Слова “сэкс” прыйшло з кніжак. А наагул крывічы, як ніхто іншы, захавалі паганскія традыцыі і эўфэмізмамі не карысталіся. Казалі катэгарычна, абапіраючыся на вопыт пасівелых ад жарсьці стагодзьдзяў і на жывучую паганскую інтуіцыю: “Кожнае дыханьне любіць папіханьне”. Альбо: “Кожнаму дыханьню трэба папіханьне”. Кшчоным паганцам не па дыеце было так званае ўстрымліваньне: “Пайшоў бы ў мніхі, дык яйцы ліхі”.
Жарсьць, пал — болей літаратурнага паходжаньня, а ўсё гэта, калі выгукалася: “Ой, забрала, забрало і ножачкі забрало”, называлася нецярпліва каротка — юр. “Як заюрыць, дык і пад хвастом гарыць”. Значэньня ня мае — ці хлопцу, ці бугаю. Пра спрытнага і здатнага ў гэтым клопаце казалі: “Да работанькі — анінютанькі, а да …батанькі — ах, мае матанькі”. Калі што марнавалася, казалі: “Як у п...дзе згарэла”.
Пра вечны ражон і вабную патэленьку знаходзіліся ласкавыя формы словаў. Замест “нічога” ўжывалі слова “ніх…ютанькі”, ці прыцмоквалі: “Ой, прыгожанька глядзець, як пі...дзюленька ідзець”.
На ўсё адпаведна былі стандарты ці, кажучы па-эсэсэраўску, госты. Пра важкі мужчынскі струмант казалася: “У яго ўручча — нападоймішча”. Даўжыня таксама мела свае вымярэньні: два кархі й два пальцы ды, як валуны, яйцы (корх — мера на шырыню далані). Галоўнае, каб было куды й было чым. Падспудна ў шчырых працаўнікоў жыла зайздрасьць да жарабцоўскага молата. Адсюль і канкрэтна-абстрактная мера: ігага да самага птру… Фалічны клопат маюць і застольныя й падпольныя зычэньні: “Каб да сьмерці і х… стаяў! Каб грошы стогам, а х… Рогам!”
Дый маладзіца мусіць быць мажной, а не такою, якую можа вецер зьдзьмухнуць: “Дзесяціна саду й млын ззаду”. Бо павінна пяцёх на ільдзіне сагрэць. Праўда, калі пытаньня ня стаяла, тады суцяшалі самі сябе: “Не да ...блі, калі рукі пакрэплі”. І пра такую, якая дужа заелася, усьміхаліся — яна ўжо х... за мяса ня лічыць. “Сісі — па місі”, “Сіські, як бічоўкі, п...ды, як начоўкі” (бічоўка — ударная частка цэпа, якая малоціць).
Аратайныя вобразы. За аблокамі лунаюць тады, калі абодвум хораша. І перад пачаткам шчыраваньня працаўнік інтрыгаваў: “Я табе яшчэ ня ўсё паказаў, палавіну матузом прывязаў!” Потым, выходзячы скакаць, прыпяваў:
Кумпяччо ў маёй красулі
Сорак восем дзесяцін,
Без штаноў, адно ў кашулі
Дацямна араў адзін.
Здатны ў заляцаньнях, юрлівы называецца жыгуном. І ацэньваецца адпаведна: “Такі жыгун і ў смаляной кабылы выпрасіць, і мёрзлай сучцы ўцісьніць”. Пра нягеглага недарэмна заўважалі: “Ён вялым х...м зроблены”.
Было ж неяк, што маладзіца паспытала пана. На роспыты суседак тлумачыць: “Маладзічкі вы мае, мой жа, як нарогам, як нарогам, а пан, як пэндзэлкам, як пэндзэлкам”. Дарэчы, лічылася, што калі дзіця рабіць на гарохавінах, сукрыстым народзіцца, як амурчык.
Рэкляма мае паважаны ўзрост:
Каля рэчкі йшла
Ды пасьвіставала.
П...ду козырам нясла,
Сіські выставіла.
Такая мажніца шляхціцу, які мог толькі прасіць, а не працаваць, як нарогам, адказвалі: “Я пана кохам, як капусту з гарохам”.
Побыт шмат у чым вызначае бачаньне наўкольнага, праяўляецца ў вобразах. І шчыраваньне, якое робіць жыцьцё нязводным, дапасоўвалася да хатняга клопату:
Ой ты, мая Домна,
Прыйдзі ка мне цёмна.
Твая ступа, мой таўкач —
Будзем крупы абтаўкаць.
Зразумела, маючы добры таўкач, ніякая ступа ня ў страх.
Гэта ня жарт, што ў чужых руках ўсё большым здаецца. У чужых руках і х... з таўкач. З мройлівай зайздрасьцю пяялася:
У цыганкі хвартух новы,
А ў цыгана х... дубовы.
Хвартух новы не парвецца,
Х... дубовы не сагнецца.
І калі да некага прыставалі й падганялі:
— Ну!
— Х... гну, дуга будзіць! — чулася ў адказ, каб адчапіцца.
Лепей, калі як дуга, чым, як чарвяк.
І колькі смутку ў запытаньні: “А дзе ж тое дзелася, што ў штанах вярцелася?”
Весялейшае запытаньне:
Ці ня Бог табе даў,
Мая Настачка?
Усю ночку макаў,
Як у маслачка!
Узроставы фактар у юрлівым стараньні, як ні круці, дужа важны й важкі. Пакуль малады, ні начоўкі, ні ступа ня спыняць, не астрашаць. Па часе ўсё зьмяняецца. Гэта з вопыту пакаленьняў папеўка:
Якочацца, рагочацца,
За старога ня хочацца:
Стары хочаць і баіцца,
Каб у п...ду не ўтапіцца.
І адно шкадаваньне аб сустрэчы з такім:
Ай, такую яго маць,
Гэнага Міколку,
Я хацела яму даць,
А ў яго з іголку.
Не дапаможа й народная парада: у лыжкі ўвязаць. Па-першае складана, а па-другое, адзервяненьне пачуцьця, дый вабная патэленка дрэва не прымае.
І пра старога, а бывае, што й пра маладога кажуць: нямоглік. Ці зусім безнадзейна дакладна: слаб у яйцах. Тут ужо як у сучасным анэкдоце. Сустрэлі два мужыкі. Пытаецца адзін:
— Як жывеш?
— Слаба.
— Выходзіць, кепска.
— Ды не, выходзіць добра, заходзіць кепска.
Нямогліку, відаць, ня дасьць рады й такая парада:
І хвор Кузьма, і нядуж Кузьма,
Прывяжыце Кузьме галаву к п...дзе.
Ухвалялася толькі слабасьць у руках, калі дзьвюма ня мог мужчына свайго працаўніка сагнуць.
Групэн-сэкс ня быў у крывічоў у модзе. Гэта ўжо калгасам пахла. Крывічы па трывалай натуры сваёй гаспадары, болей аднаасобнікі, хутаранцы, а не калектыўныя засранцы. І сваім распараджаліся як хацелі, у адпаведнасьці з настроем: “Я сваю Марынку хоць пасярод рынку!” І ў выразе: “Сябры — удваіх адну кабылку ...блі”, — болей праклёпу й юрлівай фантазіі.
Адпаведна й паставы ў папіханьні былі з аратайна-атарным адценьнем:
Дай, дай, дай, дай,
Раскінь ножкі, як баран рожкі,
Хай упруцца ў небакрай
Новыя панчошкі.
Я табе іх купіў,
Для цябе залупіў.
І ўсё, што рухалася, па-свойму займалася папіханьнем.
А сініца вераб’я
Устоічку за…біла.
Гэта крылатыя. А бяскрылыя насуперак пралетарскаму пісьменьніку Горкаму, які сьцьвярджаў, што народжаны поўзаць ня можа лётаць, лёталі ў небе асалоды:
А лісіца і барсук
...баліся цераз сук,
А маленькі барсучок
Цераз маленькі сучок.
Былі ў паставах і неабмежаваная таямнічасьць: “Перагнуў церазь мяжу, а што зробіў, не скажу”.
Дый самы лірычны птах салавей даваў інструкцыю й паддаваў юру, сьпяваючы:
Цімох, Цімох,
Павёў дзяўчыну ў мох, у мох,
Паваліў, загаліў —
Торк, торк, торк, торк…
Кожны стараецца ўторкнуць, як хутчэй і як спрытней. Праўда, нэрвовы ці ня ў норму п’яны торкаў, торкаў то ў буракі, то ў моркву. З такога торканьня толку мала. Як ня лепей, калі паваліў у гурбіну ды не туды скіраваў, жыгануў у сьнег — аж зашыпела. Такі жох х…м падпаліць стог.
Вясною, калі й трэска на трэску лезе й усё, што сквярэцца, адно на адно дзярэцца, юр чуецца ня толькі ў сьпевах таго ж салаўя. І жабы, не падзяліўшы сваіх зялёных ад хаценьня вершнікаў, цьвеляцца, лаяцца, як прафэсійныя давалкі:
Кккурвва, кккурвва.
— Сама тттакккая, сама тттакккая…
І ў лясных жыхароў не заахвочвалася крывязьмяшаньне:
Ай там, на расіцы,
Прасіў заяц у лісіцы.
А лісіца не давала,
П...ду лапай закрывала.
Пра вітаміны, пра танізатары крывічы ня ведалі, дый учуць не прыслухаліся. Стравы гатаваліся й гатункаваліся дакладна:
Ад бобу захочаш ...бу,
Ад гароху будзіш ...раць троху,
Ад рыбы станіць х... дыбы.
І адмова ў ласым болей самаахвярная: зьеш х..., а рыба дорага.
Крывічы былі за такую мілосьць, каб ці х... напалам, ці п...да на дробныя цурачкі! Відаць, шкляной часам рабілася. Спагаду меў нястомны: ...баць, як воўка, прасіць, як заяц. І калі слаба палілася ў печы, кепліва заўважалі: “Тапленьне, як кашынае ...бленьне”.
Шчырая праца на ложку, ці на атаве вяла да абстрактнага мысьленьня. Толькі ў адпаведным стане льга зразумець меру: тры п...ды попелу. Ці кап...здуленьку. Болей канкрэтна: заробіў аб х... вушы.
З калыскі хлопчыка рыхтаваі да мужчынскай працы на працяг роду людзкога. Малога падкідвалі ўгору, прыгаворваючы: “Вялік расьці дзевак басьці!” У штодзённым побыце не забываліся пра асноўны клопат. Падымаючы поўную шклянку, дбалі пра гаспадарку й тую, на якой працавалі ўночы, і тую, што ўдзень сілу забірала: “Каб жыта расло й х... стаяў!
Нават загадка пра баравік (бо ён адпаведных абрысаў) была фалічнай: “Кладуць старца ў дамавіну, х... тырчыць напалавіну?”
Сапраўдныя працаўнікі не ацяляквалі, у іх у роце мухі не ...бліся. На ўсё глядзелі неўзпагатоўна: “З голай ...ракай каля голага х... не жартуй!”
Расчуліўшыся за чаркай і скваркай, выказвалі сябру сваю вышэйшую пахвалу: “Каб я быў дзеўкай, я б табе даў”.
Вядомую песьню “Ой, пайду лугам, лугам” чулі па-свойму. Радкі “А я ляжу ды думаю, думаю, што ліхую жонку маю” пяялі: “А ляжу ды думаю, што для х... жонку маю”. Яно неяк так болей мэтаскіравана.
Кожны спэцыяліст ведае цану сабе й свайму майстэрству: “Навошта мне золата, калі ў мяне х.., як долата?” Канкрэтна на мясцовасьці вырашалася апэратыўна, што ім рабіць, ці дзяўбсьці, ці шпакляваць. Залежыла, відаць, ад стану аб’екту.
У нястомным шчыраваньні быў і свой каштарыс ці натуральная аплата за натуру: “А за крупы, а за сала п...да лупы закасала”. Ці ў залежнасьці ад акупацыйнага рэжыму: “За пуп — руб, за касмарку — марку”. Цэны, як бачым, былі памяркоўныя. Не кусаліся.
Фантазіі хапала. Малы, я зноў-такі ня мог уцяміць (дый цяпер не даходзіць), як гэта ўдавалася:
А па вуліцы мяцеліца мяцеліца мяцець
А дзед бабу за пяцеліцу вядзець.
Калі я быў блізка, пяялі захмялелыя застольнікі й такі варыянт для мяне: “А дзед бабу за патыліцу вядзець”. Усё роўна яшчэ болей нязручна.
У пашане ў крывічоў было стараньне. Што такое каханьне да заіканьня?
Пан дастане
Да пячонак пікай —
Стане пані
Радаснай заікай.
Гэта зусім ня тое, як цяпер іншы раз:
Ляжыць, як дошка,
І лесам пахне,
А ўсё чакае,
Што нехта трахне...
А ў прыгаворцы: “Няхай жывець, красуецца, пакуль на х... ня ўссунецца!” — чулася й пагроза й зайздрасьлівы ўспамін, старая маладой і гразілася, і сама ў маладыя гады вярталася. Гэта калі да дзяўчыны сваталіся багаты на грошы й з уруччам нападоймішча, яна слушна вырашыла: “Хлеб годам, грошы пераводам, а х... у векаўшчыну”.
Самыя дасьціпныя, самыя іскрыстыя ў крывічоў былі й песьні й папеўкі якраз скаромныя ці па-навуковаму фалічныя:
А ў чыстым полі
Пад ябурамі
Часалі дзеўкі х... тапарамі
Яны часамі ды прымералі,
Ой, каб жа ціці, не ўкараціці.
І дзяўчаты не баяліся мужчынскае працы, абы знасалодзіцца. Малы я ня мог зразумець, што за дрэва ябур. Пазьней дайшло, што гэта спэцыйна пачуты явар. Да сёньняшняга мне, як некурцу, так і няўцямна показка: “Ён так курыць, як п...да сена есь”. Адно дайшло: “Жыць будзеш, толькі не захочаш”.
Хочацца, каб яшчэ доўга мог лячыцца па народнай крывіцкай мэдыцыне: “Жывот аб жывот пацерці й ня будзіць балець да самай сьмерці”.
Глыбокі ўзроставы сум у анэкдоце, які йдзе з даўніны. Дзед сядзіць на прызьбе. Певень гоніцца за курыцай. Дзед сыпнуў крылатаму заляцанку зярнятак. Певень спыніўся і пачаў дзяўбсьці, забыўшыся, што бег …бсьці. Дзед толькі й выгукнуў: “Гэта ж ня дай бог, каб я да такога дажыў...”
У маладыя гады ўсё пачыналася, як бы вытворчасьць, у прыватнасьці, і як Гэфэстава рамяство:
Даражэнькая мая,
У нас кузенька свая:
С…ака дзьмець, а х… куець,
П...да жару паддаець.
А як скаромяцца сэксам, пра гэта лепей могуць давесьці тэарэтыкі. А практыка, яна жывая, таму й няўлоўная, бо зьменлівая.