Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым Беларусь магла бы праславіцца ў сьвеце? Новы віленскі адрас


Сяргей Дубавец, Вільня

“Чым Беларусь магла бы праславіцца ў сьвеце?” – такое пытаньне Радыё Свабода адрасавала сваім слухачам на мінулым тыдні. На маю думку, дзеля выяўленьня сваіх патрыятычных пачуцьцяў цяжка прыдумаць нешта больш творчае і захапляльнае, чым канструяваньне славы сваёй краіны. Зь іншага боку, такое пытаньне – падставовае для любой дзяржаўнай ідэалёгіі. Кожная нацыя культывуе свае прыхільнасьці і вынаходкі, выхоўвае на іх уласных дзяцей і прапануе іх сьвету. Прадметы гонару ствараюцца зь любові да свайго і перадаюцца з пакаленьня ў пакаленьне. Скажам, шатлянцаў пазнаюць па клятчастых мужчынскіх спадніцах, расейцаў – па шапках-аблавухах, а сымбалічнага ўкраінца выяўляюць у шараварах ды яшчэ з асяледцам на лысай галаве...

Часам правільны выбар прадмету нацыянальнае славы можа служыць захаваньню нацыі ў неспрыяльных умовах праз доўгі час. Да прыкладу, літоўскі баскетбол. Іншы раз думаецца, ці ня гэты культ дазволіў літоўцам перажыць савецкі пэрыяд і захаваць сваю нацыянальную годнасьць? У 1939 годзе ў Коўне, тагачаснай сталіцы буржуазнай Літвы адбыўся баскетбольны чэмпіянат Эўропы, на якім літоўскія спартоўцы перамаглі. Гэткі посьпех яны здолелі паўтарыць толькі сёлета, калі зноў, больш чым праз 60 гадоў, сталі першымі ў Эўропе. Але ўсе гэтыя 60 гадоў нацыя літаральна жыла баскетболам і сваёй дасавецкай славай. У краіне цяжка знайсьці вясковы ці гарадзкі двор, дзе не было б шчытка з кальцом для ўлюбёнай гульні.

Наагул жа самыя плённыя і трывалыя нацыянальныя брэнды бяруцца з прыроды, этнаграфіі і гісторыі краю. Абавязковая ўмова – яны павінны стварацца зь любові, зь вялікага патрыятычнага пачуцьця, а не з катастрофаў ці дыктатураў. Бо дабро і ёсьць, як правіла, рукатворнае, а зло прыхадзіць звычайна міма нашае волі.

Трэба сказаць, што тэма беларускае славы ў сьвеце ня першы раз уздымаецца ў “Вострай Браме”. Мы нібы толькі пачынаем, толькі “абкатваем” тое, чым магла б стаць прывабнаю наша краіна. З колішніх прапановаў пералічу толькі некаторыя. Беларуская партызанка – ня толькі з апошняй вайны, але здавён, з часоў Вялікага Княства Літоўскага, да легендарнага Дзеда Талаша. Калі ўлічыць, што партызан, паводле мастака Артура Клінава, гэта “несыстэмны герой”, дык рамантыка і побыт беларускіх партызан, так блізкія нашаму народу, маглі б стаць і славаю краіны і тэмаю турыстычных маршрутаў. Дарэчы, той самы Клінаў прапанаваў эстэтызаваць таксама беларускага ваўкалака – пэрсанажа народнае міталёгіі і гісторыі – калі згадаць полацкага князя Ўсяслава Чарадзея, які, седзячы на кіеўскім пасадзе, абяртаўся ваўком і ўцякаў у родны Полацак, бо надта па ім сумаваў. А яшчэ – беларуская кухня, паводле адмысловай фантазіі адна з самых арыгінальных у сьвеце. А яшчэ – Чарнобыльская зона, якая за гады пасьля аварыі ператварылася ў цэлую асобную краіну ў краіне. І калі беларусам удасца ажывіць гэты край і зрабіць яго карысным, хіба гэта ня будзе славай нацыі, што пераадолела наступствы самай буйной тэхнагеннай катастрофы ў сьвеце? А яшчэ – Белавеская пушча зь яе зубрамі. А яшчэ Вільня. Вільня, якая 60 гадоў таму стала для нас Вільнюсам, тым ня менш, застаецца горадам найбольшае рукатворнае славы беларусаў. Мала, што яна як мінімум 600 гадоў была сталіцаю нашага краю, дык гэта яшчэ й горад першай беларускай кнігі, горад беларускіх архітэктараў і навукоўцаў, цэнтар паўстаньня Кастуся Каліноўскага, горад першай беларускай газэты і першай палітычнай партыі... З улікам таго, што гэта сталіца цяперашняе Літвы, зусім правамернае пытаньне – што нам рабіць зь Вільняй, з гэтай сваёй славай?

***

Перш чым паставіць гэтае пытаньне – што нам рабіць з нашай віленскай славай – згадаю, што мэмарыяльныя беларускія адрасы Вільні вылічваюцца сотнямі. І літаральна днямі да іх дадаўся яшчэ адзін забыты адрас. У зьвязку зь юбілеем паэткі Натальлі Арсеньневай наш сталы аўтар Зьміцер Бартосік знайшоў месца, куды найбольш лягічна дзеля ўшанаваньня памяці Арсеньневай прынесьці й пакласьці кветкі.

(Бартосік: ) “Натальля Арсеньнева быццам адмыслова хавала некаторыя дэталі свайго паходжаньня. Ва ўспамінах, я не кажу ўжо пра вершы, мы ня знойдзем ні імя яе маці, ні яе віленскага адраса, ні зьвестак пра радзіму сям’і. Калі б ня тыя сьціплыя аўтабіяграфічныя зьвесткі, цалкам можна было прыняць на веру, што беларуская паэтка нарадзілася ў Вільні. Аднак, што праўда, хацела тут застацца назаўжды.

Расплёў, разьмёў віхор пярэстых хмараў дым...
Дзень адпаўзае ў зьмерк вузкіх завулкаў лазам.
І вее на мяне з кутоў, з муроў рудых
сівым, як даўніна, даўно забытым сказам.

Мне чуецца ці сьмех, ці плач, ці штось яшчэ
ў сімфоніі ціхой вячорных гукаў места.
Лязом мяча Вяльля спрабуе заблішчэць,
і полымя зары Пяруна хорам песьціць.

Як тут люблю я ўсё:
чырвоны вулак брук
і залатым пяском асыпаныя дахі...
Манюся тут сваю апошнюю зару
я сустракаць,
адсюль –
пайсьці адвечным шляхам.

Ва ўспамінах паэтка згадвае свайго бацьку Аляксея Арсеньнева, які памер у Вільні ў 1926 годзе. Дадам, што сям’я была праваслаўнай. Гэтых зьвестак было дастаткова, каб адправіцца на віленскую Ліпоўку – старыя праваслаўныя могілкі паміж Вострай Брамай і Менскай шашой.

Ліпоўскія могілкі – месца, калі можна так сказаць, вельмі ўтульнае для вечнага спачыну. Узгоркі, парослыя векавымі дрэвамі, у нізінах акуратныя сьцежкі. На самай высокай гары пануе невялікая але вельмі зграбная ратонда. Храм Эўфрасіньні Полацкай. Сярод багатых чорнамармуровых надмагільляў расейскага чынавенства і сьціплых крыжоў тутэйшага люду, вока парадвалі некалькі помнікаў зь беларускімі надпісамі. Рэха міжваеннай Вільні. Але магіла Арсеньневых нідзе не сустракалася.

Дагараюць, таюць сьвечкі ліпаў... Восень.
Кроплі воску – лісьце – ўслалі мох.
Хоць тугі ў госьці мы ня просім,
тут яна... і тужыцца само.
Зараз зноў рудое зрэб'е змроку
лістапад пачне вакол сьпяліць,
зноў успомнім мы (не зьняць урокаў)
змагароў, што зьлеглі у зямлі.

Па дапамогу я зьвярнуўся да настаяцеля царквы, айца Ўладзімера. Сьвятар, дарэчы, беларус з Мастоў, да маёй справы паставіўся вельмі паважна. І адклаўшы свае гаспадарчыя клопаты, адшукаў старыя кнігі з вопісам міжваенных пахаваньняў. Праглядаючы разам старонку за старонкай, мы, у разьдзеле, прысьвечаным 24-му ўчастку, неўзабаве знайшлі наступны запіс. “Алексей Арсеньев, 1926 год, Надежда Арсеньева, 1913 год”. Побач давалася апісаньне магілы. “Камень, высокі мармуровы крыж, жалезная агароджа”. Невядома, праўда, было – хто гэтая жанчына. Надзея. Калі гэта маці, дык 13 год – памылка, бо маці Натальлі Арсеньневай памерла ў 39-м, пра што піша сама паэтка. А калі дата сьмерці сапраўдная?.. Можа быць – бабка паэткі?

Яшчэ загадка заключалася ў тым, што ўчасткі з тых часоў даўно зьмянілі як нумарацыю, так і канфігурацыю. Але айцец Уладзімер загарэўся маёй ідэяй. Праз колькі хвілінаў перада мною ляжаў стары, дарэвалюцыйны плян Ліпоўскіх могілак. Зь якога вынікала, што ўчастак 24 знаходзіцца недзе паміж Лысаю гарой і Шкаплернай вуліцай. Сёньня гэта вуліца Дзуку. Захапіўшы з сабою той могілкавы фаліянт, сьвятар вырашыў асабіста паўдзельнічаць у пошуку магілы.

Ціха восень да ймшы пахавальнай
жаўтатканы дыван расьсьцілае
на дне ціхай, вільготнай лагчыны.
Ціха восень да ймшы пахавальнай
Паліць жоўтыя сьвечкі у гаі –
Ўсё бярозкі малыя, асіны…
Сіняй хваляй клубяцца туманы
І прывідным, пахучым кадзілам
Спавіваюць пажоўклыя дрэвы…
Сумнай песьняй, няўхопнай а знанай,
Песьняй-жальбай забытых магілаў
Лес заводзіць, пануры, зжаўцелы…

Недзе каля гадзіны мы з айцом Уладзімерам абыходзілі той колішні 24-ты ўчастак. Я, прызнацца, ужо згубіў надзею. Бо занадта шмат на тым старым участку было магілаў, пазначаных другой паловаю мінулага стагодзьдзя. Былі нават нейкія Арсеньневы. Пахаваныя ў 1970-х гадах. Але сьвятар абнадзеіў тым, што нават калі самая магіла не захавалася, дык месца яе ўсё адно высьветліць удасца. Бо складальнік той кнігі натаваў усё, ідучы роўненька па радах, магіла за магілай. І арыенціраў пакінуў дастаткова. І сапраўды, праз колькі часу мы пабачылі магілу Марыі Рыбнікавай, а побач магілы сям'і Дзехцеравых. Згодна з кнігай, побач павінна была быць агароджа арсеньнеўскага могільніку. І вось ён, зарослы травою грудок і камень пры самай сьцяжыне. На камені – сьлед ад крыжа, шыльда таксама сарваная. Але сумневаў у нас было”.

(Сьвятар: ) “Арсеньева Надежда і Алексій. Год захороненія 1913, Алексея – 1926-й. І што на гэтым месцы пахаваньня – камень, плюс высокі мармуровы крыж, жалезная агароджа. Ну вось. Захавалася што? Захаваўся толькі камень. І бачна, што крыж тут быў. Месца для крыжа ёсьць, месца для шыльды ёсьць. Але крыжа і шыльды ўжо няма. І агароджы няма”.

Зацерлі золь, слата
няўзнак
імёны, год.
Із наспай роўнае ўзьнялося пустазельле.
Ды запыні, спытай абы-каго.
"Жывыя, – скажа ён, – хай целы і сатлелі!"
Крыжы стаяць, няхай пакленчылі яны.
Ці ж лёгка несьці год важкіх і чорных ношу?
Не ў памяць пэўна, пэўна, й ім, каго тут скон спыніў,
ні колькі іх зьлягло, вясёлых і харошых...
Ці йшлі яны у бой ізь песьняй маладой,
Ці доўга несьлі боль, аж палі гэтта ніцма,
Ці на Дзяды мядзяныя, увосені, зь бядой
Прыходзіць хто па іх паплакаць, памаліцца?

(Бартосік: ) “Айцец Уладзімер пайшоў па сваіх справах, а я застаўся каля сямейнай магілы Арсеньневых. Той самай, дзе, павярніся гісторыя па іншаму, магла б знайсьці свой спачын і паэтка. Гэта значыць, зьявіўся яшчэ адзін віленскі адрас. І тым, каму дарагая творчасьць Натальлі Арсеньневай, ёсьць куды прыйсьці, каб пакласьці кветкі”.

(Дубавец: ) “Зьміцер Бартосік знайшоў у Вільні яшчэ адзін беларускі адрас – аб’ект паломніцтва аматараў айчыннай паэзіі. Натальля Арсеньнева большую частку жыцьця пражыла за акіянам, а з тых адрасоў, што засталіся пасьля яе ў нашых краях, самы надзейны і блізкі гэты – магіла яе бацькоў на Ліпоўцы ў Вільні.”

***

Стварэньне новых дзяржаўных ідэалёгіяў у постсавецкіх краінах паўсюль зьвязанае зь перапісваньнем гісторыі. Чаму? Бо дзяржаўная ідэалёгія патрабуе простай, аднаступеннай лёгікі. Гісторыя Беларусі – гэта гісторыя нашай краіны Беларусі. Гэта ўсё адбывалася тут і ўсе нашы нацыянальныя дасягненьні праз усе дзясяць вякоў рабіліся тут. Чаму калыска нашага народу – Кіеўская Русь – знаходзіцца ва Ўкраіне? Чаму Скарына друкаваў кнігі ў сталіцы Літвы? – растлумачыць гэта ў падручніку для першаклясьніка няпроста. Як і тое, што наш Мікола Гусоўскі пісаў на лаціне, альбо што наш Статут пад рэдакцыяй Льва Сапегі быў статутам Вялікага Княства Літоўскага. У школьніка зь першага ўроку і на ўсё жыцьцё мусіць быць непасрэдная сувязь з аб’ектамі ягонага нацыянальнага гонару. Вось чаму кожная ідэалёгія перапісвае гісторыю па-свойму. Скажам, пасяляе музэй беларускага кнігадрукаваньня ў Полацку, які ў пляне гісторыі кнігадрукаваньня нічым не адметны, у згадках пра Гусоўскага радок “пераклад з лаціны” апускае, а кажучы пра Статут ВКЛ – пісаную па-беларуску першую ў Эўропе канстытуцыю – адносіць да Старабеларускай дзяржавы.

Праўда, прыведзеныя прыклады беларускае ідэалягізацыі – гэта не дзяржаўная палітыка, а толькі прыватныя ініцыяцыі нашых папулярызатараў. Дзяржава да перапісваньня гісторыі яшчэ не дайшла, калі не лічыць новы гістарычны падручнік для ВНУ – эклектычны і памфлетны, які ня выканае сваёй ролі, бо ігнаруе асноўнае правіла – у падмурку ідэалёгіі павінен ляжаць прыгожы гістарычны міт, а зусім ня сварка з нацыяналістамі.

Нашыя суседзі ў справе перапісваньня гісторыі прасунуліся нашмат далей. Скажам, літоўцы першую сталіцу ВКЛ перанесьлі з Наваградка ў Кернаве, на сучасную літоўскую тэрыторыю. Матывацыя тая самая – а як растлумачыць школьніку, што вялікі князь Міндоўг (Міндаўгас, па-літоўску) каранаваўся ў Беларусі? Пры тым, што дзень каранацыі – 6 ліпеня – сёньня ў Літве – галоўнае дзяржаўнае сьвята, наш Наваградак, куды й ня зьезьдзіш бязь візы, страшэнна ўскладняў сытуацыю. Таму выбралі Кернаве – мястэчка за 20 км ад Вільні – і ператварылі яго ў аб’ект турыстычнага паломніцтва.

Яшчэ большы крок у справе перапісваньня гісторыі зрабіла сёлета Расея. Паколькі Кіеў апынуўся за межамі краіны і ў руках іншае нацыі, на канцэпцыі Кіеўскай Русі вырашана было паставіць крыж. Як гэта так? – спытаецеся вы, згадваючы школьныя байкі пра калыску трох славянскіх народаў. А так. Для Расеі тая канцэпцыя, прыдуманая ў часы падзелаў Рэчы Паспалітай як апраўданьне палітыкі Кацярыны ІІ на далучаных беларускіх і ўкраінскіх землях, страціла актуальнасьць.

Кіева як калыскі больш няма. І вядомы са школы кіеўскі князь Уладзімер “красно солнышко”, які на вачох полацкага князя Рагвалода згвалціў ягоную дачку Рагнеду, а пасьля на вачох Рагнеды забіў Рагвалода, цяпер – кіеўскі князь Володымыр.

Вырашылі так старэйшыя расейскія браты і не спыталіся ў сваіх малодшых братоў-беларусаў, у якіх у падручніках Кіеўская Русь так і застаецца пачаткам-пачаткаў усёй гісторыі. Як тыя расейцы кажуць, “дружба дружбай, а табачок врозь”.

Дарэчы і ў канцэпцыі новай першай сталіцы Старажытнай Русі нам, беларусам, нічога ня сьвеціць. Бо сталіцай абраная Старая Ладага пад Санкт-Пецярбургам. Сёлета Расея пампэзна адзначыла 1250-ыя ўгодкі гэтага паселішча. Госьці – прэзыдэнт краіны і патрыярх Алексі ІІ казалі пра традыцыі духоўнасьці. Дасьціпныя журналісты напісалі, што пасьля Рурыка, які некалі быў запрошаны на княжаньне ў Старую Ладагу, візыт Пуціна – гэта другі такі візыт кіраўніка краіны за ўсю гісторыю мястэчка. Указам прэзыдэнта сьвята першай сталіцы будзе цяпер адзначацца штогод. Заўважу, што нідзе ў вялікай колькасьці навуковых і турыстычных матэрыялаў пра Ладагу мне не сустрэлася слова “Кіеў” – той самы, што ў нас па-ранейшаму застаецца першай сталіцай старажытнай Русі.

Перапісваньне гісторыі набліжае аб’екты нацыянальнага гонару да паспалітага чалавека і нагадвае вяртаньне помнікаў зь нябыту. Згадайце крыж Эўфрасіні Полацкай або новую Менскую ратушу. Ня важна, што гэта ўсё навадзел – гэта можа не задавальняць спэцыялістаў, але масы народныя будуць з пашанай ставіцца да наяўных сьвятыняў і помнікаў. Адбываецца падгонка гісторыі пад сучасныя геапалітычныя рэаліі.

Дык што ўсё ж нам рабіць зь Вільняй?

Разьвіваць культ чужое сталіцы як свайго ўласнага гораду-помніка? Але Вільня, хоць і ўсяго 180 км ад Менску, ляжыць за візавай мяжой. Збудаваць Вільню ў мініятуры дзе-небудзь пад Менскам – такая практыка ўзнаўленьня ў сьвеце ёсьць? Ці можа быць, перапісаць гісторыю? Князя Вітаўта перамясьціць куды-небудзь у Ліду, Скарыну – на радзіму ў Полацак, Каліноўскага – у Горадню, першую беларускую газэту і партыю – у Менск, а першую гімназію – у Наваградак? Гэтыя пытаньні рана ці позна будзе вырашаць беларуская дзяржаўная ідэалёгія, бо гэта менавіта яе ўзроўню пытаньні. Зь іншага боку, калі б Беларусь надумалася далучыцца да аб’яднанай Эўропы, дык Вільня, як жывы музэй і падручнік беларускай гісторыі раскрываўся б беларускім наведнікам бязь візаў і бязь межаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG