“Сталинская молодёжь”, 1953 год, “Будаўніцтва паліграфічнага камбінату ў Менску”:
“Ён узводзіцца ля Камароўскага пляцу, які ў бліжэйшыя 2-3 гады будзе істотна пашыраны, азяленены і ператворыцца ў прыгожы пляц сталіцы рэспублікі. У цяперашні час на будаўнічай пляцоўцы вядуцца земляныя працы, пачалася закладка фундамэнта вытворчага корпусу, хутка пачнуць класьці сьцены. Галоўны фасад камбінату, які выйдзе на праспэкт імя Сталіна, будзе аформлены мастацкай ляпнінаю. Цэнтар чатырохпавярховага будынку ўвянчае высотная вежа. Побач з вытворчым корпусам для рабочых і інжынэрна-тэхнічных работнікаў камбінату будуюць чатыры шматпавярховыя жылыя дамы, паліграфісты атрымаюць 240 добраўпарадкаваных кватэраў. Камбінат будзе пушчаны ў 1955 годзе”.
Шклоўская раённая газэта “Ударны фронт”, 1993 год, у падборцы “Кароткая інфармацыя”:
“У сувязі зь мяркуемым увядзеньнем свабодных цэн на асноўныя прадукты харчаваньня і падвышэньнем тарыфаў на камунальныя паслугі прэзыдыюм Савета фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі ўнёс у Савет Міністраў шэраг прапановаў, накіраваных на зьмякчэньне цэнавага ўдару. Аднак гэтыя захады падтрымкі з боку ўраду не атрымалі. Прафсаюзы зьвяртаюцца да Вярхоўнага Савету, да народных абраньнікаў з заклікам не дапусьціць далейшага падзеньня жыцьцёвага ўзроўню людзей. Калі ж рашэньне пра падвышэньне цэнаў усё ж будзе прынятае насуперак меркаваньняў прафсаюзаў, Фэдэрацыя пакідае за сабой права правесьці акцыі пратэсту ў рамках дзейнага заканадаўства”.
“Народная газета”, 1993 год, ліст пад загалоўкам “Крыжа на іх няма!”:
“У мяне прапала дачка 1 верасьня 1992 году. Ва ўсіх цывілізаваных і нават у найбольш “недэмакратычных” краінах дзяржава стаіць на варце інтарэсаў уласных грамадзянаў, адразу пачынае шукаць зьніклых людзей. Дачку скрала адна з антычалавечых сэктаў гэтак званага “вялікага белага брацтва”… Пра гэта я напісаў на імя старшыні Вярхоўнага Савету яшчэ 9 сьнежня 1992 году, але мой ліст быў скіраваны ў праваахоўныя органы, і з нас там проста пасьмяяліся: падумаеш, пагуляе і вернецца! Колькі можна зьдзеквацца над уласнымі грамадзянамі? Пра якую праўную і дэмакратычную дзяржаву вы гаворыце на сэсіі? Спусьціцеся на зямлю, паважаныя дэпутаты, і дапамажыце адшукаць зьніклую Высоцкую Вольгу Аляксандраўну. З павагаю і надзеяй Вера і Аляксандар Высоцкія”.