Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мячэты беларускіх татараў


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае гісторык Ібрагім Канапацкі.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Шэсьць стагодзьдзяў жывуць на беларускай зямлі татары. На землях Беларусі адбылося ўнікальнае спатканьне дзьвюх культураў, іх узаемаўзбагачэньня. І сярод вынікаў гэтага ўзбагачэньня ўнікальныя помнікі дойлідзтва — мячэты, якія ва ўсе часы былі цэнтрам рэлігійнага і грамадзкага жыцьця татараў-мусульманаў”.

(Ібрагім Канапацкі: ) “Калі існаваў мячэт — існаваў народ, існавала нашая культура, якая каранямі сваімі ўрасла ў беларускую і зьяўляецца неад’емнай часткай гэтага вялікага народу, сярод якога мы жывем шэсьцьсот гадоў, дзякаваць Богу”.

(Ракіцкі: ) “Маім госьцем — дасьледнік гісторыі й культуры беларускіх татараў Ібрагім Канапацкі. Спадар Ібрагім, калі ж узьнікаюць першыя мячэты на беларускіх землях, ці лёгка іх было пабудаваць у хрысьціянскай краіне?”

(Канапацкі: ) “Першыя мячэты ў беларуска-літоўскай дзяржаве ўзьніклі яшчэ ў час Вітаўта Вялікага ў XIV ст. Прывілеі на іх будаўніцтва давалі вялікі князь альбо кароль. На тэрыторыі Віленскай япархіі патрабаваўся да ўсяго яшчэ і дазвол каталіцкага біскупа. Татары маглі будаваць толькі сьціплыя, невялікія драўляныя мячэты, бо на вялікія мураваныя ў іх не было сродкаў”.

(Ракіцкі: ) “Зрэшты, Ібрагім, ці бывалі такія выпадкі, калі татарам адмаўлялі пабудаваць мячэты? Што тады рабілі татары?”

(Канапацкі: ) “Мы, гісторыкі, не знаходзім такіх выпадкаў у тыя гады XIV ст., таму што татары прыходзілі як найміты, якія павінны несьці ваенную службу, і Вітаўт — на тое ён і быў Вялікім — разумеў месца і становішча татараў у грамадзтве, таму не было ніякіх перашкод у будаўніцтве за часам Вітаўта. Ужо пазьней, у пэрыяд контаррэфармацыі XVII ст., узьніклі такія перашкоды.

Калі ўзьнікалі нейкія пытаньні, нашыя татары зьвярталіся да сваіх апекуноў, чаму мы знаходзім пацьверджаньні, прыкладам, у турэцкай гісторыі: султан Мурад ІІІ у звароце да польскага караля Жыгімонта ІІІ у 1591 годзе прасіў апошняга “садзейнічаць у справе вольнага будаўніцтва мячэтаў у татарскіх паселішчах на Літве”.

У нас захаваўся вельмі цікавы дакумэнт, які атрымаў назву “Risale-i-Tatar-i-Lech”, рэфэрат аб становішчы татараў у Рэчы Паспалітай у XVІ ст”.

(Ракіцкі: ) “А як выглядалі гэтыя першыя мячэты? Ці моцна адрозьніваліся яны ад культавых будынкаў каталіцкіх, праваслаўных, габрэйскіх?”

(Канапацкі: ) “Драўляныя мячэты беларускіх татараў цесьляры будавалі на мясцовыя ўзоры, якія ня вельмі адрозьніваліся ад тых краявідаў, ад той рэчаіснасьці, у якой існавалі татары. Прыкладам, стары мячэт у Лукішках, вядомы сёньня нам па літаграфіі 1841 году, — тыповы ўзор мясцовага драўлянага дойлідзтва: вялікі квадратны будынак са скляпеністымі галерэямі і з калёнамі па франтоне, пакрыты стромкім конусападобным дахам са стройным маленькім мінарэтам у цэнтры.

У тым жа стылі быў пабудаваны першы мячэт у Менску (1599 г.). А вялікі мячэт у Мураўшчызьне, які захаваўся і па сёньняшні дзень, пабудаваны ў форме квадрата з ганачкам, які абапіраецца на высокія слупы, не адрозьніваўся б ад гэтата тыпу забудоў, калі б не даволі высокі мінарэт з маленькай галерэяй, які згладжвае лінію масіўнага даху.

Увогуле, мячэты ў літоўскіх татараў былі непрыкметныя, сьціплыя і бедныя. Мячэты, пабудаваныя майстрамі-габрэямі, былі блізкія сваёй архітэктурай да габрэйскіх сынагогаў (прыкладам, мячэт у Асмолаве, ад якой, на жаль, захаваўся толькі фотаздымак). Мячэт у Слоніме, які гарэў двойчы, з трыма вежамі ў выглядзе цыбулін — калька праваслаўнай царквы, што зьяўляецца несумненным вынікам уціску з боку расейскіх уладаў, якія патрабавалі, каб мячэт не адрозьніваўся ад царквы”.

(Ракіцкі: ) “Спадар Ібрагім, я неяк чытаў, што беларускія мячэты на пачатку ня мелі мінарэтаў, дык як сьвятары клікалі на малітву вернікаў?”

(Канапацкі: ) “Сапраўда, мы знаходзім у аўтара “Risale…” цьверджаньне таго, што на першым часе беларускія татары ня мелі мінарэтаў, зь якіх на мусульманскім усходзе муэдыны заклікалі вернікаў на малітву. Таму азан (заклік да малітвы) абвяшчалі пры ўваходзе ў мячэт. Дарэчы, і Менскі мячэт таксама ня меў мінарэту, і мы знаходзім фотаздымак, на якім муэдын стаіць на ганку і склікае мусульманаў на малітву”.

(Ракіцкі: ) “Давайце зараз дамо магчымасьць нашым слухачам паслухаць урывак з “Risale…”:

“Дзе-нідзе ёсьць дзіўны звычай, які заключаецца ў тым, што перад намазам (малітвай) адзін з нашых грамадзянаў абыходзіць вуліцу, гучна склікаючы ў мячэт на малітву. Я нідзе ня бачыў падобнага звычаю і пры спробе даведацца, ці практыкуюць дзе-небудзь у глыбіні Азіі такі спосаб закліку ў мусульманскія храмы, мяне аднадушна запэўнілі, што гэта супярэчыць дзеяньням самога Прарока і ня можа адбывацца ў краіне прававерных. Я думаю, што так робяць у гэтах краях таму, каб такім чынам настойлівей заклікаць усіх у храм, або затым, каб ніхто не спазьніўся, што можа часта і лёгка адбыцца ў мусульманскіх краінах, тым больш што голас муэдына ня можа даляцець на вялікія адлегласьці ў тых гарадох, дзе на кожнай вуліцы ёсьць хаця б адзін мячэт”.

Вы ўвесь час падкрэсьліваеце, што знаходжаньне мячэтаў у хрысьціянскай краіне паўплывала і на архітэктуру мячэтаў, і на абрады… А можа, і жанчынам у беларускіх мячэтах можна было прысутнічаць на набажэнствах?”

(Канапацкі: ) “Асаблівасьцю нашых татараў-мусульманаў, як і асаблівасьцю мячэтаў Беларусі, Літвы, Польшчы быў падзел унутранай прасторы ў іх на дзьве часткі: мужчынскую і жаночую. У краінах мусульманскага Ўсходу такі падзел адсутнічае. Традыцыйна там жанчыны пераважна моляцца дома. Магчыма, гэтая асаблівасьць узыходзіць да старажытных традыцый жытла нашых продкаў-кіпчакоў: “Дом татарскі ў стэпах уфімскіх быў падзелены на дзьве часткі: мужчынскую і жаночую” (С.Крычынскі).

(Ракіцкі: ) “Як выглядалі інтэр’еры беларускіх мячэтаў?”

(Канапацкі: ) “Унутранае ўбранства і сёньняшняга, і ранейшага мячэту вельмі сьціплае. Насьценнае аздабленьне дапаўнялі зьмешчаныя ў рамы пад шклом спадчынныя акты на карысьць мячэту (тастамэнты), памятныя дошкі ў гонар фундатараў. Такая мармуровая дошка была ўсталяваная ў Наваградзкім мячэту ў гонар маёра Аляксандра Асановіча, які аднавіў мячэт у 1855 годзе. Мармуровая дошка ў гонар графіні Эльвіры Аўгустаўны Замойскай была ўстаноўлена ў Іўеўскім мячэту.

Як у мужчынскай, так і ў жаночай частцы мячэту падлога была засланая кілімам. У кутку знаходзілася паліца для ахвярных пачастункаў — садагі. На сьценах іншы раз памяшчаліся пахавальныя вяночкі. Віселі мугіры — татарскія іканаграфічныя надпісы — вершы з Курана.

Сьцены і столь мячэту звычайна не шаляваліся і не фарбаваліся, сьцены маглі завешвацца посьцілкай. Белы колер успрымаўся як колер ісьціны і боскай чысьціні. Над дзьвярыма абапал нішы-міхрабу маляваліся ці вывешваліся ў спэцыяльных рамках літаграфічныя надпісы: “Алаг — Бог усёмагутны, літасьцівы, міласэрны. Няма Бога, акрамя Алага, а Мухамэд — Яго Прарок”. Такія надпісы рабіліся таксама і на сьценах, суконных пакрывалах лаваў”.

(Ракіцкі: ) “Які пэрыяд быў найбольш спрыяльны для будаўніцтва мячэтаў? Колькі, увогуле, у найбольш спрыяльныя пэрыяды было мячэтаў у Беларусі?”

(Канапацкі: ) “Самым спрыяльным пэрыядам быў пачатковы пэрыяд — пэрыяд пасяленьня татараў, калі яны былі запрошаны, як воіны. Ім даваліся прывілеі, у тым ліку у будаўніцтве мячэтаў. Мы знаходзім у аўтара “Risale…” — можа крыху перабольшана, але калі ўлічыць, што тэрыторыя Рэчы Паспалітай — вялікая тэрыторыя, дзе пражывала больш за 200 тысяч татараў-мусульман — яны мелі каля чатырохсот мячэтаў.

Праўда, у XVІІ ст. мусульмане Рэчы Паспалітай трапілі пад моцны ўціск каталіцкай царквы, калі некаторыя мячэты былі парушаныя і былі выдадзеныя забароны на будаўніцтва новых мячэтаў. Але гэта працягвалася нядоўга і прывяло да таго, што шмат татараў выехала ў Турцыю альбо навярнулася ў хрысьціянства — колькасьць татараў-мусульманаў у пачатку XVІІІ ст. зьменшылася да трыццаці тысяч чалавек”.

(Ракіцкі: ) “А калі пачалі масава разбураць мячэты? Які лёс сёньня гэтых разбураных бажніцаў?”

(Канапацкі: ) “Масава пачалі разбураць мячэты як і хрысьціянскія, і юдэйскія храмы ў 30-я гады ХХ ст. На той час на тэрыторыі савецкай Беларусі існавала чатыры мячэты: мячэт у Менску, Сьмілавічах, Узьдзе і Капылі. Лёс мячэту ў Сьмілавічах быў вырашаны ў 1930-я гады, калі былі расстраляныя ў Чэрвеньскай турме імам мячэту, ранейшы імам і яго памочнік (муэдын). Быў спалены мячэт ва Ўзьдзе, зруйнаваны ў Капылі, зачынены ў Менску.

Карыстаючыся наказамі маскоўскага кіраўніцтва, праводзілася татальнае вынішчэньне ўсяго таго, што называлася рэлігіяй. Таму да пачатку другой сусьветнай вайны захаваўся толькі адзін мячэт у Менску. Калі наступілі часы акупацыі і фашысты прыйшлі на гэтую тэрыторыю, былі адчыненыя ацалелыя храмы, у тым ліку і мячэт у Менску. Два гады вяліся набажэнствы. Але потым, калі прыйшлі савецкія войскі, ізноў пачаліся ганеньні. У 1949 годзе з прычыны нявыплаты нейкіх падаткаў быў зачынены й перададзены пад марскі клюб ДТСААФ.

У Нацыянальным архіве я знайшоў пісьмо за подпісам 163 вернікаў, якія ў верасьні 1949 году зьвярнуліся да Іосіфа Сталіна. Пісьмо дайшло да правадыра народаў, таму што сюды наляцела каманда з пытаньнямі: хто пісаў? што пісаў? А пісаў, дарэчы, як мы дакладна вызначылі, беларус Лісоўскі, які быў жанаты на татарцы і меў выдатны почырк. Але ніхто ня выдаў аўтара пісьма, як, дарэчы, і ніхто не вярнуў мячэту, прыкрыўшыся тым, што ў 30-я гады гэтае памяшканьне належала спажывецкай базе, таму вернікам аддадзена ня будзе.

Напрыканцы 80-х пачаўся працэс рэлігійнага і нацыянальнага адраджэньня і нашай меншасьці. Мы прыйшлі да таго, што ў нас захаваўся толькі адзін мячэт — у гарадзкім пасяленьні Іўе Гарадзенскай вобласьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG