Шматлікія прадпрыемствы, якія былі створаныя на базе дзяржаўнай маёмасьці, цяпер могуць страціць надзею на тое, каб прыцягнуць сур’ёзныя замежныя інвэстыцыі. Як паведаміла прадстаўніца кансультацыйнага прадпрыемства “Сыстэмнае бізнэс-кансультаваньне” Іна Шашок, ужо ёсьць канкрэтныя прыклады, калі інвэстары кідалі амаль гатовыя праекты толькі з-за таго, што на прадпрыемстве маглі ўвесьці “залатую акцыю”.
(Шашок: ) “У абласным цэнтры ў свой час дзяржаўнае прадпрыемства было ператворанае ў акцыянэрнае таварыства. І былі аформленыя інвэстыцыйныя праекты ў інвэстыцыях у вялікіх памерах. На жаль, у зьвязку з прыняцьцем гэтага ўказа № 125 у апошні момант, літаральна перад прыняцьцем інвэстар вымушаны быў адмовіцца Адзіным варыянтам ён знайшоў для сябе папросту стварэньне новага замежнага прадпрыемства”.
Згодна з указам № 125, які выйшаў на мінулым тыдні, цяпер “залатую акцыю” можна ўводзіць нават на тых прадпрыемствах, дзе на сёньняшні дзень дзяржаўнай уласнасьці няма. Дэпутат Васіль Хрол лічыць, што гэтая норма зусім не палепшыць беларускі інвэстыцыйны клімат. На думку заканадаўца, гэта можна назваць “камуністычным фундамэнталізмам”.
(Хрол: ) “Калі з такой лёгікай мы й надалей будзем ажыцьцяўляць рэгуляваньне эканамічнага разьвіцьця ў Рэспубліцы Беларусь, то з улікам таго, што ў нас вельмі складаная дэмаграфічная сытуацыя, можна ўводзіць права “залатой акцыі” ў сям’і. Ня можаш ты нарадзіць трох абаронцаў радзімы – прыйдзе прадстаўнік дзяржавы й табе ў сям’і дапаможа”.
На думку Кляўса Баера, дырэктара Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру, кожная дзяржава сама вызначае, якім павінен быць ейны інвэстыцыйны клімат. Таму ў тым, што беларускія ўлады ўвесь час дэкляруюць і ў тым, якія дакумэнты прыймаюць, ёсьць вялікае супярэчаньне.
(Баер: ) “Калі вы маеце залучаць сюды інвэстараў, то пастарайцеся паставіць сябе на іхнае месца. І першае пытаньне, на якое вы мусіце адказаць, калі вы сталі на месца інвэстара: навошта мне сюды інвэставаць, і чаму ня ў іншыя краіны? І калі вы адкажаце на гэтае пытаньне, то перад вамі адразу адкрыецца праграма стымуляваньня інвэстыцыйнай актыўнасьці. Патрэбная праграма падтрымкі замежных інвэстыцыяў”.
Летась Беларусь залучыла замежных інвэстыцыяў на 1,3 мільярды даляраў. Палова зь іх – наўпростыя інвэстыцыі. Паводле ж прагнозаў эканамістаў, краіне трэба агулам ня меней за 15 мільярдаў даляраў у год, каб цалкам абнавіць зношаныя асноўныя фонды прадпрыемстваў.