Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якая прычына скандалу вакол НТВ?


Валер Карбалевіч, Менск

(Валер Карбалевіч: ) “Цалкам лягічна, што вайна беларускіх уладаў супраць уласных незалежных СМІ распаўсюдзілася і на расейскія СМІ. Падчас разьвітаньня з Васілём Быкавым афіцыйны Менск пайшоў на дыпляматычны дэмарш адносна Расеі. Пратэст расейскім уладам заявілі і кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта, і міністар замежных справаў Беларусі.

Потым беларускія ўлады пайшлі на эскаляцыю канфлікту. Быў высланы зь Беларусі карэспандэнт НТВ Павал Селін, робяцца захады дзеля закрыцьця прадстаўніцтва НТВ у Беларусі.

Чым выкліканыя такія дзеяньні беларускай улады? Гэта спантанная рэакцыя на нейкія інфармацыйныя выклікі расейскіх СМІ? Ці гэта сплянаваная акцыя, якая мае нейкія далёкія мэты?”

(Віктар Марціновіч: ) “Думаю, высылка Селіна выкліканая тым, што ён дазволіў сабе парушыць нешта кшталту інфармацыйнага табу. У беларускай інфармацыйнай прасторы заўсёды было некалькі табуяваных тэмаў. Напрыклад, абвінавачаньні беларускага рэжыму ў гандлі зброяй ці лёсы зьніклых палітыкаў. Зь мінулага тыдня такой табуяванай тэмай сталі дачыненьні паміж Васілём Быкавым і ўладай, а таксама скандальныя абставіны, якімі суправаджалася ягонае пахаваньне. Нездарма Аляксандар Лукашэнка двойчы папярэдзіў расейскія СМІ, как яны “не юродствовали” на гэтую тэму. Беларускія СМІ і папярэджваць ня трэба, і так усё разумеюць. Селін гэтага папярэджаньня не паслухаўся, за што і атрымаў высылку.

Відавочна, што высылка Селіна мела моцную эмацыйную афарбоўку. Нягледзячы на тое, што цяпер ідзе чыстка эфіру і газэтнай прасторы, скандал зь Селіным да гэтых працэсаў ня меў ніякага дачыненьня. Тое, што адбываецца зь беларускім інфармацыйным ляндшафтам, гэта плянавая рэалізація нейкай стратэгічнай канцэпцыі падрыхтоўкі да рэфэрэндуму. У выпадку зь Селіным ніякай канцэпцыі не было. Лукашэнка сказаў разабрацца, МЗС і МУС разабраліся”.

(Кірыл Коктыш: ) “Я пагаджуся з спадаром Марціновічам. Ніякай стратэгіі тут ня бачна. Гэта тыповая рэакцыя, вельмі звыклая для беларускай дзяржаўнай машыны адносна СМІ ў апошнія 5–7 гадоў. Нічога новага тут няма. Гэтая акцыя не спантанная і не сплянаваная. Гэта руцінная праца дзяржаўнай машыны.

Відавочна, што той сюжэт НТВ, які стаў прычынай скандалу, быў карэктны і не абразьлівы. Ён не ўпісаўся ў тыя традыцыі, нормы, якія існуюць у Беларусі. Але сюжэт цалкам адпавядаў нормам, якія існуюць у Расеі”.

(Карбалевіч: ) “Адрозна ад маіх суразмоўцаў, у мяне трохі іншая думка на гэты конт. На мой погляд, існуюць усе прыкметы пачатку антырасейскай прапагандысцкай кампаніі. Пра гэта сьведчаць ня толькі апошнія захады беларускіх уладаў супраць расейскіх СМІ. У тым жа кірунку ідуць заявы Лукашэнкі адносна пераходу Беларусі на расейскі рубель, і больш жорсткая пазыцыя, занятая беларускім бокам, наконт “Белтрансгазу”. І цяпер падчас скандалу вакол расейскіх СМІ Беларускае тэлебачаньне адзначала, што хтосьці дырыгуе гэтай антыбеларускай кампаніяй у Маскве. То бок, гэта ўскосны удар і па Крамлю.

Як можа адрэагаваць Масква на гэтыя менскія правакацыі? Заява прадстаўніка МЗС Расеі была вельмі мяккай і дыпляматычнай. Ці азначае гэта, што Крэмль не зацікаўлены ў тым, каб разьдзьмуваць скандал?”

(Марціновіч: ) “У дачыненьнях дзьвюх краінаў заўсёды існуе некалькі ўзроўняў: эканамічны, палітычны, нарэшце — дыпляматычны. Скандалы кшталту таго, што адбыўся зь Селіным, звычайна вырашаюцца на ўзроўні дыпляматаў. Можна чакаць пашырэньня дыпляматычнай рэакцыі МЗС Расеі на канфлікт. Ня выключана, што найбліжэйшым часам зьявяцца больш жорсткія ноты. Аднак для беларускага рэжыму такая рэакцыя — нішто.

Адзіны спосаб навучыць Лукашенку паважаць правы расейскіх журналістаў — закруціць рэсурсавы вэнтыль. Але ж для гэтага беларускі рэжым павінен зрабіць нешта зусім недарэчнае. Напрыклад, зноў зьняволіць каго-небудзь з прадстаўнікоў расейскіх мэдыяў”.

(Коктыш: ) “Так, рэакцыя Масквы ня будзе жорсткай. Але прычыны гэтага не ў самім інцыдэнце. А прычына ў тым, што ў Расеі ідзе перадвыбарчая кампанія: цяпер — кампанія выбараў Дзяржаўнай думы, потым выбары прэзыдэнта. Гэта азначае, што да таго часу, пакуль ня будзе абраны прэзыдэнт, Расея не зацікаўленая ў абвастрэньні дачыненьняў зь Беларусьсю.

З канца сакавіка беларуска-расейскія стасункі выглядаюць даволі лягічна. Ня быў прэзэнтаваны канстытуцыйны акт саюзнай дзяржавы. І ўсе зрабілі выгляд, што нічога не адбылося.

Пуцін не зацікаўлены цяпер у канфрантацыі. Ён не зацікаўлены, каб аплачваць прагрэс у беларуска-расейскай інтэграцыі любою цаной. Прэзыдэнт Расеі мае час, каб пачакаць. Але ж, дарэчы, Пуцін мае добрую памяць. І ўсе тыя скандалы, якія робіць Лукашэнка, адкладваюцца ў нейкую капілку і будуць улічаныя ў пэрспэктыве расейскай дыпляматыяй. Таму Расея цяпер ня будзе рабіць ніякай эскаляцыі канфлікту, яна ў гэтым не зацікаўленая. Можна сказаць, што канфлікт адкладзены да канца сакавіка, калі Пуцін будзе пераабраны на новы прэзыдэнцкі тэрмін”.

(Карбалевіч: ) “Як і мой маскоўскі калега, я таксама лічу, што ў Масквы цяпер рукі зьвязаныя перадвыбарчай кампаніяй. Таму рэзкай рэакцыі Масквы ня будзе. А будзе толькі ціхі эканамічны ціск, у прыватнасьці, з дапамогаю цэнаў на газ. А Менск разумее, што расейскае кіраўніцтва ня можа сабе дазволіць сварыцца зь Беларусьсю падчас перадвыбарчай кампаніі і спрабуе выкарыстаць гэтую сытуацыю на сваю карысьць.

Хачу прапанаваць такую вэрсію прычынаў гэтай антырасейскай кампаніі. У пэрыяд падрыхтоўкі да рэфэрэндуму беларускія ўлады ставяць задачу нэўтралізаваць расейскія СМІ і наогул магчымыя захады Масквы неяк перашкодзіць Лукашэнку рэалізаваць свае пляны наконт трэцяга тэрміну, іх магчымасьць неяк уплываць на беларускую сытуацыю. Ці згодныя вы з такой вэрсіяй? Ці ўдасца гэтая стратэгія?”

(Марціновіч: ) “Я цалкам згодзен з гэтай вэрсіяй. Рэфэрэндум — гэта важная мэта кіраўніцтва Беларусі. Таму я лічу, што ў адносінах да расейскіх тэлеканалаў адбудзецца аксамітнае зьліквідаваньне. Заўважце, у Беларусі ўсё робіцца “аксамітна”. Тут нават калі газэту жадаюць “заткнуць”, яе не зачыняюць, а прыпыняюць выхад на тры месяцы. Калі нейкі расейскі канал турбуе Аляксандра Рыгоравіча, яго проста трансфармуюць у канал беларускі, ды так, што ўдзельнікі сацыялягічных апытанняў праз паўгоду кажуць, што ОНТ — расейскі канал. Тое ж самае будзе і з НТВ. Яно будзе ператворанае ў БелТВ ці СТВ-2. І, як мне падаецца, гэта будзе зроблена вельмі хутка”.

(Коктыш: ) “Зразумела, Лукашэнка хоча зрабіць тое, што вы сказалі, і будзе імкнуцца гэта зрабіць. І такія памкненьні нават не зьвязаныя так жорстка з рэфэрэндумам. Гэта лягічны працяг той палітыкі на ўмацаваньне кантролю над усімі падзеямі, якія адбываюцца ў Беларусі. Проста цяпер чарга дайшла і да расейскіх тэлеканалаў. Дарэчы, частка іх ужо кантралюецца Беларусьсю. Зразумела, Расея будзе супраціўляцца. Які будзе вынік, цяпер невядома. Гэтае пытаньне не закрытае.

Хацеў бы адзначыць, што Лукашэнку не ўдалося гуляць на супярэчнасьцях паміж Эўропай і Расеяй, паміж ЗША і Расеяй па беларускім пытаньні. Гэта ўжо факт”.

(Карбалевіч: ) “Я так разумею, што Масква супраць працягненьня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі. Але яна нічога цяпер ня можа зрабіць, пакуль ідзе выбарчая кампанія”.

(Коктыш: ) “Лукашэнка можа рэалізаваць свае пляны наконт рэфэрэндуму. Іншае пытаньне, што ён ня будзе прызнаны Расеяй. І калі Расея супраць, то паўстае пытаньне: а якая дзяржава прызнае гэты рэфэрэндум легітымным?

Таму, сапраўды, рэфэрэндум можа адбыцца. І ніякая ўнутраная ці зьнешняя сіла ня здолее перашкодзіць яго правесьці. Але ўзьнікае пытаньне: якая рацыя яго праводзіць? Бо калі ёсьць гарантыя, што ён ня будзе прызнаны ніводнай з суседніх краінаў, то гэта пустое.

Пуцін дакляраваў, што ён супраць любых зьменаў як расейскіх канстытуцыйных асноваў, так і канстытуцыйных асноваў у прынцыпе. Гэта ж вельмі відавочны сыгнал таго, як Расея будзе да гэтага ставіцца. Пакуль Беларусь не абвесьціла аб правядзеньні рэфэрэндуму. Таму кіраўніцтву Расеі няма ніякага рэзону гэта камэнтаваць Але на ўзроўні намёкаў усё было сказана даволі ясна і даволі цьвёрда”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, пачалося новае абвастрэньне беларуска-расейскіх дачыненьняў. Расейскае кіраўніцтва занятае ўласнымі выбарчымі кампаніямі, і Менск хоча правесьці сваю кампанію ня толькі бяз згоды Масквы, але насуперак Маскве. Скандал вакол прадстаўніцтва НТВ у Беларусі, на маю думку, адзін з пунктаў гэтага пляну. Ці ўдасца рэалізаваць гэтыя намеры — пытаньне іншае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG