Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПРАГРАМА ДОБРАЎПАРАДКАВАНЬНЯ ГОРАДУ БАРАНЬ” ПЕРАЎТВАРЫЛАСЯ Ў “ПРАГРАМУ СУСТРЭЧЫ ЛУКАШЭНКІ”


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Цяпер бараньцы назіраюць, як на ходніках сьпехам укладаюць новую плітку ды фарбуюць фасады дамоў уздоўж цэнтральнае вуліцы. Бо тут з дня на дзень чакаюць, што па ёй праедзе Аляксандар Лукашэнка.

Летась на Віцебшчыне з аб’ектам добраўпарадкаваньня была прызначаная Копысь — афіцыйная радзіма Аляксандра Лукашэнкі. Гэты факт і адыграў галоўную ролю пры разьмеркаваньні сродкаў: на добраўпарадкаваньне Копысі зь бюджэтаў розных узроўняў пайшло 8 мільярдаў рублёў, такіх грошай ніколі не атрымлівала на свае патрэбы ніводнае мястэчка на Віцебшчыне. Пацьверджаньнем таму сталася фінансаваньне добраўпарадкаваньня Барані — усяго 3,5 мільярда. Хаця Барань разы ў чатыры большая за Копысь, і колькасьць насельніцтва там складае каля 10 тысяч, тады як у Копысі — каля дзьвюх. І таму выдаткаваных грошай не хапіла нават на самыя надзённыя патрэбы бараньцаў.

Назіраючы за рэстаўрацыяй цэнтральнае вуліцы, многія бараньцы пачалі зьвяртацца ў гарвыканкам з уласнымі просьбамі пра добраўпарадкаваньне — каб адрамантавалі дах, правялі сьвятло. Згадвалі і самую галоўную праблему Барані — дрэнную якасьць пітное вады, дзе ўтрымліваецца зашмат жалеза. Жыхары спадзяваліся, што цяпер, калі ў горадзе зьявіліся грошы, можна будзе нарэшце пабудаваць адмысловую станцыю ачысткі вады, пра якую гаворыцца ўжо ня першы год. Аднак гарвыканкам перакананы што добраўпарадкаваньне — гэта зусім ня тое, пра што просяць жыхары гораду. І таму адзіны калодзеж на чатыры завулкі прыватнае забудовы ў раёне Ліпнягі давялося чысьціць тамтэйшым жахарам-пэнсіянэрам за ўласныя грошы.

(Спадарыня: ) “Наймалі, зьбіраліся па “траячцы”. Папрасілі маладых, купілі ім дзьве бутэлькі, яны нам і вычысьцілі!”

(Бабуля: ) “І яшчэ вам хачу сказаць. У нас тут усё жыцьцё стаяў слуп і гарэла сьвятло. Зьнесьлі — і мы сядзім у цемры. Ну, чаму нам зноў сьвятло не правесьці?”

(Спадар: ) “Спачатку яны казалі: “Правядзём!”, а цяпер кажуць: “Пачакайце, можа, увосень, а можа, у нас грошай няма”.

(Спадарыня: ) “У нас начальства такое — як прыйдзеш да іх, дык нават і слухаць ня хочуць. Цяпер кажуць: у нас грошы толькі на добраўпарадкаваньне гораду. А мы што, ня ў горадзе жывем? Ніхто на нас не зьвяртае ўвагі. Лукашэнка толькі балбоча, балбоча, а толку няма! Няхай бы толькі прыехаў, мы б у яго спыталі!”

Дарэчы, “прыярытэтныя” аб’екты для добраўпарадкаваньня выбіралі прадстаўнікі аблвыканкаму ды гарвыканкаму, а ніяк ня шараговыя жыхары Барані. Таму меркаваньні пра тое, што выдаткаваныя на гэта сродкі выкарыстоўваюцца няправільна, у Барані сёньня можна пачуць на кожным кроку. І таго, што грошы пайшлі пераважна на “прыхарошваньне” цэнтру Барані да прыезду Аляксандра Лукашэнкі, не хаваюць нават у тутэйшым гарсавеце. Гаворыць дэпутат Віктар Міхасёў:

(Міхасёў: ) “Вось у нас цэнтральная вуліца Аршанская, і рамонт пачалі зь яе — чакалі, што прыедзе Лукашэнка. Канечне ж, гэта ня ўсім падабаецца, што ў нас тут мяняюць плітку на ходніках, старую на новую, бо людзей перадусім хвалююць уласныя дамы, тое, што цячэ дах. Але на гэтыя рамонты, кажуць, ужо няма грошай”.

Меркавалася, што Лукашэнка завітае ў Барань яшчэ напрыканцы траўня, цяпер ягонага візыту чакаюць ужо ў чэрвені. Прычым бараньцы спадзяюцца, што Лукашэнка ня проста праедзе па вуліцы з новай брукаванкай, але наведае адзінае тут горадаўтваральнае прадпрыемства —ААТ “Лёс”. Некалі гэта быў гігант радыёэлектроннае прамысловасьці, вядомы на ўвесь СССР. А цяпер з прычыны стратнасьці адтуль скарацілі каля 5 тысяч працаўнікоў, якім даводзіцца шукаць працы па-за межамі Барані — у Воршы, у Віцебску ці нават у Расеі. Таму жыхары Барані пэўныя, што лепей было бы ўсе выдаткаваныя дзяржаўныя грошы аддаць на аднаўленьне заводу. Гаворыць дэпутат гарсавету спадар Міхасёў:

(Міхасёў: ) “Усе чакаюць, што ж прэзыдэнт прывязе з сабою — зноў толькі абяцаньні, або нейкія канкрэтныя прапановы, ці, можа, сродкі. Бо завод цяпер у бядотным стане, і выратаваць становішча могуць толькі інвэстыцыі, мусяць быць выдзеленыя сродкі на рэканструкцыю прадпрыемства ды мадэрнізацыю вытворчасьці”.

А на сёньняшні дзень фірма “Лёс” можа пахваліцца хіба сьвежа пафарбаванымі фасадамі заводзкіх будынкаў, уздоўж якіх па новым прыгожым бруку ходзіць 40% тутэйшага беспрацоўнага насельніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG