазе Лукашэнка.

Найбліжэйшым часам будзе працягвацца націск на апазыцыю, яна будзе зьнішчацца маральна, зь лідэраў будуць фармавацца вобразы ворагаў. Да моманту пачатку рэфэрэндуму апазыцыя будзе маральна раздушаная, а яшчэ калі зачыняцца СМІ — баталіяў ня будзе”.

(Цыганкоў: ) “На гэтым выступе Лукашэнка зноў спрабаваў гуляць на савецкай настальгіі электарату. Піва, маўляў, ён п’е толькі старых рэцэптаў, як Жыгулёўскае, а вось новыя рэцэпты, узятыя на Захадзе, ня любіць. Санкт-Пецярбург ён па-ранейшаму называем Ленінградам, Масква для яго — “наш горад” і гэтак далей. Наколькі былі трапнымі гэтыя псыхалягічныя хады, наколькі яны траплялі ў электаральнуюб глебу Беларусі?”

(Падгол: ) “Па-першае, трэба патлумачыць, чаму ён гэта рабіў. Расейцы паступілі даволі хітра — яны далі яму жывы эфір, а ў другой палове эфіру раптам уключылі сюжэт, дзе проста “разьдзяўблі” Лукашэнку. І “дзяўблі” яго менавіта Пуціным, ягоным іміджам, вобразам, супрацьпастаўлялі іх. Лукашэнка быў разгублены, ён шукаў нейкіх хадоў, і чыста інтуітыўна знайшоў, што супрацьпаставіць. Таму гэтая ягоная савецкасьць — “ленінградзкасьць”, “жыгулёўскасьць”, “хакеістасьць” (хакей — гэта невыпадкова, гэта зьвязана зь перамогамі савецкага хакею, а пуцінскае дзюдо непапулярнае ў народзе) невыпадковая.

Лукашэнка ў гэты момант працаваў якраз на ірацыянальных слаях сьвядомасьці, ён ратаваў свой імідж. Я крытыкаваў ягоныя апошнія выступы, ён два месяцы правальваўся, але тут ён удала выступіў. Я лічу, што ён патрапіў на глебу, узараную расейскімі мэдыямі, якія вядуць барацьбу з алігархамі”.

(Нісьцюк: ) “Гэты выступ Лукашэнкі быў бы ўдалым, каб гэта быў трэці ці чацьверты год прэзыдэнцтва. Амаль дзесяць год людзі ў Расеі і Беларусі чуюць ад яго адно і тое ж. Таму, адрозна ад Уладзімера Падгола, я бачу, што гэтыя папулісцкія заявы ня маюць той падтрымкі, што была раней.

Мяне непакоіць, што НТВ, якое было выгнанае зь Беларусі, дало паўгадзіны жывога эфіру кіраўніку дзяржавы, які выгнаў карэспандэнцкі пункт са сваёй краіны. І мне бачыцца, што тут ідзе вялікая гульня, і прэзыдэнту Беларусі далі эфір, каб выкарыстаць Лукашэнку супраць Пуціна. І мне бачыцца, што на глебу расейскага электарату ягоныя заявы паклаліся нядрэнна. Здаецца, што гэты ход супраць Пуціна кіруецца здалёк. Ня думаю, што тут абышлося без былых кіраўнікоў НТВ — Гусінскага, Беразоўскага”.

(Цыганкоў: ) “Падчас свайго адказу на пытаньні Лукашэнка зноў ня першы раз ужо заявіў, што Беларусь выштурхоўваюць ад Расеі, што ў Маскве сядзяць ворагі інтэграцыі, якіх ён, аднак, пайменна не назваў. Якія мэты ў псыхалягічнай вайны Лукашэнкі супраць Пуціна, якую карысьць могуць прынесьці беларускаму прэзыдэнту такія дзеяньні?”

(Падгол: ) “Перад Пуціным стаіць праблема перамогі ягонай партыі “Единство” на парлямэнцкіх выбарах як падмурак для прэзыдэнцкіх выбараў. Перад Лукашэнкам стаіць праблема легітымізацыі свайго трэцяга тэрміну, якая патрабуе высокага рэйтынгу. Гэта два барацьбіты, якія сышліся ў палітычным двубоі, і каманды з абодвух бакоў выкарыстоўваюць адзін аднаго для ўзвышэньня свайго рэйтынгу.

Мы ўбачым яшчэ неверагодныя калізіі, калі падчас расейскіх парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў і левыя і правыя сыдуцца ў двубоі, абмяркоўваючы, якая мадэль патрэбная Расеі. І тут Лукашэнка — хочам мы таго ці не — зробіцца важнай фігурай са сваёй мадэльлю будаўніцтва Беларусі”.

(Нісьцюк: ) “Я ўсё ж лічу, што для Лукашэнкі галоўнай стратэгічнай мэтай застаецца ня трэці тэрмін у Беларусі, а першы тэрмін кіраваньня ў Расеі. Шмат з таго, што ён робіць, робіць з-за гэтай мэты прыйсьці ў Крэмль. Ён працуе на расейскі электарат. У Беларусі ён усё вольнае ўжо задушыў, ён не баіцца за вынікі выбараў і рэфэрэндумаў. І гэтыя паўгадзіны ён працаваў найперш на расейскі электарат. І я думаю, што на гэтым якраз можа і адбыцца ягоны палітычны сыход. Занадта вялікую планку ўзяў беларускі кіраўнік. І Расея пераадолець гэтую планку яму ня дасьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG